Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа сочыць за галадоўкай у Менску


Юры Сьвірко, Менск Тры панэўрапейскія арганізацыі — Эўразьвяз, Рада Эўропы да АБСЭ — сочаць за галадоўкай трох беларускіх дэпутатаў. У аўторак зь імі, як чакаецца, сустрэнецца дзейны старшыня АБСЭ, які прыедзе ў Менск. Хрыстас Пургурыдэс заявіў, што ўсе ў ПАРЭ падтрымліваюць высакародныя патрабаваньні галадоўнікаў зьмяніць Выбарчы кодэкс.

8 чэрвеня ў Менск прыедзе дзейны старшыня АБСЭ — міністар замежных справаў Баўгарыі Саламон Пасі. Афіцыйны прадстаўнік баўгарскага МЗС Петар Крайчаў сказаў Радыё Свабода, што ў пляне візыту міністра Пасі ёсьць сустрэчы з апазыцыяй:

(Крайчаў: ) “Міністар сустрэнецца зь міністрам замежных справаў Беларусі, з прэзыдэнтам і з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў ды іншых арганізацыяў краіны”.

Паводле спадара Крайчава, графік візыту дзейнага старшыні АБСЭ ў Менск яшчэ ўзгадняецца, але вельмі высокая верагоднасьць ягонай сустрэчы з трыма галадоўнікамі. Паводле прэсавага рэлізу АБСЭ, Саламон Пасі сустрэнецца “з прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу”, але зь якімі менавіта, гэтае паведамленьне не ўдакладняе. Прычыну гэтага неафіцыйна патлумачылі ў МЗС Баўгарыі — “каб не раздражняць беларускіх уладаў”. У Сафіі кажуць, што дзейны старшыня АБСЭ паінфармаваны пра галадоўку беларускіх дэпутатаў і сочыць за ёю.

А ў Бэрліне ў панядзелак сабраўся юрыдычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Хаця яго сябра — дэпутат парлямэнту Кіпру Хрыстас Пургурыдэс сам прапанаваў больш не пускаць у ПАРЭ дэпутатаў беларускага Нацыянальнага сходу, і гэтая рэкамэндацыя ягонага дакладу пра зьніклых у Беларусі была ўхваленая асамблеяй, спадар Пургурыдэс сказаў пра трох дэпутатаў-галадоўнікаў:

(Пургурыдэс: ) “Яны маюць нашу поўную падтрымку. Усе ў Радзе Эўропы падтрымліваюць іхнае высакароднае патрабаваньне аб зьменах у заканадаўстве. Я думаю, яны робяць тое, што мусілі патрабаваць усе астатнія ў Беларусі. Іхныя патрабаваньні абсалютна жыцьцёва важныя для дэмакратыі ў Беларусі”.

Чакаецца, што Міністэрства замежных справаў Ірляндыі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, зробіць камэнтар пра галадоўку трох беларускіх дэпутатаў 8 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG