Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці падтрымаюць прадпрымальнікі аднадзённы агульнанацыянальны страйк, прызначаны на 17 чэрвеня?


Альгерд Невяроўскі, Менск Аб рашэньні правесьці агульнанацыянальны страйк заявіў 7 чэрвеня лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка. Гэтую акцыю плянуюць правесьці як пад эканамічнымі, так і пад палітычнымі лёзунгамі. “Пэрспэктыва” заклікае прадпрымальнікаў дамагацца правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў, вызваленьня Міхаіла Марыніча і недапушчэньня рэфэрэндуму пра трэці прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. А як ставяцца да страйку самі прадпрымальнікі?

Я апытаў некалькі дзясяткаў прадпрымальнікаў, што гандлююць на менскім стадыёне “Дынама”. І пераважная большасьць дробных бізнэсоўцаў сказалі, што возьмуць удзел у страйку. І вось чаму:

(Прадпрымальніца: ) “Я заўсёды ўдзельнічаю ў страйках. Я заўсёды намагаюся зрабіць усё, каб у гэтай краіне нешта зьмянілася. Але, як вы разумееце, не ад мяне адной гэта залежыць”.

(Прадпрымальнік: ) “У нас было мала інфармацыі пра гэты страйк. Калі ён адбудзецца, то пэўна ж буду ўдзельнічаць. Але хацелася б атрымаць больш інфармацыі, бо я чую пра гэта ад вас упершыню. Гэта цудоўна, што “Пэрспэктыва” нешта робіць, але ім трэба трохі больш працаваць зь людзьмі”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а чаму вы будзеце ўдзельнічаць?”

(Прадпрымальнік: ) “Мне неабыякавы лёс Марыніча, і ў цэлым я згодны з палітыкай, якую праводзіць “Пэрспэктыва”.

(Прадпрымальніца: ) “Я буду. Пэўна ж мы падтрымаем прадпрымальнікаў. Бо нас многае не задавальняе. Мы згодныя з патрабаваньнямі прафсаюзу “Пэрспэктыва”, які нам вельмі падабаецца”.

(Яе сяброўка: ) “Падтрымаем чым зможам, бо можам пайсьці з торбаю”.

(Прадпрымальнік: ) “Так, у асноўным з эканамічных прычынаў”.

(Гандлярка: ) “Абавязкова падтрымаю. Мы ж усе разам зьвязаныя”.

(Бізнэсовец: ) “Абавязкова. Трэба падымаць гэтыя пытаньні. Закалябала, што з нас зьдзекуюцца”.

(Прадпрымальнік: ) “Я яшчэ ня ведаю, бо ня чуў пра страйк. Трэба будзе паглядзець, яны ж носяць улёткі. Хутчэй за ўсё, трэба іх падтрымаць. Яны слушна кажуць, што без эканомікі палітыкі не бывае і наадварот. Усё гэта зьвязана”.

(Бізнэсовец: ) “Я буду. Я шмат не губляю, што выйду, многа не згублю”.

(Гандлярка: ) “Буду, бо трэба змагацца за свае правы”.

(Прадпрымальнік: ) “Душаць нас падаткамі, трэба ж адстойваць свае правы. Мы ж таксама павінны мець на нешта права ў гэтым жыцьці”.

(Прадпрымальнік: ) “Хутчэй за ўсё — так, бо некаторыя ўмовы не падабаюцца, якія для нас стварае дзяржава. Моцная бюракратыя, ціснуць падаткамі”.

(Карэспандэнт: ) “А палітычныя патрабаваньні для вас важныя?”

(Прадпрымальнік: ) “Галоўнае, каб добра жылося, каб не заміналі працаваць і жыць. А ўсё астатняе будзе добра”.

(Бізнэсовец: ) “Відаць, буду страйкаваць. Усё ж такі цяжка — усё ціснуць і ціснуць. Ціснуць! Трэба нешта рабіць, і, магчыма, агульнымі высілкамі нешта атрымаецца”.

(Прадпрымальнік: ) “Абавязкова буду, бо сытуацыя ў краіне вельмі складаная. І эканамічная, і палітычная. Таму трэба неяк прыцягваць да сябе ўвагу і выказваць сваю нязгоду з тым свавольствам, якое адбываецца ў нашай краіне”.

Гэткія меркаваньні тых, хто 17 чэрвеня спыніць працу. Але ёсьць сярод прадпрымальнікаў тыя, хто ня будзе браць удзелу ў гэтай акцыі пратэсту. У іх свае аргумэнты:

(Прадпрымальнік: ) “Не, ня буду. Мне гэта абсалютна нецікава”.

(Прадпрымальнік: ) “Адназначна не. Сэзон, самая работа. Дарагі кожны дзень”.

(Гандляр: ) “Відаць, не, бо Лукашэнка ў нас добры”.

(Прадпрымальнік: ) “Напэўна, я ня буду ўдзельнічаць у гэтым страйку. І безь мяне хапае ўдзельнікаў”.

(Гандлярка: ) “Не, я ўвогуле не люблю страйкаў”.

(Прадпрымальнік: ) “Не, бессэнсоўна супраць ветру нешта казаць”.

Гэтак лічаць бізнэсоўцы, якія ня бачаць сэнсу ў правядзеньні страйку.
XS
SM
MD
LG