Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Юры Бандажэўскі ў турме пісаў кнігі і слухаў Радыё Свабода


Валер Каліноўскі, Менск “Самае галоўнае — верыць у сябе. Верыць у той шлях, дзеля якога ты нарадзіўся. У мяне думкі былі: так, што ні адбылося б, я ўсё роўна павінен сваю дарогу прайсьці. І я яе прайду, што б са мною ні адбывалася. Як бы ні стараліся замінаць, я яе прайду”, — сказаў Бандажэўскі ў інтэрвію Свабодзе — першае інтэрвію з прафэсарам, прызнаным арганізацыяй “Міжнародная амністыя” палітычным вязьнем, за тры з паловай году ў няволі.

З дазволу адміністрацыі папраўчай калёніі-пасяленьня №26, што ля вёскі Гэзгялы Дзятлаўскага раёну, я правёў інтэрвію з былым рэктарам Гомельскага мэдінстытуту Юрыем Бандажэўскім. У калёніі-пасяленьні ў Гэзгялах вязень Юры Бандажэўскі зьявіўся ў гэты панядзелак пасьля рашэньня Цэнтральнага суду Менску. Разам са 130 небясьпечнымі злачынцамі, якія пераведзеныя з турмаў за добрыя паводзіны, ён дабывае тут свой тэрмін. Яму застаецца яшчэ два з паловай году, калі ня будзе датэрміновага вызваленьня.

Рэжым тут больш вольны, можна выходзіць за браму, болей чытаць, пісаць, атрымліваць перадачы. Вязьні тут жа і працуюць, каб забясьпечыць сябе. Прадпрымальнікі разьмесьцілі ў казармах былой ракетнай часткі вытворчыя цэхі. У адным зь іх зьняволеныя, напрыклад, вяжуць ланцугі для нейкага камэрсанта зь Ліды. А спадара Бандажэўскага ўжо залічылі ў будаўнічую брыгаду. Хоць гэта і няволя, але ўсё ж тут вальней, прызнае спадар Бандажэўскі. Ён не адмаўляецца ад будаўнічай працы, але ўсё ж разьлічвае, што зможа выконваць і іншую, навуковую:

(Бандажэўскі: ) “Я працягваў сваю працу, на розных узроўнях. Толькі сьмерць мяне можа спыніць. І хай не спадзяюцца тыя людзі, якія хацелі Бандажэўскага зламаць, запалохаць. Гэта не ад мяне залежыць, мой мозг загіне тады, калі загіне цела… Навука мяне выратавала, я яшчэ раз пераканаўся, што нічога ў жыцьці не любіў так, як навуку”.

Спадар Бандажэўскі рабіў у турме штодзённыя запісы, якія датычаць ягонай навукі, патафізіялёгіі, узьдзеяньня зьнешняга асяродзьдзя на арганізм. Ён абдумваў тэмы, якія яго хвалююць дзясяткі гадоў. Цяпер гэтыя запісы сабраныя ў артыкулы, будзе некалькі кніжак. Ці спрабавалі турэмныя ўлады неяк перашкаджаць гэтай працы?

(Бандажэўскі: ) “Я падазраваў, што цікавіліся, але ня больш за тое. Калі б яны нават і пачыталі, то гэта такая глыбокая сур’ёзная мэдыцына, тэарэтычная паталёгія, заснаваная на вельмі складаных, выпакутаваных пастулятах. Толькі спэцыялісты маглі бы ацаніць”.

Яшчэ адна турэмная праца Бандажэўскага прысьвечаная сыстэме выжываньня ў турме, напісаная з мэдычнага пункту гледжаньня — гэта для сукамэрнікаў, для тых, хто і цяпер пакутуе ў такіх установах. Спадар Бандажэўскі мае і меў зь імі нармальныя адносіны, нікога не цураўся. Не крыўдуе ён і на адміністрацыю калёніяў, былой і цяперашняй.

Прафэсар Бандажэўскі ў адзін з момантаў свайго турэмнага знаходжаньня вырашыў напісаць просьбу да А. Лукашэнку аб памілаваньні:

(Бандажэўскі: ) “Я выкарыстаў гэты выпадак для таго, каб патлумачыць прэзыдэнту ўсю сытуацыю. Мне падавалася, што ён кепска разумее тое, што адбылося са мною. Можа, я бы і не рашыўся гэтага зрабіць, калі б не камітэт у маю абарону, які існуе ў Францыі, што сабраў тысячы подпісаў за маё вызваленьне. І нашыя парлямэнтары сказалі, што зварот будзе разгледжаны, калі Бандажэўскі падасьць яго. Я і падаў. А фінал вядомы. Просьба прайшла ўсе стадыі і была спыненая прэзыдэнтам з адказам, што яна можа быць задаволеная, калі я прызнаю сваю віну”.

Юры Бандажэўскі не прызнаў і застаўся ў турме. Паколькі спадар Бандажэўскі застаецца вязьнем, прычым дысцыплінаваным, то да нейкіх шчырых размоваў на палітычныя тэмы, з называньнем прозьвішчаў ён не гатовы. Акрамя таго, ён і раней ня быў схільны да публічнай палітычнай дзейнасьці. На пытаньне, ці зьмяніліся за апошні час ягоныя адносіны да спадара Лукашэнкі, ён адказаў так:

(Бандажэўскі: ) “Я дакладна ведаю, што гэта за чалавек, цяпер я гэта дакладна ведаю. Раней былі пытаньні, і я ў іх разабраўся цяпер”.

Інфармацыю пра сытуацыю ў краіне, пра вырашэньне чарнобыльскіх праблемаў спадар Бандажэўскі мае недастатковую. Афіцыёзу ня верыць, тры беларускія тэлеканалы глядзець ня хоча. Хаця быў пэрыяд, калі ўдавалася і лепей задавальняць гэты інфармацыйны голад.

(Бандажэўскі: ) “У мяне была цудоўная магчымасьць да лета мінулага году слухаць па маленькім францускім прымачы, які мне пераслалі, расейскія і эўрапейскія каналы. А часам я Свабоду слухаў, беларускую службу, тады заканчваліся церніі ў адносінах да Васіля Быкава”.

Прафэсар Бандажэўскі пакуль не гаворыць, якім будзе ягоны лёс пасьля вызваленьня, цяпер трэба дачакацца сапраўднай волі.

(Бандажэўскі: ) “Адно я магу сказаць, што палітызаваць пытаньні, якіх я ня ведаю, я ня буду. Ніякіх палітычных акцыяў, у тым пляне, што я выйду і пачну нажываць нейкі палітычны капітал, — ня будзе. Я буду жыць, як і жыў. Ня хочаце карыстацца паслугамі Бандажэўскага — ня трэба. Але сваёй навуцы я буду верны да канца. Няважна, дзе гэта будзе адбывацца: у вёсцы за гэтай зонай, ці недзе ў іншым месцы”.
XS
SM
MD
LG