Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета на рэканструкцыю беларускіх тэатраў выдаткавана 33 мільярды рублёў, а на Опэрны плянуюць выдаткаваць больш як 80 мільёнаў даляраў


Юлія Шарова, Менск Ці вялікія гэта грошы для такога кшталту ўстановаў культуры і ці шмат на іх можна зрабіць?

У Беларусі, паводле зьвестак Міністэрства культуры, цяпер налічваецца 27 тэатраў. Калі падзяліць на ўсіх 33 мільярды рублёў, якія выдаткоўваюць сёлета з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, то сумы атрымаюцца зусім не грандыёзныя. Я запыталася ў начальніка ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Міністэрства культуры Віктара Рамашэўскага, наколькі гэтых грошай хапае, каб задаволіць патрэбы ўсіх тэатраў у рамонце ды рэканструкцыі, але прадстаўнік міністэрства адмовіўся камэнтаваць гэтую лічбу.

Дырэктар Рускага тэатра імя Горкага Эдуард Герасімовіч кажа, што сума гэтая зусім нямалая. Нядаўна ягоны тэатар таксама перажыў рамонт, у які ўклалі 800 мільёнаў рублёў, прычым зрабіць на гэтыя грошы ўдалося даволі шмат.

(Герасімовіч: ) “Мы ўсё літаральна ўнутры зрабілі, рамонт інжынэрных камунікацыяў, паставілі ахоўную пажарную сыгналізацыю. Усе вокны замянілі на “шклопакеты” ў тэатры. Зрабілі, каб было цёпла. Мы спадзяемся, што ў нас яшчэ нейкая колькасьць грошай будзе, бо ў нас яшчэ глядацкая частка мае патрэбу ў рамонце”.

Паводле спадара Герасімовіча, ня варта гэтак проста дзяліць 33 мільярды рублёў на 27 тэатраў. У кожнай установы свае патрэбы, і яны могуць вельмі адрозьнівацца. Напрыклад, для тэатра абласнога падпарадкаваньня мільярд рублёў будзе казачным падарункам, а вось опэрнаму тэатру гэтым грошай хопіць, каб крыху падлатаць дзіркі. Да таго ж, кожны год увага канцэнтруецца на розных установах: сёлета займаюцца рамонтам аднаго тэатра, на наступны год больш грошай накіроўваюць на іншы.

Наколькі вядома, грошы на рамонт Опэрнага сёлета выдаткуюць, але ж пра тое, дзе будуць працаваць опэрная і балетная трупы ў час, калі будынак зачыняць, яшчэ ня вырашылі.

Дырэктар творчага аб’яднаньня “Беларускі нацыянальны акадэмічны тэатар опэры і балета” Валянцін Бушны гаворыць, што пакуль тэатар робіць бягучы рамонт, на які выдаткавалі каля 800 мільёнаў рублёў.

(Бушны: ) “Капітальны рамонт мы ня робім, мы робім бягучы рамонт, бо ў нас будзе рэстаўрацыя на наступны год. На бягучы рамонт гэтых грошай, якія нам выдаткавалі, дастаткова. Дай бог, каб нам далі магчымасьць іх выкарыстаць. А тое, што будзе зьвязанае з рэстаўрацыяй, то на яе выдаткавалі 82 мільёны даляраў”.

Рэстаўрацыя гэта, як паведамлялася раней, пачнецца ў наступным годзе. Мяркуючы па суме, якую выдаткоўваюць на прывядзеньне ў парадак будынка опэры, гэта можа быць яшчэ адна будоўля веку, што распачнецца сьледам за ўзьвядзеньнем Нацыянальнай бібліятэкі. Але ж застаецца адкрытым пытаньне пра тое, куды падзенуцца калектывы, што працуюць у гэтым будынку цяпер. Зразумела, што досьвед філярмоніі, якая цяпер таксама зачыненая на рамонт, тут нельга ўжыць. У Менску няма болей ніводнай пляцоўкі, дзе можна паказваць опэрныя ці балетныя спэктаклі, а Палац рэспублікі, які пэўны час разглядалі як месца часовага побыту для опэры, для гэтага зусім не прыдатны.
XS
SM
MD
LG