Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На што спадзяюцца галадоўшчыкі? У чым падабенства цяперашняй галадоўкі і галадоўкі дэпутатаў апазыцыі ў 1995 годзе?


Юры Дракахруст, Прага На гэтыя пытаньні адказваюць удзельнікі галадоўкі – дэпутаты палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч, Валер Фралоў.

(Дракахруст: ) “Першае пытаньне – як вашае здароўе? Што вы робіце, каб нэўтралізаваць нэгатыўныя наступствы галадоўкі? Што гавораць урачы, калі вы да іх зьвяртаецеся?”

(Фралоў: ) “Мы ўчора запрашалі зь лечкамісіі, да якой мы прымацаваныя, як дэпутаты, урача. Прыехала брыгада, параіла нам спыніць галадоўку, а мне, прынамсі, шпіталізавацца. Яны прапанавалі гэта на падставе кардыяграмы. Але мы палічылі, што пакуль пры памяці – будзем галадаваць”.

(Скрабец: ) “Калі ўчора прыяжджала "хуткая", зрабіла генэралу кардыяграму, яны прапанавалі шпіталізаваць яго, бо там быў перадінфарктны стан. Але генэрал адмовіўся. На мой погляд, гэта небясьпечна, бо калі чалавек галадуе, то перш за ўсё ідзе нагрузка на сэрца”.

(Дракахруст: ) “Спадар Парфяновіч, а які стан Вашага здароўя, што лекары кажуць?”

(Парфяновіч: ) “Урачы мне нічога ня кажуць – я да іх не зьвяртаюся”.

(Дракахруст: ) “Як да вашай галадоўкі паставіліся вашыя родныя?”

(Фралоў: ) “У мяне родных толькі адзін сын, ён жыве ў Менску. Ён прыяжджаў і выказаў поўную падтрымку. Кажа : "Бацька, давай, калі ты выбраў такі шлях, дык і рухайся такім шляхам".”

(Парфяновіч: ) “Мая маці ня ведае пра гэта – я не хачу ёй казаць, у яе ня надта добры стан здароўя. Бацька хвалюецца. Самае галоўнае – што мая жонка мяне падтрымлівае”.

(Скрабец: ) “Мая маці вельмі перажывае. У яе ўчора быў дзень нараджэньня, дык яна гаворыць: "Ну ты і падарунак мне, сынок, зрабіў". З такім вось сарказмам. І жонка таксама перажывае. Але яны мяне падтрымліваюць і гавораць: "Трымайся"”.

(Дракахруст: ) “Спадарства, я прашу прабачэньня за маё наступнае пытаньне, але задам яго. Старшыня БСДП (НГ) Мікола Статкевіч з нагоды вашай галадоўкі сказаў: "Галадоўку можна пачынаць толькі ў адным выпадку – калі гатовы ісьці да канца, г.з. гатовы памерці". “Інакш – лічыць Статкевіч – галадоўка можа мець адваротны эфэкт”. Што вы маглі б сказаць наконт гэтых развагаў?”

(Фралоў: ) “Мне падабаецца пазыцыя АГП – партыі Лябедзькі. Трое сябраў партыі галадуюць разам з намі. Вось гэта добрая падтрымка. А гэтыя тэарэтычныя развагі – гатовыя не гатовыя – усё гэта балбатня, якая вельмі характэрная для нашых палітыкаў”.

(Парфяновіч: ) “А хто такі Статкевіч? Для мяне гэта зусім не фігура. А што тычыцца таго, да якога тэрміну мы будзем галадаваць – пакуль не памрэм”.

(Скрабец: ) “Калі ўчора выклікалі "хуткую" для калегі Фралова – нам ужо задавалі гэтае пытаньне. Я адказаў: "Мы нашаму правадыру і генэралу памерці не дадзім. Трэба будзе – прывяжам да каляскі і прывязем у рэанімацыю". Ну а калі сур’ёзна, то зразумела – мы пойдзем да канца”.

(Дракахруст: ) “А на што Вы, па вялікім рахунку, спадзяецеся? Вы хочаце абудзіць грамадзтва, разьлічваеце, што ваш учынак стане для яго шокам, ці вы спадзяецеся, што ўлада пойдзе на саступкі? Вы сапраўды разьлічваеце на тое, што вашыя патрабаваньні будуць выкананыя?”

(Фралоў: ) “Мне здаецца, што гэта будзе шокам. Гэты махавік толькі пачынае раскручвацца, пакуль яшчэ ня ўсе ведаюць. Гэта разбудзіць нашае грамадзтва. Толькі нейкімі ўчынкамі можна паўплываць на тое, што ў галовах у беларусаў. Што тычыцца нашых "сяброў" – кіраўніцтва краіны, то мы на іх асабліва не разьлічваем, у нас вельмі своеасаблівае кіраўніцтва краіны. Але мне здаецца, што невялічкія крокі яно пачало рабіць, бо той законапраект, з-за якога ў тым ліку мы пачалі галадаваць, ужо ўнесены ў палату, раздадзены дэпутатам і 8 чэрвеня ён будзе ўнесены ў парадак дня сэсіі й магчыма ў той жа дзень і будзе разгледжаны”.

(Дракахруст: ) “Спадар Парфяновіч, Вы спадзяецеся, што ўлада пойдзе вам насустрач? Зь яе пункту гледжаньня гэта ж будзе відавочнай саступкай ціску”.

(Парфяновіч: ) “Не-не, улада ніколі ня пойдзе на саступкі. Але што тычыцца нашых матываў. Калі ў Вас крадуць грошы, як Вы да гэтага ставіцеся? Кепска. А калі ў Вас скрадуць голас, калі Вы пойдзеце на выбары, як Вы да гэтага паставіцеся?

Мы павінны паказаць людзям, што ў іх крадуць ня толькі грошы, у іх крадуць іх сумленьне. Людзі павінны зразумець, што камунальныя плацяжы і льготы – гэта ня самае галоўнае. Калі мы ня зьменім гэтую ўладу, калі ўсё так і далей працягвацца, людзі ніколі ня будуць мець годны заробак, годную пэнсію і годнае жыцьцё”.

(Фралоў: ) “Мы мяркуем, што ў галовах людзей шмат што павернецца. Гэта – першы крок нашага пляну, каб людзі пачалі трохі думаць пра тое, што робіцца ў нашай краіне. Я думаю, што пасьля нашай галадоўкі людзі ўсё ж задумаюцца. І зараз нам літаральна кожныя 3 хвіліны тэлефануюць з самых розных гарадоў з падтрымкай. Учора да нас прыходзіла прынамсі чалавек 60-70. І гэтая абыякавасьць, якая, на жаль, існуе ў нашай краіне, будзе пераломленая. І гэта, паўтаруся, першы крок. У нас яшчэ шмат што задумана, і яно будзе рабіцца”.

(Дракахруст: ) “А як вы ацэньваеце рэакцыю ўладаў? Я маю на ўвазе і інфармацыйную – перадачу БТ з удзелам Уладзімера Канаплёва пра вашу галадоўку, і палітычную – тыя прапановы аб разглядзе вашага законапраекту, якія прагучалі ад кіраўніцтва палаты прадстаўнікоў?”

(Фралоў: ) “Наш парлямэнт быў абкружаны трыма радамі аховы. Каля майго дома ўчора да ночы стаяў аўтобус са спэцназам. Па дзеяньням уладаў бачна, што гэта вельмі іх хвалюе. Яны разумеюць небясьпеку прарыву блякады вакол нас”.

(Скрабец: ) “Камэнтар БТ гучаў даволі сьмешна. Пасьля гэтага нам тэлефанавалі і пыталіся, чаму мы галадуем. Людзі казалі, што ня ведаюць гэтага, але ня надта давераюць БТ, таму пытаюць нас наўпрост. А калі выйшлі "Народная воля" і "Комсомольская правда", то шмат у каго пытаньні зьняліся. Так што мы ў пэўнай ступені ўдзячныя БТ, што яны на ўсю Беларусь паведамілі пра нашу галадоўку. А тое, што зьбіраецца АМОН, што нашых сябраў, якія з намі галадуюць, учора на пэўны час затрымалі – гэта сьведчыць пра тое, што ўлада ня ведае, што рабіць.

Цікава, што пасьля першага паведамленьня БТ пра галадоўку больш не распавядае, хаця ўчора нас 3 гадзіны здымала камэра БТ”.

(Дракахруст: ) “У вас былі папярэднікі – дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, якія галадавалі ў красавіку 1995 году супраць рэфэрэндуму. Яны праводзілі галадоўку ў Авальнай залі парлямэнту, адмаўляліся сысьці адтуль, іх выдалілі сілай. А вы пачалі галадаваць у сваіх службовых кабінэтах, не канфліктавалі з аховай і нават самі сышлі з будынку парлямэнту і галадуеце на кватэры спадара Фралова. Чаму вы пайшлі іншым шляхам?”

(Фралоў: ) “Вельмі шмат людзей зьбіралася каля парлямэнту і хацелі выказаць нам падтрымку. Але калі мы знаходзімся ў адным месцы, а яны – у іншым, гэта ня вельмі эфэктыўны шлях. А калі мы дома, калі кожны чалавек мае магчымасьць прыйсьці, нешта распавесьці, неяк падтрымаць, паглядзець, ці сапраўды мы галадуем – мне здаецца, што такі шлях прынясе больш плёну”.

(Скрабец: ) “Уявіце сабе сытуацыю – мы засталіся ў Авальнай залі і галадуем. Мы б не маглі выйсьці нават у туалет, нават выйсьці вады папіць. Тады б сказалі : "Вось яны ўвайшлі, відаць, каўбасы паесьці". Гэта было б вельмі сьмешна. Калі мы галадуем у парлямэнце, які ачэплены трыма коламі спэцназу, міліцыі, АМОНу, КДБ, аховы прэзыдэнта, то ў нас няма сувязі зь людзьмі. Ёсьць жа карэспандэнты, нашы групы падтрымкі, моладзь, прадпрымальнікі, учора да нас на кватэры іх каля сотні прыйшло.

Калі б мы галадавалі ў парлямэнце, была б інфармацыйная блякада і блякада нас, як дэпутатаў. Нас спрабавалі скампрамэтаваць, што мы нібыта ў парлямэнт нейкія сумкі з прадуктамі прынесьлі. А зараз, калі ласка, заходзьце – хоць БТ, хоць іншае тэлебачаньне. У нас тут аніякай ежы ўвогуле няма, толькі лекі і вада”.

(Дракахруст: ) “Спадар Скрабец, Вы не маглі б распавесьці больш падрабязна, як вас здымала БТ”.

(Скрабец: ) “Яна прыйшлі ў кватэру :"Можна зайсьці?". Мы кажам: "Калі ласка, у нас аніякіх сакрэтаў няма ні ад кога". Яны здымалі ў нас у кватэры, бралі ва ўсіх інтэрвію, чаму мы галадуем. Яны нам сказалі, што БТ рабіла сюжэты па ўсіх вобласьцях, як простыя людзі ставяцца да галадоўкі дэпутатаў. Паводле іх людзі не разумеюць і выступаюць супраць гэтага кроку. Група БТ стаяла каля нашага дому разам з АМОН’ам, ды і сёньня з-за рогу сочаць за нашым балконам. Яны, дарэчы, калі былі ў нас, здымалі ўсіх, хто да нас прыходзіў. Званок у дзьверы – камэра адразу на дзьверы, хто заходзіць, што гаворыць. Як нам сказалі, гэта будзе доказам у нашай крымінальнай справе. На якой падставе будзе ўзбуджаная крымінальная справа, мы пакуль ня ведаем”.

(Дракахруст: ) “У сваім звароце вы пішаце, што калі Аляксандар Лукашэнка добраахвотна сыдзе са сваёй пасады, то вы гатовыя гарантаваць яму асабістую недатыкальнасьць і недатыкальнасьць яго маёмасьці. Чаму вы вылучылі такую прапанову? Гэта ж адмена роўнасьці ўсіх перад законам”.

(Фралоў: ) “Мне здаецца, што лёс аднаго чалавека вельмі мізэрны ў параўнаньні зь лёсам усяго беларускага народу. І хай ён выяжджае куды хоча, аддадзім яму ўсё, што ён на..., словам, усё, што ў яго ёсьць, каб краіна безь яго зажыла. На жаль, уся сыстэма трымаецца на ім. Ён стварыў гэтую сыстэму і трымаецца на ёй. І ніхто, акрамя яго, ня можа прымаць рашэньні. Мы сустракаемся шмат зь якімі чыноўнікамі, зь міністрамі, і ім ужо гэта ўсё абрыдла. Але ёсьць чалавек, ён мае такія паўнамоцтвы, і мы лічым, што калі ён сыдзе, будзе лепш. Лёс аднаго чалавека, якім бы ён ня быў брыдкім, несувымеральны зь лёсам ўсяго беларускага народу. Хай едзе. Я скажу так: у нас ёсьць некаторыя паўнамоцтвы, каб пра гэта казаць”.

(Дракахруст: ) “Спадар Скрабец, Вы казалі пра дзесяткі людзей, якія прыходзілі ў кватэру спадара Фралова, каб выказаць вам падтрымку. А ці была нейкая падобная рэакцыя, хай і прыхаваная, з боку прадстаўнікоў намэнклятуры”.

(Скрабец: ) “Не, пакуль не было”.

(Дракахруст: ) “А з боку сілавых структураў?”

(Скрабец: ) “Што тычыцца сілавых структураў, то ўчора, напрыклад, падышлі да мяне, калі я сядзеў каля дому, дзе кватэра Фралова. Праверылі дэпутацкае пасьведчаньне, спыталі : "Чаго Вы тут сядзіце?" Я адказаў: "Вось сяджу, адпачываю на траўцы". Яны гавораць: "Казалі, што Вы галадуеце" Я адказваю: "Так, мы галадуем". "Ну калі Вы галадуеце і сядзіце на траве, Вы парушаеце закон ад масавых мерапрыемствах, і таму павінны хутка ісьці дадому".

Потым мне сказалі, што ў 10 гадзінаў у панядзелак я павінен прыйсьці ў Ленінскі РАУС. Але потым мне патэлефанаваў начальнік РАУС і сказаў, што параіўся з начальствам, і мне ісьці да іх ня трэба”.

(Дракахруст: ) “У групу "Рэспубліка" ўваходзяць ня толькі тры дэпутаты, якія абвесьцілі галадоўку. Як астатнія сябры "Рэспублікі" ставяцца да вашай галадоўкі?”

(Фралоў: ) “Вельмі добра ставяцца, прыходзяць і кажуць: "Хлопцы, мы б таксама былі з Вамі...". Магчыма, ёсьць абставіны, якія яны лічаць вельмі важкімі. Адзін кажа :"Хлопцы, я бязь мяса дня не пражыву". Але кожны дзень прыходзяць, падтрымліваюць. Мы не спрабавалі ні на кога ўзьдзейнічаць, у кожнага ёсьць сваё бачаньне сытуацыі, шляхоў выхаду зь яе.

А што тычыцца Вашага пытаньня пра сілавых хлапцоў. Калі ёсьць магчымасьць, яны ў кутку вельмі добра да нас ставяцца. Можа, не заўсёды яны могуць гэта сказаць адкрыта, але ўнутраная падтрымка ёсьць. Ну павінныя хлопцы рабіць тое, што робяць, яны ж служывыя людзі, што загадалі, тое і мусяць рабіць. Але каб яны глядзелі на нас, як на нейкіх ворагаў – гэтага абсалютна няма”.
XS
SM
MD
LG