Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хойніцкі торфабрыкетны завод выпускае небясьпечнае паліва, заражанае радыяцыяй


Казімер Яноўскі, Гомель Хойніцкі торфабрыкетны завод выпускае паліва, моцна заражанае радыяцыяй. Няякасны торфабрыкет выявіў Гомельскі цэнтар стандартызацыі і мэтралёгіі.

Заражаны радыяцыяй торфабрыкет Хойніцкі завод прадаваў у Лоеўскі раён. Утрыманьне ў паліве радыянуклідаў цэзію было нашмат большым за дапушчальны ўзровень.

Паводле заключэньня рэгіянальнага цэнтру стандартызацыі і мэтралёгіі, Хойніцкая раённая пракуратура распачала супраць дырэктара заводу Рыгора Голіка адміністрацыйную справу за выпуск і рэалізацыю спажыўцам заражанай прадукцыі.

Вось што на гэта сказаў нашаму радыё сам спадар Голік:

(Голік: ) “Што я памераю на кожным сантымэтры? Гэта бяда! А тут ужо пракуратура… Наадварот, трэба ўсім разам змагацца. А яны мне штраф дадуць – і ўсё, працэс прайшоў. У брыкеце радыяцыю знайшлі, а ў мясе і малацэ – не!”

Кіраўнік заводу сьцьвярджае, што праверыць усю прадукцыю складана. Дасьледаваньні брыкету на радыяцыю можна зрабіць у Менску альбо Гомелі, і гэта каштуе дадатковых грошай. Патрэбна адмысловая лябараторыя ў Хойніках.

(Голік: ) “У Хойніках павінен быць радыялягічны цэнтар. Тут павінны ўсё правяраць. Людзі павінны быць, займацца гэтым, бо тут зона такая. А ў нас адразу – на дырэктара. Штраф дадуць дырэктару – і ўсё”.

На наступным тыдні на торфабрыкетны завод у Хойнікі праедзе адмысловая камісія канцэрну “Белпалівагаз”. Яна павінна ня толькі вывучыць сытуацыю, але і даць заводу новыя рэкамэндацыі што да вырабу брыкетнага паліва.
XS
SM
MD
LG