Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

5 чэрвеня, 22 гадзіна: рэпартаж карэспандэнта Свабоды з кватэры Валера Фралова


5 чэрвеня – трэці дзень галадоўкі дэпутатаў Фралова, Парфяновіча й Скрабца, якія патрабуюць унясеньня зьменаў у Выбарчы кодэкс Беларусі й вызваленьня з-пад варты былога міністра й дэпутата Вярхоўнага савету ХІІ і ХІІІ скліканьняў Міхаіла Марыніча. А 22 гадзіне ў кватэры Валеры Фралова разам з галадоўнікамі знаходзіцца наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі. Яму слова: "Я цяпер знаходжуся ў кватэры дэпутата Валера Фралова. Некалькі хвілінаў таму ён, а таксама лідэр групы "Рэспубліка" Сяргей Скрабец і актывіст АГП Уладзімер Чырвоненка выйшлі на прагулку. У кватэры застаюцца Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў. Усе яны галадаюць. Некалькі гадзінаў таму на бальконе кватэры спадара Фралова быў вывешаны транспарант з асноўнымі патрабаваньнямі галадоўнікаў, а менавіта: "Не -- трэцяму тэрміну", "За справядлівыя выбары", "Свабоду Марынічу". Удзельнікі галадоўкі й назіральнікі асьцерагаюцца, што супрацоўнікі сілавых структураў паспрабуюць зьняць гэты транспарант, і гэтыя асьцярогі, дарэчы, не беспадстаўныя. За рагом дому, дзе жыве Валеры Фралоў, дагэтуль стаіць аўтобус з амонаўцамі, а ў двары знаходзяцца супрацоўнікі ў цывільным. Дэпутаты Фралоў і Скрабец сказалі, што зробяць усё магчымае, каб не дапусьціць ліквідацыі гэтага транспаранта. Сёньня ўвечары дэпутаты выйшлі ў двор і адказалі на пытаньні журналістаў. Валер Фралоў, якому сёньня выклікалі брыгаду "Хуткай дапамогі", сказаў, што цяпер адчувае сябе нядрэнна. Ён і ягоныя калегі гавораць, што будуць трымацца да апошняга”.
XS
SM
MD
LG