Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старшыня Хэльсынскага камітэту і яе муж патрабуюць ад БТ кампэнсацыі маральных стратаў


Альгерд Невяроўскі, Менск 4 чэрвеня Першамайскі раённы суд Менску аднавіў разгляд пазовы старшыні БХК Тацяны Процькі й яе мужа Зьмітра Козыра да Беларускага тэлебачаньня і аглядальніка Юрыя Пракопава. Спадарыня Процька і спадар Козыр абвінавачваюць БТ і Юрыя Пракопава ва ўмяшальніцтве ў іх прыватнае жыцьцё. Аглядальнік вінаватым сябе не прызнае і гаворыць, што зьняты ім сюжэт адпавядае інфармацыйнай палітыцы БТ.

Пасьля амаль месячнага перапынку судзьдзя Алена Ананіч аднавіла разгляд пазову сям’і Процькі й Козыра да БТ і аглядальніка Пракопава. Аўтары пазову і іх прадстаўнік Гары Паганяйла працягвалі даводзіць, што Юры Пракопаў 29 лютага ў праграме “Ў цэнтры ўвагі” распаўсюдзіў зьвесткі, што тычацца прыватнага жыцьця. У сюжэце быў паказаны дом старшыні Хэльсынскага камітэту, паведамлена пра яе высокую зарплату, а таксама сказана, што сям’я Процькі й Козыра нібыта маюць 15 дарагіх коней, лазьню і шыкоўную машыну.

Паводле пазоўнікаў, у сваім сюжэце Юры Пракопаў распаўсюдзіў непраўдзівыя зьвесткі. У іх няма 15 дарагіх коней (усяго толькі 5, прыкладна за 100 даляраў кожны), шыкоўнага джыпу і лазьні. Але найбольш Тацяну Процьку і Зьмітра Козыра абурыла тое, што Юры Пракопаў здымаў іх маёмасьць без адпаведнай згоды і намякаў, што ўсё гэта куплена на заходнія грошы, якія выдаткоўваліся Хэльсынскаму камітэту. Пазоўнікі прадаставілі суду дакумэнты, паводле якіх іх маёмасьць набытая законна і на ўласныя грошы.

Юры Пракопаў вінаватым сябе не прызнае:

(Пракопаў: ) “Ведаеце, усе гэтыя даведкі сьведчаць толькі толькі пра тое, што ўся гэтая гісторыя з пазовам у суд вельмі моцна “прыцягнутая за вушы”. Адна даведка супярэчыць іншай. То спадар Паганяйла і Процька гавораць, што гэта ўмяшальніцтва ў іх асабістае жыцьцё. То прыносяць даведку пра тое, якія яны сумленныя і як яны гэта ўсё сумленна нажывалі і г.д. Я не сумняюся, што гэта так. Тое, што мы паказалі, гэта ўсе ведаюць і так”.

А вось якія ўражаньні ад працэсу ў Тацяны Процькі:

(Процька: ) “Што ўразіла мяне? Тое, што Белтэлерадыёкампанія са сваім юрыстам і сам Юры Пракопаў зусім не рыхтуюцца да судовага паседжаньня. У іх няма ніякіх аргумэнтаў, якія бы пацьвердзілі іхную пазыцыю. Яны проста гавораць: мы не прызнаем, і ўсё. Другое. Я спыталася ў спадара Юрыя Пракопава: “Вось тое, што вы робіце, гэта ад душы, па ўнутраным перакананьні, што я такая, ці гэта нейкі для вас загад?” Ён мне публічна ў судзе адказаў: “Гэта палітыка Дзяржтэлерадыёкампаніі”.

Старшыня БХК і яе муж лічаць, што ў якасьці кампэнсацыі маральных стратаў БТ і Юры Пракопаў павінны выплаціць ім па 35 мільёнаў рублёў.

Рашэньне ў гэтай справе будзе вынесенае 7 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG