Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксану Новікаву зноў судзяць за паклёп на Аляксандра Лукашэнку


Любоў Лунёва, Менск 8 чэрвеня ў Кастрычніцкім судзе Менску пачаўся суд над Аксанай Новікавай. Яе абвінавачваюць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Гэта другая крымінальная справа супраць Аксаны. Раней за паклёп на прэзыдэнта адбылі пакараньне трое журналістаў — Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч.

Крымінальную справу Аксаны Новікавай гэтым разам разглядаюць у Кастрычніцкім судзе Менску. У 2002 годзе супраць Аксаны Новікавай распачалі крымінальную справу за паклёп на прэзыдэнта. 17 кастрычніка ў цэнтры Менску яна раздавала мінакам улёткі, зробленыя на ўзор міліцэйскіх абвестак пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад фатаздымкам Аляксандра Лукашэнкі быў пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія, на думку аўтара, Лукашэнка парушыў.

Летась Аксану судзілі ў Цэнтральным судзе Менску і пакаралі пазбаўленьнем волі на два гады. Суд улічыў, што яна адна выхоўвае маленькае дзіця, і даў пакараньне з адтэрміноўкай выкананьня.

Сёлета ў лютым да Аксаны ўжылі амністыю, а ў красавіку затрымалі на вакзале ў часе раздачы ўлётак аналягічных тым, за якія яе раней пакаралі. Аксана Новікава не лічыць свой учынак памылкай ці злачынствам — незалежна ад таго, якое пакараньне яе чакае.

(Новікава: ) “Я занепакоеная сытуацыяй, якая складаецца ў Беларусі, і таму я раздавала гэтыя ўлёткі. Прысуд, які можа быць сёньня, ня спыніць мяне. Пакуль ня будуць расьсьледаваныя справы, якія, я лічу, зьдзейсьніў спадар Лукашэнка, я буду распаўсюджваць гэтыя зьвесткі. Якія злачынствы? Забойста двух альбо болей грамадзянаў; далучэньне яго да злачыннай групоўкі, якую ён узначальвае; кантрабанда групай асобаў з выкарыстаньнем службовага становішча ды іншыя злачынствы. У мяне маленькая дачка. Ён належыць жыць у гэтай краіне надалей. Я думаю: “Што будзе, калі такія злачынствы будуць рабіцца яшчэ і яшчэ?..”

Аксана Новікава падрыхтавала некалькі хадайніцтваў, каб дапыталі ў якасьці сьведкаў генэральнага пракурора Віктара Шэймана, міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, былога міністра Юрыя Сівакова, а таксама палкоўніка ўнутраных войскаў Зьмітра Паўлючэнку.
XS
SM
MD
LG