Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Wall Street Journal”: Беларусь у брэжнеўскім стылі


Ганна Соусь, Прага Артыкул з такой назвай надрукаваны сёньня ў амэрыканскім “The Wall Street Journal”. “Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка пачынае кампанію за свае пераабраньне ў 2006 годзе з абвяшчэньня вайны прыватнаму сэктару,” – адзначае выданьне.

У той час, калі ўладальнікі невялікіх фірмаў у суседніх Літве і Польшчы радуюцца ў сувязі з далучэньнем да Эўразьвязу, тыя нямногія беларусы, якія асьмеліліся ўкласьці свае зьберажэньні ў кафэ, заводы па вырабу аўтамабільных запчастак ці фэрмэрскія гаспадаркі, баяцца таго, што іх можа чакаць наперадзе. А гэта, як піша “The Wall Street Journal” і палітычна матываваныя крымінальныя расьсьледаваньні, і новыя ініцыятывы ў скарачэньні працоўных месцаў, і візыт чарговага падатковага інспэктара.

А тым часам, піша журналіст, падхалімы Лукашэнкі хаваюць ад прэзыдэнта рэальныя дадзеныя, аддаючы перавагу расповедам пра фіктыўныя лічбы беспрацоўя, частковай занятасьці й валавога ўнутранага прадукту. Гучыць знаёма? – запытваецца аўтар артыкулу журналіст Пітэр Саводнік, і адказвае: “Як некалі Савецкі Саюз у часы Леаніда Брэжнева, так і сёньняшняя Беларусь зьяўляецца аб’ектам састарэлых жартаў, якія маглі бы быць сьмешнымі, калі б людзі ў гэтай краіне не задыхаліся пад ціскам рэпрэсіўнага і анахранічнага рэжыму”.

“The Wall Street Journal” адзначае, што ў Беларусі амаль няма свабоднага рынку, які можна было б прыгнятаць. Дзяржава кантралюе каля 80% унутранага валавога прадукту, а тыя 15-20%, якія знаходзіцца ў прыватнай ўласнасьці, настолькі зарэгуляваныя, што іх нельга лічыць па-сапраўднаму прыватнымі.

Апроч 12 падаткаў, якія павінны заплаціць большасьць бізнэсоўцаў, і мноства правілаў што да супрацьпажарнай бясьпекі, санітарнага стану, архітэктуры й гэтак далей, ёсьць яшчэ КГБ і мафія, і кожны зь іх сочыць за тым, каб ніхто, апроч іх ў Беларусі не станавіўся надта багатым.

Як адзначаецца ў артыкуле, усё гэта запаволіла разьвіцьцё эканомікі Беларусі ў постсавецкі пэрыяд. Сфэрам паслугаў і інфармацыйных тэхналёгіяў яшчэ належыць замацавацца. Замежныя інвэстыцыі ў Беларусі амаль што спыніліся. “Ford Motor Company”, “Ikea”, расейскі бровар “Балтыка” спынілі свае апэрацыі ў Беларусі.

“The Wall Street Journal” прыводзіць дадзеныя са справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША за 2003 год, у якой ўтрымліваліся перасьцярогі амэрыканскім кампаніям трымацца далей ад гэтай былой савецкай рэспублікі, і як абгрунтаваньне прыводзіліся – адвольная заканадаўчая сыстэма, занадта складаны працэс атрыманьня ліцэнзіяў, кантроль за цэнамі і адсутнасьць незалежнай судовай сыстэмы.

Выданьне канстатуе, што як і ў былыя часы, у эканоміцы Беларусі дамінуе вытворчы сэктар, сфакусаваны на выпуску трактароў, грузавых аўтамабіляў, станкоў і сельскагаспадарчай тэхнікі.

І ўсё ж рэжым Лукашэнкі засьцерагаецца жменькі прадпрымальнікаў, якія здолелі застацца на паверхні. Таму што людзей, якія фінансава не залежаць ад дзяржавы, кантраляваць больш складана. А для дэспатаў важны кантроль – улада. І таму ня дзіўна, піша “The Wall Street Journal”, што Лукашэнка пачаў выдаваць мноства ўказаў і распараджэньняў, якія робяць жыцьцё беларускіх бізнэсоўцаў усё больш складаным – і гэта відавочны намер “прыціснуць” тых, хто мог бы падтрымаць дэмакратычную апазыцыю і перашкодзіць намаганьням Лукашэнкі падарыць сябе трэці 5-гадовы тэрмін прэзыдэнцтва.

Выданьне піша, што адмова ад эканамічных рэформаў толькі ускладніць сытуацыю ў Беларусі сёньня і праблемы Аляксандра Лукашэнкі ў будучыні. І гэта павялічвае верагоднасьць таго, што беларусы, вядомыя сваім доўгацярпеньнем да рознага кшталту прыгнёту, ў рэшце паўстануць і абяруць новага лідэра, ці, калі выбары і далей будуць фальсыфікавацца, гвалтоўным чынам пасунуць цяперашняга кіраўніка, гэтак піша амэрыканскі “The Wall Street Journal”.
XS
SM
MD
LG