Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі беларускіх незалежных прафсаюзаў раскажуць пра парушэньне сваіх правоў на сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы


Галіна Абакунчык, Менск Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў Беларусі Генадзь Фядыніч, Аляксандар Бухвостаў і Аляксандар Ярашук накіраваліся ў Жэнэву для ўдзелу ў летняй сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы. З дакладам пра новыя факты парушэньня правоў незалежнага прафсаюзнага руху яны выступяць на паседжаньні працоўнай групы МАП.

Удзел у сэсіі лідэры дэмакратычных прафсаюзных цэнтраў возьмуць у складзе Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, паколькі афіцыйная дэлегацыя Беларусі складзеная з урадавых чыноўнікаў і кіраўнікоў Фэдэрацыі прафсаюзаў на чале з Леанідам Козікам.

Асноўная тэма летняй сэсіі МАП — глябальныя праблемы прафсаюзнага руху. Адмысловага пытаньня пра Беларусь гэтым разам разглядацца ня будзе. Аднак даклад пра новыя факты перасьледу незалежнага руху ўсё ж прагучыць, — паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода адзін зь лідэраў дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Бухвостаў.

(Бухвостаў: ) “Пра парушэньне правоў працоўных на гэтай сэсіі МАП гаворка будзе весьціся ўсё роўна, але хутчэй за ўсё гэта будзе на паседжаньні групы працоўных. Бо захоўваецца ціск на прафсаюзы: за сяброўства ў незалежных прафсаюзах працягваецца перасьлед людзей, пагражаюць звальненьнем і некаторых звальняюць. І мы павінныя давесьці да ведама прадстаўнікоў Міжнароднай арганізацыі працы пра тое, што ніякай рэакцыі на рэкамэндацыі адмысловай камісіі МАП, ніякіх высноваў з працы камісіі ня зроблена”.

Шэраг прыкладаў перасьледу сяброў незалежнага руху намерваецца прывесьці лідэр навастворанага прафсаюзу РЭПАМ Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Прыкладаў у нас дастаткова: і Рэчыца, калі прадстаўнікоў прафсаюзаў не пускаюць на заводы, а людзей агітуюць, каб выйшлі з РЭПАМу, і менскі КБТМ. Галоўнае, што гэткая “зачыстка” цяпер ідзе па ўсіх прадпрыемствах, і з кожным часам вакол незалежных прафсаюзаў паўстае ўсё большая напружанасьць”.

Даклады сяброў дэмакратычных прафсаюзаў стануць альтэрнатывай выступаў урадавай дэлегацыі Беларусі, якая адмовілася ўключыць у свой склад прадстаўнікоў незалежных аб’яднаньняў. Вось як гэта камэнтуе лідэр Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Там яны крыху інакш праводзяцца чым тут: у нас адбываюцца гутаркі, і можна зразумець, што нейкай колькасьці людзей бывае няёмка, бо ім прыходзіцца даказваць тое, чаго няма. Яны й самі разумеюць, як іх характарызуюць”.

Дэлегацыя незалежных прафсаюзаў Беларусі намерваецца правесьці ў Жэнэве шэраг сустрэчаў зь лідэрамі міжнародных прафсаюзных цэнтраў з мэтай супрацоўніцтва ў змаганьні за правы прафсаюзаў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG