Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра галадоўку дэпутатаў жыхары Магілёва?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Ці ведаюць у правінцыі пра бестэрміновую галадоўку, якую абвесьцілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец? Як выявіла апытаньне на вуліцах Магілёва, ведаюць толькі адзінкі. Аднак разам з тым магілёўцы ахвотна выказвалі свае меркаваньні наконт галадоўкі і таго, чым можа завершыцца акцыя пратэсту парлямэнтароў.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці ведаеце вы пра тое, што ў Менску галадуюць дэпутаты Нацыянальнага сходу?”

(Спадар: ) “Я пра гэта ня ведаю, ад вас першы раз чую. У нас такія рэчы ў краіне не асьвятляюцца”.

(Спадар: ) “Так, вядомая рэч. Часта сяджу ў Інтэрнэце, інфармацыя даходзіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да гэтай галадоўкі?”

(Спадар: ) “Калі людзі галадуюць, значыць, ёсьць за што”.

(Спадар: ) “Галадоўка — гэта заўсёды даволі небясьпечна для здароўя, але каб дамагчыся нечага — там больш не для сябе, а дзеля краіны, то гэта нармалёва”.

(Спадар: ) “Мне гэтыя людзі імпануюць. Я паважаю іх учынак, таму што вельмі рэдка людзі ў нашай краіне адкрыта выказваюць сваё меркаваньне. Я паважаю гэтых людзей, але, калі шчыра, плёну ад гэтага ня будзе ніякага. Шкада”.

(Спадарыня: ) “У нас аўтарытарная рэспубліка, таму, магчыма, яны толькі дарма сваё здароўе згубяць”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, але калі яны самі лічаць, што могуць нечага дамагчыся, няхай паспрабуюць. Але ніхто пра гэта ня ведае. Я вось першым разам пачула. А калі ж галадоўка, то гэта павінна быць агульнавядома. Для чаго гэта робіцца? Для таго, каб людзі ведалі. А не для сябе толькі галадаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, чаму дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі амаль зусім не распавядаюць пра гэтую падзею?”

(Спадар: ) “Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі шмат пра што не распавядаюць. Гэта ўжо даволі вядомая рэч. Яны распавядаюць толькі пра тое, што ім скажа рука, якая іх корміць”.

(Спадар: ) “Гэта як сядзіць адзін чалавек з пультам, ставіць касэту — і толькі тое, што глядзець сам хоча, нам паказвае. Я маю на ўвазе тое, што так будуецца ідэалёгія Беларускага тэлебачаньня. Мы ня бачым праўды”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым, на ваш погляд, можа завершыцца бестэрміновая галадоўка дэпутатаў Нацыянальнага сходу?”

(Спадар: ) “Ну ўжо была галадоўка. І што — нічога не адбылося. Канечне, памкненьні цікавыя, але ні да чаго яны не прывядуць”.

(Спадар: ) “Таму што яны вылучаюць несправядлівыя патрабаваньні. Па-мойму, нашая сыстэма вельмі добрая, лепей і не прыдумаеш. Усё нармальна, бо людзі ведаюць, за каго галасуюць і як галасуюць”.

(Спадар: ) “Па-мойму, гэта вырашае, каб вам так сказаць, адзін чалавек. Я яго ня буду называць, адмаўляюся, аднак спадзяюся, што зразумела”.

(Спадарыня: ) “Лічу, што не працуюць у нас законы ў абарону людзей — проста і ўсё”.

(Спадар: ) “У нашай краіне, канечне, цяжкавата дамагчыся нечага галадоўкай. Але я лічу, што яны ж людзі, і нічога лішняга яны не патрабуюць. Яны патрабуюць, каб у рэспубліцы была законнасьць. Я думаю, што ўсё ж такі і астатнія дэпутаты зразумеюць, што трэба нешта рабіць”.

Гэткія меркаваньні мінакоў на магілёўскіх вуліцах пра тое, чым можа завершыцца бестэрміновая галадоўка дэпутатаў.
XS
SM
MD
LG