Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І. Халіп: “Можа і ў нас можа нешта пачацца з пратэсту трох чалавек”''; А. Класкоўскі: “Гэта камень, кінуты ў балота”


Юры Дракахруст, Прага Які палітычны ўплыў на беларускае грамадзтва зрабілі першыя дні галадоўкі дэпутатаў Сяргея Скрабца, Уладзімера Парфяновіча, Валера Фралова? На гэтае пытаньне адказваюць галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня naviny.by Аляксандар Класкоўскі і аглядальніца "Белорусской деловой газеты" Ірана Халіп.

(Класкоўскі: ) “Гэта можна параўнаць з каменем, кінутым у балота. Галадоўка адразу выклікала вялікі рэзананс. І хто б што ні казаў, трэба адзначыць, што гэта – мужны і канкрэтны крок. Дарэчы, гэта ў пэўнай ступені адказ абвінавачваньням, якія гучалі прынамсі на БТ, што апазыцыя, маўляў, прысмакталася да грантаў, ходзіць па фуршэтах, смачна есьць. Сам жанр пратэсту – галадоўка, абвяргае гэта: "Глядзіце, мы гатовыя ісьці да апошняга”.

Гэта паказвае, што ў апазыцыі ёсьць сілы, ёсьць асобы, якія гатовыя дзейнічаць рашуча, гуляць на абвастрэньне. Так ці інакш, і афіцыйныя мэдыі мусілі, хоць і з адпаведнымі камэнтарамі, але даць даволі вялікі сюжэт пра галадоўку і, напэўна, мільёны людзей даведаліся, што гэтая акцыя пачалася. Гэта таксама прызнаньне таго, што выбраны моцны ход.

Але варта сказаць і пра некаторыя непрадуманыя моманты. Калі патрабаваньне ўключыць у парадак дня сэсіі палаты прадстаўнікоў законапраект пра зьмены ў выбарчы кодэкс – гэта сапраўды канкрэтнае пытаньне, яно лёгка кантралюецца, то патрабаваньне вызваліць Міхаіла Марыніча – каму яно адрасаванае?

Ёсьць жа фармальна-юрыдычны бок, ёсьць пэўныя органы, пэўныя працэдуры, як прапануецца выпусьціць з-за кратаў – з парушэньнем працэдуры ці як?

З прычыны пэўнай эмацыйнасьці й сумбурнасьці звароту дэпутатаў-галадоўшчыкаў ня ўсе нават зразумелі, чаго ж канкрэтна дэпутаты патрабуюць. Гэтыя моманты стыхійнасьці крыху псуюць эфэкт.

Разам з тым, яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што гэта вельмі моцны ход, якіх даўно не было з боку апазыцыі”.

Гаворыць Ірына Халіп.

(Халіп: ) “Я ацэньваю ўплыў гэтай галадоўкі на беларускае грамадзтва вельмі высока. Як бы там ні было, але асабісты ўчынак, асабісты пратэст – гэта вельмі важная рэч, асабліва ў нашай сытуацыі, калі грамадзтва апошнім часам стала занадта спакойным. І я спадзяюся, што менавіта гэтая галадоўка ўзрушыць грамадзтва, асабліва ў сувязі з тым, што на 21 ліпеня прызначаная вялікая акцыя пратэсту. Галадоўка можа стаць вельмі добрым першым крокам.

Я хацела б прыгадаць, што ў Грузіі "рэвалюцыя ружаў" таксама пачыналася не зь дзясяткаў тысячаў чалавек, а напэўна з дзьвюх сотняў, якія сабраліся на плошчы, а ўжо празь дзень-два падышлі тысячы. Дык можа і ў нас нешта можа пачацца з пратэсту трох чалавек.

Што тычыцца рэакцыі ўлады, то варта параўнаць цяперашнюю сытуацыю з сытуацыяй 1995 году, калі дэпутаты тады яшчэ Вярхоўнага Савету таксама абвесьцілі галадоўку. Тады ўлада была маладая і азартная, а цяпер – старая і стомленая. Тады дэпутатаў адразу выкінулі пры дапамозе АМОНу з будынку парлямэнту, а зараз улада ўсё ж баіцца. Таму што старая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG