Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікі вырашылі больш не пакідаць кватэры дэпутата Фралова


Альгерд Невяроўскі, Менск Дэпутаты групы “Рэспубліка”, якія трымаюць галадоўку ўжо чацьвертыя суткі, вырашылі без асаблівай патрэбы больш не пакідаць кватэры генэрала Фралова. Яны хочуць зьберагчы свае фізычныя сілы, быць на вачах у грамадзкасьці ды пазьбегнуць абвінавачаньняў з боку дзяржаўных СМІ і ўладаў, што гэтая галадоўка нібыта несапраўдная.

Я сустрэў дэпутатаў Валерыя Фралова і Сяргея Скрабца каля пад’езду дому па Казарменным завулку, калі яны разам з галадоўнікамі-актывістамі АГП вярталіся з ранішняга шпацыру. Дэпутаты сказалі, што ўвогуле адчуваюць сябе някепска. Галадоўнікі паведамілі, што 6 чэрвеня быў апошнім днём, калі яны выйшлі на шпацыр. Цяпер Сяргей Скрабец, Валеры Фралоў і актывісты АГП будуць увесь час знаходзіцца ў кватэры і толькі зрэдку выходзіць у двор да журналістаў і актывістаў апазыцыі. Сяргей Скрабец так патлумачыў прычыну гэтага рашэньня:

(Скрабец: ) “Зыходзячы з тых тэлефанаваньняў, што даходзяць да нас: “Галадуеце вы ці не, ці ходзіце на мерапрыемствы” — мы прынялі рашэньне зь сёньняшняга дня нікуды не хадзіць. Трэба і сілы ашчаджаць, бо галадоўка бестэрміновая, калі яна скончыцца — ніхто ня ведае. Таму будзем тут знаходзіцца, і думаю, што многія шматсэнсоўныя тлумачэньні нашай галадоўкі пасьля гэтага самі адпадуць”.

Адзіным галадоўнікам, які ня будзе ўвесь час знаходзіцца разам са сваімі калегамі, ёсьць дэпутат Уладзімер Парфяновіч. Але 6 чэрвеня раніцай ён прыехаў на кватэру Валерыя Фралова. Спадар Парфяновіч так патлумачыў, чаму ён галадае дома:

(Парфяновіч: ) “Справа ў тым, калі вы разумееце, ёсьць такія інтымныя рэчы, якія сорамна рабіць разам, калі ты трымаеш галадоўку. Гэта маленькі жарт, але ён праўдзівы. Таму я думаю, што начаваць я буду дома, але я ўсё роўна буду разам са сваімі сябрамі. І тыя, хто думае сёньня, што нехта пайшоў недзе пагуляць, ён там пад падушкай будзе есьці кілбасу. Гэтак хай думаюць тыя, якіх у арміі “дубасілі” за гэта з усёй сур’ёзнасьцю. Бо ёсьць яшчэ нейкія прынцыпы, ёсьць сумленьне, якое не дазваляе гэтага рабіць”.

Галадоўнікі вельмі ўдзячныя лідэрам і актывістам дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія падтрымліваюць іх у часе галадоўкі. Валеры Фралоў гаворыць, што ім тэлефануе вельмі шмат людзей зь Беларусі і з-за мяжы:

(Фралоў: ) “З-за мяжы былі званкі з Варшавы, былі званкі зь Літвы. Мы ведаем шмат людзей. За ўчорашні й сёньняшні дзень патэлефанавалі людзі з трыццаці ці сарака гарадоў. І ня толькі сябры партыяў. Простыя людзі тэлефануюць”.

Дэпутат Фралоў таксама выказаў добрыя словы на адрас міліцыянтаў, якія ўвесь час знаходзяцца каля яго дому, але не перашкаджаюць праводзіць галадоўку і не чапаюць транспаранту з надпісам: “Не — трэцяму тэрміну! За свабодныя выбары! Свабоду Марынічу!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG