Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці парушыў аўтарскія правы “Песьняроў” сайт pesniary.com?


Любоў Лунёва, Менск Працягнуўся суд над Хведарам Караленкам, які стварыў сайт пра ансамбаль “Песьняры”. Калі Кастрычніцкі суд пагодзіцца з прадстаўнікамі фірмы “РУПІС”, што разьмяшчэньне фотаздымкаў і спасылак на гукавыя файлы ў Інтэрнэце парушае аўтарскія правы і ёсьць распаўсюдам кантрафактнай прадукцыі, будзе створаны судовы прэцэдэнт.

У кабінэце адміністрацыйнага судзьдзі Кастрычніцкага раёну Менску сабралася больш за дзесяць чалавек. Усе чакалі, што нарэшце будзе пастаўленая кропка ў справе аўтара сайту pesniary.com.

Фірма “РУПІС” абвінаваціла Хведара Караленку ў парушэньні аўтарскіх правоў і распаўсюдзе кантрафактнай прадукцыі. Прадстаўнікі фірмы ўгледзелі парушэньне ў тым, што на сайце былі зробленыя спасылкі на гукавыя файлы, адкуль можна запісаць песьні ў выкананьні ансамблю “Песьняры”. Некаторыя назіральнікі лічаць, што верагоднай прычынаю звароту ў суд стала тое, што фірма “РУПІС” летась выдала альбом з двух кампакт-дыскаў пад назвай “Песьні Ігара Лучанка ў выкананьні ансамблю “Песьняры”, які каштуе 25 тысяч рублёў. Прадстаўнік фірмы Андрэй Шэлест паведаміў Радыё Свабода, што для выпуску альбому ім дастаткова было заключыць пісьмовую дамову з ансамблем “Песьняры” і кампазытарам.

(Шэлест: ) “Нам няма ніякай патрэбы браць у кагосьці дазволы. Нічога нам ня трэба браць”.

Дачка Ўладзімера Мулявіна раней паведаміла Радыё Свабода, што ніякіх дамоваў зь фірмай не падпісвала.

У альбом увайшлі песьні з кружэлак фірмы “Мелодия”. Яе прадстаўнікі лічаць, што фірма “РУПІС” сама распаўсюджвае пірацкія копіі. Дырэктар фірмы “Мелодия” ў сувязях з грамадзкасьцю Карына Абрамян паведаміла Радыё Свабода:

(Абрамян: ) “У нас ёсьць фанаграмныя правы. Натуральна, калі выпушчаны дыск, то ён — “пірацкі”. Яны ня мелі права выдаваць бяз нашага дазволу. Нават калі ня ўсе песьні з кружэлак, якія былі запісаныя ў 1978 годзе, а хаця бы некаторыя зь іх, то яны абавязаныя былі паведаміць нам і заключыць усе неабходныя дакумэнты. Канечне, яны павінны былі нам заплаціць. Гэта сумежныя правы. Ня толькі аўтарскія правы і правы выканаўцаў, але і правы на фанаграму”.

Хведар Караленка атрымаў шмат лістоў з падзякамі ад выканаўцаў славутага ансамблю. Ён спадзяецца, што 9 чэрвеня суд спыніць справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG