Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа берасьцейскіх мытнікаў зноў будзе разглядацца ў судзе


Алег Супрунюк, Берасьце

Берасьцейскі абласны суд адмяніў рашэньне суду Ленінскага раёну гораду, якое тычыцца справы трынаццаці мытнікаў. Усе яны абвінавачваліся ў службовых злоўжываньнях, аднак паводле судовага выраку выйшлі на волю.

Супрацоўнікаў Берасьцейскай мытні абвінавачвалі ў тым, што падчас дагляду цягніка “Варшава-Масква” ў кастрычніку 2002 году яны наўмысна не спагналі мытных пошлінаў на 144 тысячы амэрыканскіх даляраў. Суд першай інстанцыі палічыў, што найбольш сур’ёзныя абвінавачаньні супраць мытнікаў (у прыватнасьці, за арганізацыю злачыннай групоўкі) не былі даказаныя, і абвесьціў пакараньне: ад аднаго да двух гадоў пазбаўленьня волі. Паводле судовага выраку, з улікам амністыі і праведзенага ў сьледчым ізалятары тэрміну, мытнікі выйшлі на волю.

Абласны суд сёньня скасаваў гэтае рашэньне і адправіў яго на новы разгляд. Акрамя таго, некаторых мытнікаў зноў мусяць узяць пад варту. Аднак паводле неафіцыйных зьвестак, тры мытнікі ўжо зьехалі зь Берасьця, і дзе яны цяпер — невядома.
XS
SM
MD
LG