Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юры Бандажэўскі ў турме пісаў кнігі і слухаў Радыё Свабода (частка другая)


Валер Каліноўскі, Менск Карэспандэнт Радыё Свабода з дазволу адміністрацыі папраўчай калёніі-пасяленьня №26, што ля вёскі Гэзгялы Дзятлаўскага раёну, правёў інтэрвію з былым рэктарам Гомельскага мэдінстытуту Юрыем Бандажэўскім. Гэта першае інтэрвію з прафэсарам, якога арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала палітычным вязьнем, за 3,5 году ў няволі.

Былы рэктар мэдінстытуту Юры Бандажэўскі ў сваім пешым інтэрвію пасьля пераводу ў калёнію-пасяленьне ля вёскі Гэзгялы Дзятлаўскага раёну, паведаміў Свабодзе, што мінулай восеньню ў менскай турме ў яго быў вельмі складаны пэрыяд. Была такая магчымасьць, што яго маглі вынесьці з турмы, як ён зазначыў, “наперад нагамі”. У яго нечакана выявіўся найцяжэйшы хранічны апэндыцыт з прыкметамі пэрытаніту і гангрэны. Гаворыць Юры Бандажэўскі:

(Бандажэўскі: ) “Мне было сапраўды цяжка, я хадзіў, трымаючыся за сьценку, практычна загінаўся”.

У турэмным шпіталі лекары не адразу знайшлі прычыну хваробы, гной выцек у кішэчнік. Але ўрэшце абышлося — спадар Бандажэўскі вытрымаў апэрацыю і выжыў. Цяпер жа ён мае зайздроснае здароўе. Можа прадэманстраваць свае амаль “жалезныя” біцэпсы на 45 сантымэтраў. У тым шпіталі ён сустрэў знаёмую, лекарку-нэўрапатоляга, выпускніцу свайго былога інстытуту. Пагаварыць зь ёю аднак не ўдалося. Пра Гомельскі мэдінстытут, першым рэктарам якога ён быў, спадар Бандажэўскі згадвае з болем:

(Бандажэўскі: ) “Цяпер нібыта размовы пайшлі, што яны хочуць яго закрыць. Але ж гэта дзевяць гадоў маёй працы. Гэта як маё дзіця”.

Але пра свае былыя пасады і званьні спадар Бандажэўскі асабліва гаварыць ня хоча. Шматгадовая ізаляцыя дазваляе зрабіць пераацэнку каштоўнасьцяў, а таксама разьвівае іншыя якасьці. Юры Бандажэўскі добра ведае пра шматлікія міжнародныя акцыі ў ягоную падтрымку. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала яго вязьнем сумленьня, а ўФранцыі быў створаны камітэт за ягонае вызваленьне.

Аднак акцыя праходзіла за акцыяй, зьбіраліся дзясяткі тысяч подпісаў, на менскія ўладныя структуры скіроўваліся звароты, але нічога ў ягоным лёсе не мянялася. Да мінулага панядзелка, калі яго нарэшце перавялі на вольнае пасяленьне. У цяперашняй сытуацыі гэта сапраўды ўспрымаецца як цуд, якога сам спадар Бандажэўскі патлумачыць пакуль ня можа. Аднак хочацца спадзявацца, што менавіта міжнародныя акцыі за вызваленьне спадара Бандажэўскага нарэшце паўплывалі на зьмякчэньне рэжыму ягонага ўтрыманьня.

Прафэсар Бандажэўскі і сам стала атрымліваў шматлікія лісты, паштоўкі, нават бандэролькі з сувэнірамі, малюнкамі з усяго сьвету. За першы год з розных краінаў ён атрымаў 10 тысяч лістоў падтрымкі: з Францыі, ЗША, Канады, Нідэрляндаў, Аўстраліі. За наступныя два гады — яшчэ 15 тысяч лістоў і паштовак.

(Бандажэўскі: ) “Жонка Галіна атрымлівала мой архіў, яна забрала кіляграмаў трыста-чатырыста гэтых лістоў. Я іх паліць не дазволіў, а каму яны там патрэбныя? Там цэлы скарб. Людзі, асабліва шмат дзяцей, дасылалі такія кранальныя лісты, малюнкі, чытаеш гэта — сьлёзы цякуць. Гэта ўнікальныя рэчы. Так, клопат быў вялізны, я адчуваў яго, але некаторыя з адміністрацыі, праўда, шалелі ад гэтага, асабліва тут”.

Пятнаццаць францускіх гарадоў ушанавалі спадара Бандажэўскага званьнем ганаровага грамадзяніна, пакуль ён быў у турме. Зусім нядаўна Міжземнаморскі ўнівэрсытэт у Марсэлі надаў яму статус ганаровага доктара. А ці шмат пісалі ў турму Бандажэўскаму суайчыньнікі, беларусы? Вось як ён адказаў на гэтае пытаньне:

(Бандажэўскі: ) “Не, беларус ніводзін не напісаў. Ня ведаю чаму, мабыць, я ўжо ня сын беларускага народу. Неяк забылі, як няроднага”.

Юры Бандажэўскі свае ацэнкі беларускай рэчаіснасьці называе не скептычнымі, а рэалістычнымі, “Гэта аб’ектыўны погляд з турмы”, — кажа ён з доляй чорнага гумару.

(Бандажэўскі: ) “Самы лепшы камуністычны гадавальнік — гэта Беларусь. І хай ня крыўдзяцца на мяне прадстаўнікі камуністычнага атраду, гэта іх рук справа. Іх адкрыты падман людзей, на розных этапах, які прывёў да гэтага ўсяго. Цяпер мы маем адгалоскі таго. Вы думаеце, што за год штосьці зьменіцца? Яшчэ нічога не зьмянілася, гэта яны дыктуюць уладу. Дажываюць, але працягваюць”.

Спадар Бандажэўскі не адносіць сябе да апазыцыі, ён выказваецца даволі крытычна і наконт апанэнтаў цяперашняй улады, не называючы аднак прозьвішчаў. Не ўхваляе ён, зразумела, і дзеяньняў улады. Але і ня бачыць шанцаў на перамены да лепшага.

(Бандажэўскі: ) “Ня бачу я нічога. Можа, што-небудзь адбудзецца за гэты час… Але ня ведаю. Па-мойму, так добра “ўкатана” ўсё” калі па шайбах, то дзесяць-нуль на карысьць прэзыдэнта”.

Адзінае, што спадар Бандажэўскі губляецца канчаткова вызначыць для сябе, каго гэтак перамог кіраўнік дзяржавы: апазыцыю ці народ. На думку Юрыя Бандажэўскага, да чарнобыльскай праблемы і беларускае грамадзтва, і ўлада, і апазыцыйныя палітыкі сталі больш абыякавымі. А дарма, бо Чарнобыль — гэта назаўсёды, лічыць ён.

(Бандажэўскі: ) “Гэта сур’ёзна. Сьвет з часу адкрыцьця і стварэньня атамнай бомбы перайшоў у іншую паласу вымярэньня. На жаль, людзі ня хочуць гэтага зразумець. Людзі стварылі сваімі рукамі фактар, якому ня проста няма роўных, але які цалкам мяняе погляд на сьвет”.

Гаворачы пра тых, хто спрычыніўся да ягонага арышту і асуджэньня, спадар Бандажэўскі кажа, што ў інтрыгах на гэты конт удзельнічалі многія людзі, але кіравалі імі нават не ў Беларусі, а ў міжнародным атамным лобі.

Прафэсар Юры Бандажэўскі і ягоны калега прарэктар Гомельскага мэдінстытуту Ўладзімер Раўкоў былі асуджаныя ў 2001 годзе за хабар, які нібыта атрымалі ад бацькоў абітурыентаў Гомельскага мэдінстытуту. Падчас судовага працэсу праваабаронцы зафіксавалі восем парушэньняў дзейнага беларускага заканадаўства. Міжнародная і беларуская грамадзкасьць лічыць Бандажэўскага вязьнем сумленьня, які пацярпеў за тое, што паведамляў праўдзівую навуковую інфармацыю пра нэгатыўны ўплыў радыяцыі на здароўе людзей і крытыкаваў палітыку ўладаў у гэтай галіне. Аднак спробы грамадзкасьці дабіцца адмены прысуду спадару Бандажэўскаму плёну не далі.

Інтэрвію з Юрыем Бандажэўскім. Першая частка
XS
SM
MD
LG