Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Парфяновіч, Скрабец і Фралоў галадаюць трэці дзень, з Дому ўраду дэпутаты пераехалі на кватэру Фралова


Уладзімер Глод, Менск 5 чэрвеня, у суботу, яны працягвалі сваю бестэрміновую галадоўку. Дэпутаты пратэстуюць на знак таго, што кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў адмаўляецца паставіць на разгляд усяго дэпутацкага корпусу пытаньне аб уключэньні ў парадак дня апошняй сэсіі гэтага парлямэнту зьменаў і дадаткаў да выбарчага заканадаўства. Адпаведны дакумэнт дэпутацкая група "Рэспубліка" падрыхтавала яшчэ год таму.

Ад Дома ўраду асноўныя падзеі, зьвязаныя з галадоўкай, перамясьціліся да будынку на Казарменным завулку, дзе жыве Валеры Фралоў.

Пераезд спадар Фралоў тлумачыць жаданьнем дэпутатаў-галадоўнікаў быць побач з тымі, хто іх маральна падтрымлівае. У Доме ўраду гэта было б немагчыма.

(Фралоў: ) “Тут вельмі няўдалае месца, мы – у палаце, а яны – там. Таму зьявілася прапанова пераехаць на хату. Там кожны чалавек, які хоча выказаць нам падтрымку, будзе мець такую магчымасьць”.

Паводле Сяргея Скрабца, амаль кожныя пяць хвілінаў дэпутатам звоняць зь Беларусі і з замежжа знаёмыя і незнаёмыя людзі, якія заклікаюць галадоўнікаў не спыняць барацьбу.

(Скрабец: ) “Зусім нядаўна было такое тэлефанаваньне. Званіла жанчына і сказала: "Трымайцеся хлопцы! Мы вельмі вас падтрымліваем. Я званю па даручэньню суседзяў, бацькоў, мы паверылі, што ў Беларусі ёсьць людзі, якія любяць сваю Радзіму, якія гатовыя змагацца за справядлівасьць". За тры дні не было ніводнага званка, каб хтосьці нас асуджаў і казаў, заканчвайце вашу галадоўку”.

Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” зазначыў, што дух галадоўнікаў узьнімае таксама і літаратура.

(Скрабец: ) “Нам перадалі кніжку “Васіль Быкаў на Свабодзе”. Мы вельмі ўдзячны за гэта. Тут адлюстраваны шлях мужнага чалавека, якога мы ўсе вельмі паважаем. І гэта нам дапамагае праводзіць нашу галадоўку”.

Дэпутаты спадзяюцца, што іхная галадоўка дасьць плён і таму, што многія людзі задумаюцца, як яны цяпер жывуць. Уладзімер Парфяновіч хоча паказаць узаемную сувязь паляпшэньня заканадаўства і паляпшэньня дабрабыту:

(Прафяновіч: ) “Я ўсё ж спадзяюся, што тое, што мы робім цяпер, дойдзе да нашых грамадзянаў, і яны зразумеюць, чаму мы гэта робім. Не магчыма зьнізіць узровень камунальных плацяжоў і ўзьняць пэнсіі, калі не зьмяніць сутнасьць гэтай улады”.

Сярод трох галадоўшчкаў Валеры Фралоў найстарэйшы. Якія ў яго адчуваньні?

(Фралоў: ) “Асаблівых няма. Толькі калі ўстаеш, галава кружыцца. А так, мне здаецца, добрае адчуваньне”.
XS
SM
MD
LG