Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эканамічныя вынікі дзесяцігадовага праўленьня Лукашэнкі


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук

(Валер Карбалевіч: ) “З самага пачатку кіраваньня краінаю Аляксандрам Лукашэнкам ён пачаў праводзіць эканамічную палітыку, якая моцна адрозьнівалася ад палітыкі суседніх краінаў. Крок за крокам ён спыняў рынкавыя рэформы, узяў курс на кансэрвацыю старой сыстэмы. За дзесяць гадоў была створаная своеасаблівая эканамічная мадэль. З тым, што такая мадэль у Беларусі існуе, пагаджаюцца ўсе палітыкі і экспэрты: і прыхільнікі палітыкі ўлады, і яе апанэнты, і замежныя назіральнікі. Разнагалосьсі пачынаюцца тады, калі пераходзяць да яе ацэнкі. Першае пытаньне: у чым своеасаблівасьць гэтай мадэлі? Якія яе характэрныя рысы? Чым яна адрозьніваецца ад іншых трансфармацыйных эканомік, якія існуюць у суседніх краінах рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы?”

(Валер Дашкевіч: ) “Беларуская эканамічная мадэль — гэта нейкае штучнае ўтварэньне, якое характэрнае выключна для Беларусі. Сам Лукашэнка неаднойчы заяўляў аб існаваньні такой мадэлі. Яе асаблівасьць палягае ў тым, што яна ўключае элемэнты позьняга сацыялізму і раньняга капіталізму. Сацыялізм выяўляецца ў цэнтралізаваным кіраваньні ўсёй эканомікай, стварэньні ўладнай вэртыкалі, якая пранізвае эканоміку зь верху да нізу. А прымітыўны капіталізм існуе на ўзроўні прадпрыемстваў і хатніх гаспадарак, у адносінах паміж імі. Прычым, на такім прымітыўным узроўні, калі купляецца і прадаецца ўсё, што можна прадаць.

Галоўная праблема такой мадэлі ў тым, што яна ня мае ўнутранага патэнцыялу для разьвіцьця. Што я маю на ўвазе? Фармальна створаныя інстытуты рынку, такія як, напрыклад, фондавы рынак, рынак капіталу, рынак працоўнай сілы, насамрэч не працуюць. І гэта не дае магчымасьці накапленьня капіталу, пераліву яго з адной галіны вытворчасьці ў іншую. А гэта зьяўляецца неабходнай умовай для разьвіцьця эканомікі ў рынкавай эканоміцы. Таму непазьбежна надыходзіць застой”.

(Яраслаў Раманчук: ) “Лукашэнка і ягоны ўрад нічога новага не прыдумалі. Яны проста зрабілі крок назад, у 80-я гады мінулага стагодзьдзя. Нашая эканамічная мадэль з гледзішча прыняцьця рашэньняў нагадвае піраміду. Усё моцна цэнтралізавана. На вяршыні піраміды знаходзіцца кіраўнік дзяржавы. Каб сыстэма працавала і “круцілася”, ёй неабходная нейкая падпітка. Яе забясьпечвае падтрымка Расеі за кошт танных энэргарэсурсаў. А яшчэ дзяржава стварыла падпітку ў выглядзе інфляцыі, з дапамогаю якой грошы забіраюць у адных і перадаюць іншым. Важным чыньнікам устойлівасьці гэтай піраміды зьяўляецца добрая кан’юнктура на расейскім рынку.

Я бы назваў беларускую эканамічную мадэль “мадэлью эканамічна-інфармацыйнай сьлепаты”. Таму што ў нас няма двух найважнейшых элемэнтаў рынкавай эканомікі. Па-першае, свабодныя цэны. Зь іх дапамогаю бізнэс атрымлівае інфармацыю аб эканамічнай кан’юнктуры. Па-другое, ачышчэньне гаспадаркі ад эканамічных памылак і хібаў, ад эканамічных структураў, якія ня здолелі эфэктыўна працаваць ва ўмовах канкурэнцыі. Я маю на ўвазе банкруцтва як элемэнт ачышчэньня эканомікі ад хворых арганізмаў. А у нас банкруцтва заблякаванае.

У нас у эканоміцы рашэньні прымаюць ня людзі, якія кіруюць сваімі грашыма, а чыноўнікі. Колькасьць недахопаў павялічваецца, і піраміда робіцца няўстолівай. Калі адзін з элемэнтаў яе фінансаваньня будзе разбураны альбо заблякаваны, то ўся піраміда пачне вельмі моцна хістацца. І мы будзем мець высокі ўзровень беспрацоўя, дэфіцыт бюджэту, затрымкі выплатаў заробкаў і пэнсіяў”.

(Карбалевіч: ) “Калі Лукашэнка на старце свайго кіраваньня толькі пачынаў будаваць беларускую эканамічную мадэль, усе незалежныя эканамісты амаль аднагалосна прагназавалі ёй сумныя вынікі. Яны апавядалі пра яе неэфэктыўнасьць і сьцьвярджалі, што з кожным годам яе будуць чакаць новыя цяжкасьці, сытуацыя будзе толькі пагаршацца. Ці спраўдзіліся гэтыя прагнозы? У гэтым годзе назіраецца эканамічны рост, які пацьвердзіла дэлегацыя Міжнароднага валютнага фонду. Як можна пракамэнтаваць гэта?”

(Дашкевіч: ) “Справа ў тым, што эканомікі такога тыпу, якая існуе ў Беларусі (іх яшчэ можна назваць мабілізацыйнымі эканомікамі), добра прыстасаваныя для дасягненьня адноснай стабілізацыі на нейкім дастаткова нізкім узроўні. Для гэтага яны мабілізуюць рэсурсы, працоўную сілу, прымушаюць, калі хочаце, працаваць іх і атрымліваць нейкі прадукт. Увогуле, Лукашэнка гэтую задачу выканаў. Тым больш, што сыстэма кіраваньня ў краіне працавала добра, краіна невялікая, ёй лёгка кіраваць. Інжынэрна-тэхнічны пэрсанал і рабочыя нашых прадпрыемстваў дастаткова кваліфікаваныя. Тым больш што людзі прызвычаіліся да такой сыстэмы кіраваньня. Нашая эканоміка на дзьве траціны завязаная на расейскі рынак, які даволі вялікі. І таму справа стабілізацыі эканомікі была ня вельмі цяжкай.

Але праблема ў тым, што рабіць далей. Ці будзе гэтая эканамічная мадэль разьвівацца? Адказ на гэтае пытаньне мы атрымаем ў наступныя 5–7 гадоў. Таму што давер насельніцтва да гэтай эканомікі і асабіста да Лукашэнкі будзе вызначацца той сытуацыяй, якая будзе складвацца ў суседніх краінах, найперш у Расеі і ва Ўкраіне. Пакуль узровень жыцьця ў іх ня будзе прыкметна пераўзыходзіць беларускі, ніхто асаблівых пытаньняў задаваць ня будзе. Людзі будуць лічыць беларускую мадэль надзейнай і пасьпяховай. Таму задачу стабілізацыі беларуская эканамічная мадэль вырашыла. А вось далей будуць праблемы.

Тыя тэмпы эканамічнага разьвіцьця, якія мы маем цяпер, хутчэй вынік зьнешніх абставінаў, чым дзеяньняў беларускага кіраўніцтва. А ўдалае спалучэньне зьнешніх абставінаў — гэта не пастаянны чыньнік. Ён прыходзіць і сыходзіць. Мяркую, што ён не працягнецца доўга”.

(Раманчук: ) “Трэба параўноўваць тое, што мы маем, з тымі альтэрнатывамі, якія маглі бы быць у выпадку выбару рынкавага кірунку разьвіцьця. Трэба параўноўваць беларускія эканамічныя паказчыкі з паказчыкамі краінаў, якія выбралі іншы шлях. Лукашэнка сьцьвярджае, што той шлях, які выбрала Беларусь, прынёс яе насельніцтву сацыяльную стабільнасьць, будучыню і іншае. Але гэта ня так. Пра гэта сьведчаць шмат чыньнікаў. Так, напрыклад, за гады кіраваньня Лукашэнкі цэны павысіліся больш як у 2 тысячы разоў.

Іншы прыклад. Нядаўна я праглядаў перадвыбарчую праграму Лукашэнкі 1994 году. Ён абяцаў пабудаваць эканоміку бяз кланаў, без карупцыі. І вось падчас справаздачы Менскага гарвыканкаму старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Тозік заявіў, што ў Менску існуе клан, які крадзе грошы. Ён паказаў пракладку, якую можна зрабіць за 50 цэнтаў, а адна з структураў гарвыканкаму купляла яе за бюджэтныя грошы за 22 даляры. У гэтым прыкладзе — сутнасьць беларускай эканамічнай мадэлі. І ўсё тое будаўніцтва, якім ганарыцца цяперашні рэжым, можна было бы зрабіць нашмат таньнейшым, калі бы быў рынак.

Можна зрабіць такую выснову, што мы збудавалі бюракратычную эканоміку з буйнымі структурнымі перакосамі. І Міжнародны валютны фонд, і іншыя міжнародныя арганізацыі канстатуюць, што эканамічны рост — гэта добра. Але ў пэрспэктыве 2–3 гадоў гэтага росту нельга ўтрымаць. Таму што для гэтага няма рэсурсаў. І падзеньне будзе балючае. А правёўшы рэформы, мы маглі бы выйсьці на ўстойлівыя тэмпы разьвіцьця на 10–15 гадоў. Мы страцілі шмат магчымасьцяў, часу, інвэстыцыяў, якія пайшлі ў іншыя краіны. Такая палітыка робіць нашую будучыню змрочнай. Такая выснова з таго экспэрымэнту, які праводзіцца тут апошнія дзесяць гадоў”.

(Карбалевіч: ) “Мае суразмоўцы ўжо пачалі гаварыць аб тым, якія высновы, якія ўрокі дзесяцігадовага эканамічнага разьвіцьця можна цяпер зафіксаваць? Які досьвед атрымаўся з гэтага беларускага экспэрымэнту?”

(Дашкевіч: ) “Існая беларуская эканамічная мадэль ня вырашыла дзьвюх найважнейшых праблемаў. Па-першае, гэта ўтварэньне сярэдняй клясы, якая бы гарантавала стабільнасьць у краіне. У нашым сёньняшнім грамадзтве ёсьць дзьве асноўныя сілы: дзяржаўныя чыноўнікі і наёмныя работнікі. Сярэдняй клясы фактычна няма. Другая нявырашаная праблема: Беларусь не знайшла свайго месца на ўсясьветным рынку тавараў і паслугаў. Аб’ём нашага экспарту — 12 мільярдаў даляраў. Гэта прыкладна 1200 даляраў на душу насельніцтва. Па гэтым паказчыку Беларусь адстае ад эўрапейскіх краінаў прыкладна ў 50 разоў. Таму нашае найбліжэйшае будучае ўяўляецца ня вельмі пэрспэктыўным”.

(Раманчук: ) “Хацеў бы акрэсьліць чатыры моманты, якія робяць беларускую эканамічную мадэль неэфэктыўнай. Па-першае, у нас пабудаваная не народная, а бюракратычная гаспадарка. Бюракратыя пануе ў нашай сыстэме. Па-другое, беларуская эканамічная мадэль будуецца як мадэль экстэнсіўнага, а ня якаснага разьвіцьця. Мы робім інвэстыцыі ў праекты, эфэктыўнасьць якіх сумнеўная, і не праводзім мадэрнізацыі з дапамогаю замежных інвэстыцыяў і нацыянальнага бізнэсу.

Па-трэцяе, мы пабудавалі мадэль, якая скіраваная ў мінулае, а ня ў будучыню. Беларусь самаізалявалася ад зьнешняга сьвету. 58% замежнага гандлю прыпадае на Расею. У нас вялікая залежнасьць ад аднаго рынку. І калі ў Расеі нешта здарыцца, у нас таксама будзе цяжкі крызыс. Як гэта ўжо было падчас расейскага крызысу 1998 году.

Па-чацьвертае, у нас гаспадарка старой намэнклятуры, а не пэрспэктыўнай моладзі. Зь Беларусі моладзь уцякае. Гэта мадэль скіраваная супраць нацыянальнай эліты, нацыянальнай будучыні. Таму нам трэба кардынальна зьмяніць эканамічную палітыку”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўная выснова зь дзесяцігадовага досьведу беларускага эканамічнага экспэрымэнту палягае ў тым, што хоць вынікі яе функцыянаваньня даволі супярэчлівыя, але існая мадэль ня мае гістарычнай пэрспэктывы”.
XS
SM
MD
LG