Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд не задаволіў пазову Тацяны Процькі й яе мужа да дзяржаўнага тэлебачаньня і Юрыя Пракопава


Альгерд Невяроўскі, Менск На думку судзьдзі Алены Ананіч, тэлеаглядальнік Юры Пракопаў не парушаў таямніцы прыватнага жыцьця сям’і старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту. Тацяна Процька лічыць, што суд дзейнічаў не самастойна, а яго рашэньне было палітычна матываванае.

Судзьдзя Першамайскага райсуду Менску Алена Ананіч палічыла, што ў сюжэце, паказаным па БТ 29 лютага, аглядальнік Юры Пракопаў ня ўмешваўся ў прыватнае жыцьцё Тацяны Процькі. Дэманстрацыя дому сям’і Процькі й Козыра, іхнай маёмасьці (у тым ліку аўтамабіля і коней), расповед пра зарплату старшыні БХК — усё гэта, на думку судзьдзі, ня ёсьць раскрыцьцём таямніцы прыватнага жыцьця. На гэтай падставе заяўнікам адмоўлена ў кампэнсацыі маральных стратаў.

Юры Пракопаў быў задаволены гэтым судовым рашэньнем:

(Пракопаў: ) “Зразумела, я задаволены — вельмі правільнае рашэньне суду. Да гэтага ўсё і ішло. Мне здаецца, што аргумэнты, якія прадаставілі пазоўцы, не маглі выклікаць іншага судовага рашэньня”.

А вось меркаваньне Тацяны Процькі:

(Процька: ) “Відаць, судзьдзя ведала, чым гэта скончыцца, і той бок ведаў. Судзьдзя выконвае загад. Гэта ня мае ніякага дачыненьня да правасудзьдзя, тут няма ніякіх нормаў справядлівасьці. Мне толькі шкада мужа, што ён хадзіў, зьбіраў гэтыя доказы і верыў, як і нашыя суседзі, як і тыя, хто ведае нас там, у вёсцы. Яны верылі, што суд усё ж ёсьць у нашай краіне, і праз суд можна вырашыць нейкія пытаньні. А зараз, калі ўжо ў такім відавочным выпадку нельга дамагчыся ніякай справядлівасьці, ніякага правасуднага рашэньня… Што ж можа быць, калі будзе больш складаная сытуацыя?”

Старшыня Хэльсынскага камітэту лічыць, што судзьдзя не магла вынесьці іншага рашэньня, бо, паводле Юрыя Пракопава, такія сюжэты адпавядаюць палітыцы Дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

А вось што сказаў аб рашэньні суду намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Яно было для мяне ашаламляльным. Альбо зьявіліся нейкія не вядомыя для нас палажэньні ў законе, альбо гэтае рашэньне ад пачатку неправасуднае. Суды адстойваюць не інтарэсы грамадзянаў у выпадку парушэньня іх правоў, а чыноўнікаў, якія парушаюць гэтыя правы. Гэта ад пачатку неправасуднае рашэньне, вынесенае, каб дагадзіць беларускім уладам”.

Тацяна Процька, хаця й ня верыць у справядлівасьць беларускіх судоў, тым ня менш, зьбіраецца абскарджваць гэтае рашэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG