Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная супольнасьць сочыць за галадоўкай беларускіх дэпутатаў, Хаўер Саляна заклапочаны галадоўкай ў Менску


Юры Сьвірко, Менск Пра галадоўку паінфармаваны дзейны старшыня АБСЭ — міністар замежных справаў Баўгарыі Саламон Пасі, які 8 чэрвеня прыедзе ў Менск. Кіраўніца рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі Ута Цапф выказвае салідарнасьць з галадоўнікамі. Прадстаўнік Эўразьвязу ў справах замежнай палітыкі й бясьпекі Хаўер Саляна заклапочаны галадоўкай у Менску.

Супрацоўнік менскага офісу АБСЭ Вадзім Целін у пятніцу паведаміў Радыё Свабода, што ягоны офіс сур’ёзна паставіўся да галадоўкі трох дэпутатаў палаты прадстаўнікоў:

(Целін: ) “Мы паінфармавалі старшынёўства АБСЭ пра гэтую галадоўку, а таксама пра зварот, які быў распаўсюджаны гэтымі дэпутатамі. Гэта мы зрабілі ўчора. Мы пільна сочым за разьвіцьцём падзеяў у гэтай справе, таксама ўлічваючы візыт на наступным тыдні дзейнага старшыні АБСЭ ў Менск”.

Візыт міністра замежных справаў Баўгарыі Саламона Пасі ў Беларусь пачнецца 8 чэрвеня і быў заплянаваны яшчэ да галадоўкі, аднак супрацоўнікі офісу АБСЭ ў Менску падкрэсьліваюць, што тэма гэтага пратэсту трох дэпутатаў беларускага парлямэнту ды іх патрабаваньняў разгледзець зьмены ў Выбарчым кодэксе будуць абавязковыя абмеркаваныя падчас сустрэчы дзейнага старшыні АБСЭ зь беларускімі чыноўнікамі.

А кіраўніца рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ута Цапф, якая на мінулым тыдні сустракалася з Валерам Фраловым у Бэрліне, у інтэрвію Радыё Свабода сказала:

(Цапф: ) “Я крыху зьдзіўленая, таму што яны не сказалі мне ніводнага слова пра мажлівасьць акцыі такога кшталту. Мы размаўлялі пра тое, як яны зьбіраюцца праводзіць сваю выбарчую кампанію, пра сытуацыю, але яны нават не згадалі, што могуць пайсьці на галадоўку, каб ажыцьцявіць зьмены ў Выбарчым кодэксе ды ў лёсе спадара Марыніча. Я думаю, што гэта акт адчаю. Мажліва, яны не атрымаюць ніякіх вынікаў што да паляпшэньня Выбарчага кодэксу, але, наколькі я разумею, яны хацелі ўказаць на нешта вельмі сур’ёзнае, таму што, вядома, пабойваюцца, што будучыя выбары ня будуць справядлівымі й свабоднымі ды не прынясуць ніякіх добрых вынікаў у справе паляпшэньня сытуацыі з удзелам апазыцыі ў парлямэнце”.

Я спытаўся ў спадарыні Цапф, ці па-ранейшаму для Захаду вельмі важныя зьмены ў Выбарчым кодэксе Беларусі, якіх дамагаюцца ад уладаў дэпутаты групы “Рэспубліка”.

(Цапф: ) “Мая асабістая думка — мы столькі разоў прасілі іх зрабіць некаторыя паляпшэньні ў законе, што цяпер вельмі позна, каб гэта рэальна зрабіць. Я думаю, што абсалютна важна, каб яны прымянялі Выбарчы кодэкс у цалкам адпаведнай манеры — напрыклад, у справе фармаваньня выбарчых камісіяў, каб у іх удзельнічалі апазыцыйныя партыі, і, вядома, у справе назіраньня, дзе абсалютна важна, каб былі назіральнікі з самой Беларусі, якія сапраўды могуць назіраць і кантраляваць вынікі на ўсіх участках для галасаваньня. Я думаю, што гэта жыцьцёва важна. Да таго ж будуць мажлівасьці для маніпуляцыі з датэрміновым галасаваньнем, таму што калі дырэктар фэрмы кажа ўсім ісьці туды і галасаваць, дык выбарцы ня могуць галасаваць за іншыя партыі ды іх кандыдатаў, або гэтымі галасамі можна маніпуляваць, бо за імі не назіраюць. А выязное галасаваньне — прынамсі, калі яго будуць праводзіць так, як было на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, — адкрытае для любых маніпуляцыяў, пра якія можна толькі падумаць”.

А вось як спадарыня Цапф адказала на пытаньне, ці былі ў нядаўняй гісторыі парлямэнтаў краінаў АБСЭ галадоўкі, і як яна асабіста ставіцца да такой акцыі пратэсту трох беларускіх дэпутатаў:

(Цапф: ) “Я не магу прыгадаць якой-небудзь галадоўкі ў іншых парлямэнтах, але, можа, проста я ня памятаю. Гэта вельмі асабістае рашэньне — абвяшчаць галадоўку такога кшталту. Вядома, я падтрымліваю тыя паляпшэньні, якіх яны дамагаюцца. Але кожны індывідуўм мусіць вырашаць для сябе, ці трэба для гэтага галадоўка або нешта падобнае. Гэта нельга пакараць, гэта не гвалтоўнае. Калі яны абралі такія дзеяньні, я падтрымліваю іх”.

А памочнік Хаўера Саляны, прадстаўніка Эўразьвязу ў справах замежнай палітыкі й бясьпекі, зь якім сябры групы “Рэспубліка” нядаўна сустракаліся ў Брусэлі, прасіў не называць ягонага імя, але заявіў пра галадоўку:

(Памочнік: ) “Існуе вялікая заклапочанасьць тым, што адбываецца, і як вы, напэўна, ведаеце, спадар Саляна, калі сустракаўся зь лідэрамі беларускай апазыцыі, выказаў сваю глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі. Пачуўшы і прачытаўшы пра галадоўку гэтых парлямэнтароў, якія толькі што былі ў Брусэлі, спадар Саляна, вядома, ня толькі сумуе, але і хвалюецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG