Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляндар Свабоды – 6 і 7 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 6 і 7 чэрвеня.

Спачатку – пра каляндарныя даты ўчорашняе нядзелі.

6 чэрвеня ўшаноўвалі сваіх вялікіх паэтаў суседзі Беларусі. Польшча адзначыла дзень нараджэньня Яна Каханоўскага, а Расея – Аляксандра Пушкіна.

6 чэрвеня 1944 году, 60 гадоў таму, войскі саюзьнікаў высадзіліся ў Нармандыі, гэта паўночная Францыя. Такім чынам у другой сусьветнай вайне быў адкрыты пераломны другі фронт.

6 чэрвеня 1762 году прыйшоў на сьвет архітэктар Вісарыён Паўлаў. Маючы ўсяго 23 гады, Паўлаў быў прызначаны на пасаду Магілёўскага губэрнскага архітэктара. З маладым імпэтам ён узяўся за перапляніроўку і перабудову гарадоў усходняй Беларусі. Такім чынам абнаўляліся Талачын, Рагачоў, Клімавічы, Крычаў... Але самы вядомы твор Паўлава – гэта палац губэрнатара ў Віцебску, што захаваўся да нашых дзён. Іншы ягоны будынак – вялізны Іосіфаўскі сабор у Магілёве – быў зруйнаваны за савецкім часам.

6 чэрвеня 1841 году ў маёнтку Мількаўшчына пад Горадняй у сям’i юрыста Бэнэдыкта Паўлоўскага нарадзілася будучая пісьменьніца Эліза Ажэшка, якая ўсю сваю творчасьць прысьвеціць роднай Беларусі.

6 чэрвеня 1905 году ў вёсцы Пуцілкавічы на Ўшаччыне нарадзіўся Пятрусь Броўка, народны паэт Беларусі. Акадэмік, галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская савецкая энцыкляпэдыя”, старшыня Саюзу пісьменьнікаў быў настолькі папулярны ў народзе, што і народ складаў пра яго вершы.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

7 чэрвеня – прыкметная дата ў гісторыі беларускага тэрарызму. Акурат у такі дзень у 1927 годзе на вакзале ў Варшаве навучэнец віленскай беларускай гімназіі Барыс Кавэрда застрэліў савецкага пасла ў Польшчы Пятра Войкава, аднаго з арганізатараў забойства царскай сям’і ў 1918 г. Кавэрду далі 15 гадоў турмы. Захопленая беларуская моладзь дасылала яму ў вязьніцу кветкі й падарункі. Падчас вайны Кавэрда апынуўся ў ЗША, дзе й памёр у 80-я гады.

7 чэрвеня 1995 году Аляксандар Лукашэнка зацьвярджае “Палажэньне аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусі” і “Палажэньне аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусі”. Такім чынам на зьмену нацыянальным сымбалям афіцыйна вяртаюцца амаль ня зьмененыя сьцяг і герб БССР.

Сярод знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 7 чэрвеня ў розныя гады, згадаем сёньня галяндзкага мастака Поля Гагена і пачынальніка беларускага адраджэньня Вацлава Іваноўскага.
XS
SM
MD
LG