Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лепш быць першым у сваёй вёсцы, чым другім у Рыме” сказаў Юлій Цэзар; дактары даказалі, што ён меў рацыю


Кастусь Бандарук, Прага Некалі Юлій Цэзар заявіў, што ён лепш хацеў бы быць першым у малой, ібэрыйскай вёсцы, чым другім у Рыме. Сучасныя навукоўцы прыйшлі да высновы, што грамадзкі статус і фінансавае становішча непасрэдна ўплываюць на стан здароўя і працягласьць жыцьця.

Шчасьце і здароўе нельга купіць за грошы, але калі вы зарабляеце болей, чым вашыя сябры і суседзі, гэта робіць вас больш шчасьлівымі й здаравейшымі за іх. Сацыяльны капітал ад перавагі над знаёмымі падвышае шанец на даўгое і шчасьлівае жыцьцё. Трохгадовае дасьледаваньне брытанскага мэдыка пацьвярджае, што багацьце само па сабе не ўплывае на здароўе і задаволеньне жыцьцём. Галоўнае, каб быць багацейшым і мець болей посьпехаў за тых, хто вас акружае.

“Месца асобы ў грамадзтве мае ключавое значэньне для працягласьці жыцьця і падатлівасьці на хваробы. Кожны крок уверх па гіерархічнай лесьвіцы дае адчувальныя вынікі”, – цьвердзіць Майкл Мармот, прафэсар эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя ва Ўнівэрсытэцкім каледжы Лёндану ў сваёй працы “Сындром статусу”.

Нават нязначнае прасоўваньне наперад, невялікі аванс на службе, або пераезд з трохпакаёвай кватэры ў чатырохпакаёвую, прыводзіць да паляпшэньня здароўя.

Гэтыя зьмены да лепшага неабавязкова мусяць мець матэрыяльны характар. Усё, што падвышае самаацэнку, мае станоўчы эфэкт. Дональд Рэдэльмайэр, прафэсар мэдыцыны з унівэрсытэту ў Таронта прыйшоў да высновы, што акторы, якія сталі ляўрэатамі прэстыжнай узнагароды “Оскара” ў сярэднім жывуць на 4 гады даўжэй за тых, хто таксама папулярны і зарабляе ня меней, аднак не атрымаў гэтай ўзнагароды.

Доктарская навуковая ступень больш спрыяльная для здароўя, чым магістэрская, а магістэрская значна лепшая за ступень бакаляўра. Лорд Майкл Мармот, які дасьледаваў гэтую праблему з 1970-х гадоў на прыкладзе брытанскіх чыноўнікаў мяркуе, што розьніца ў здароўі паміж багатымі й беднымі абумоўленая як адноснымі, так і абсалютнымі паказчыкамі ў памеры багацтва і велічыні посьпеху.

“Ня так важна колькі ў вас грошай наагул, але тое, колькі іх у вас у параўнаньні зь іншымі людзьмі”, – піша ён. Напрыклад, калі ў людзей спытаць, ці яны хочуць зарабляць 125 тысяч даляраў у год, калі сярэдні заробак складае 100 тысяч, ці 175 тысяч, калі сярэдні заробак складае 200 тысяч, дык пераважная большасьць людзей адкажуць, што яны могуць зарабляць і меней, але толькі каб болей, чым астатнія, кажа прафэсар Мармот.

У заможных заходніх краінах, дзе недаяданьне або інфэкцыйныя захворваньні не зьяўляюцца праблемай, людзі хварэюць з прычыны ўласнага комплексу няпоўнавартасьці. Незалежна ад таго, як высока вы прасунуліся па гіерархічнай лесьвіцы, вашае здароўе заўсёды будзе лепшае за тых, хто ніжэй за вас, і горшае, чым у тых, хто вышэй вас. Зайздрасьць у дачыненьні да людзей, якія зарабляюць больш за вас і знаходзіцца вышэй на гіерархічнай лесьвіцы, можа спрыяць такім хваробам, як дыябет, рак, інсульт, сардэчна-судзінныя і псыхічныя хваробы.

Падобныя дасьледаваньні, праведзеныя ў Злучаных Штатах, прывялі да аналягічных вынікаў. Натуральна, пэўную ролю адыгрывае харчаваньне і здаровы лад жыцьця, аднак для тлумачэньня фэномэну гэтых чыньнікаў недастаткова, лічыць Майкл Мармот. На ягоную думку, сацыяльны статус значна важнейшы, чым гены, пераяданьне і нават курэньне. У курца, які займае нізкую пасаду рызыка хваробаў сэрца значна большая, чым у курца на высокай пасадзе, кажа прафэсар. На ягоную думку, мэнэджэры на высокіх пасадах, якія даюць загады, адчуваюць меней стрэсавага ўзьдзеяньня, чым іхныя падначаленыя, якія выконваюць даручэньні й загады.

Вучоныя з амэрыканскіх унівэрсытэтаў у Гарвардзе, Прынстане і Стэнфардзе віталі працу Майкла Мармота як “бліскучае пранікненьне ў сутнасьць сацыяльнага жыцьця ды індывідуальнай сьмерці”. Аднак некаторыя іншыя экспэрты кажуць, што гэтае дасьледаваньне выклікае шмат пытаньняў, а самая тэма даўно зьяўляецца прадметам дэбатаў у навуковым сьвеце.

Джым Эпэн, прафэсар сацыяльнай гісторыі й сацыялёгіі з Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту кажа: “ідэя аб тым, што здароўе зьвязанае з сацыяльнай градацыяй, даўно выклікае спрэчкі. Некаторыя сацыёлягі цьвердзяць, што грамадзкі статус мае ключавое значэньне, але ня ўсё так проста, як здавалася б. У кожным разе нельга сказаць, што ў эгалітарным грамадзтве працягласьць жыцьця большая”.

Майкл Мармот прадставіў сваю формулу перамогі й паразы. Пераможцы – гэта людзі з высокім сацыяльным статусам. Людзі, якія падняліся да вяршыні кар’ернай лесьвіцы. Гэта домаўладальнікі, чые дамы большыя за дамы суседзяў. Гэта людзі з вышэйшай адукацыяй. Людзі жанатыя або замужнія. Начытаныя людзі. Тыя, што жывуць у грамадзтве, у якім разьвітае супрацоўніцтва, у якім націск ставіцца на групавую дзейнасьць, а не на індывідуальную.

А хто такія няўдачнікі? Гэты тыя, што жывуць у грамадзтве, якое адхіляе большасьць ад удзелу ў сацыяльным жыцьці. Людзі, якія пакутуюць ад пастаяннага стрэсу. Варожа настроеныя людзі. Тыя, хто знаходзіцца на самым нізе кар’ернай лесьвіцы. Людзі са слабым кантролем над уласным жыцьцём. Людзі, якія зарабляюць меней, чым іхныя суседзі.
XS
SM
MD
LG