Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бестэрміновая галадоўка дэпутатаў Парфяновіча, Скрабца і Фралова працягваецца


Уладзімер Глод, Менск Кожны дэпутат Палаты прадстаўнікоў 4 чэрвеня нарэшце атрымаў падрыхтаваныя яшчэ год таму дэпутацкай групай “Рэспубліка” прапановы аб зьмяненьнях Выбарчага кодэксу. У камплекце з законапраектам раздалі й матэрыялы адмысловай рабочай групы на чале з дэпутатам Валерыем Ліпкіным, якая не рэкамэндуе разглядаць прапановы “Рэспублікі”.

Тым ня менш, у Валерыя Фралова, паводле ягоных словаў, зьявілася нейкая надзея на тое, што на чарговым пленарным паседжаньні, якое заплянаванае на 8 чэрвеня, Палата вернецца да выбарчага заканадаўства:

(Фралоў: ) “Толькі галадоўка, можа, паўплывае на нашых дэпутатаў. Асабліва, калі яны прачытаюць тое, што ім раздалі. Мы ж на ўсякія ішлі кампрамісы. Хоць трошачкі дадаць нешта новае. Ён ня вельмі і зьмяняецца, гэты кодэкс”.

У пятніцу кожны з трох галадоўнікаў займаўся звыклымі дэпутацкімі справамі. Сяргей Скрабец паехаў у Ліду да сваіх выбарцаў, Уладзімер Парфяновіч сустракаўся з алімпійскімі чэмпіёнамі, Валеры Фралоў вёў розныя перамовы. Як патлумачыў спадар Парфяновіч, галадоўка ідзе належным чынам, а ў сьценах парлямэнту ён з калегамі зьбіраюцца пасьля завяршэньня працоўнага дня:

(Парфяновіч: ) “Дзейнічаем згодна з праграмай. Мы ж павінны яшчэ і працаваць. Мерапрыемствы, якія мы заплянавалі, павінны выконваць. І тыя абавязкі, якія мы сёньня маем, мы таксама мусім выконваць”.

Падчас галадаваньня найчасьцей тэлефанавалі Сяргею Скрабцу. Справа ў тым, што за некалькі дзён да пачатку галадоўкі газэта “Народная воля” надрукавала ягоны артыкул, дзе названы нумар службовага тэлефону дэпутата. Спадар Скрабец гаворыць, што абсалютная бальшыня тэлефанаваньняў была ў падтрымку акцыі. Людзі пыталіся, чым могуць дапамагчы.

(Скрабец: ) “З грамадзкіх аб’яднаньняў прапанавалі: можа, паставіць намёты каля парлямэнту і там сядзець разам з намі. Мы хочам абмеркаваць гэта сёньня, а 18-й гадзіне, каля Чырвонага касьцёлу. Бізнэсоўцы таксама тэлефанавалі, тэлефанавалі з розных рэгіёнаў: Горадні, Берасьця, Баранавічаў, казалі: “Трымайцеся, хлопцы! Мы з вамі!”. Гэта — асноўнае. Былі званкі з Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расеі. Тэлефанаваў Барыс Нямцоў. Казаў, што ён мае ўласны досьвед галадоўкі, раіў, як сябе паводзіць. Яшчэ тэлефанавалі, што да нас зьбіраюцца расейскія дэпутаты — можа, сёньня, а можа, у панядзелак”.

Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч пасьля сустрэчы з групай беларускіх спартовых зорак быў у добрым настроі:

(Парфяновіч: ) “Я сустракаўся са сваім сябрамі, алімпійскімі чэмпіёнамі. Яны нас падтрымліваюць. Яны таксама лічаць, што далей так жыць нельга — досыць падманваць свой народ”.

У першых камэнтарах да акцыі дэпутатаў часта гучыць думка, што яны наўмысна прымеркавалі яе да сустрэчы кіраўнікоў Беларусі й Расеі. Валеры Фралоў на маё пытаньне, наколькі такія думкі адпавядаюць рэчаіснасьці, адказвае:

(Фралоў: ) “Не, не, гэта зусім ня так. Я добра і ня ведаў, што яны там сустракаюцца. Калі пачалася галадоўка, многія пачалі казаць: яны гэта адмыслова прымеркавалі да сустрэчы ў Сочы. Мы трошкі раней хацелі. Але мы езьдзілі ў Брусэль — трэба было паглядзець, што гэта такое Эўразьвяз, што яны там думаюць. Мы трошкі адцягнулі, а тут якраз і сустрэча”.

Усе галадоўнікі пакуль адчуваюць сябе добра. А Ўладзімер Парфяновіч гаворыць пра свае першыя асабістыя адчуваньні:

(Парфяновіч: ) “Самае вялікае ўражаньне, што ты мяняеш свой лад жыцьця. Вельмі нязвыкла сядзець побач з чалавекам, які есьць сасіску, і ведаць, што ты ня можаш гэтага зрабіць. Учора мая вага была 111 кг, а сёньня раніцай — ужо 109”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG