Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Марыніч ведае пра галадоўку дэпутатаў групы “Рэспубліка” і ўдзячны за падтрымку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Тым часам стала вядома, што сьледзтва адхіліла паручыцельствы за Міхаіла Марыніча, якія падпісалі дэпутаты Валер Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч і Ўладзімер Навасяд.

Ці ведае Міхаіл Марыніч пра галодоўку дэпутатаў групы “Рэспубліка”, якія дамагаюцца ягонага вызваленьня? Гэтае пытаньне я задаў сыну арыштаванага экс-міністра Ігару Марынічу.

(Ігар Марыніч: ) “Так, ён ведае. У яго была адвакат Шыханцова, яна пра ўсё паведаміла. Бацька, вядома, быў вельмі расчулены, ён прасіў перадаць галадоўшчыкам сваю вялікую падзяку і тое, што ён разам зь імі. Ён дадае, што ягонае знаходжаньне за кратамі не павінна спыніць працы і барацьбы”.

Стала вядома аб адмове дэпутатам групы “Рэспубліка” ў паручыцельстве за Міхаіла Марыніча. Гэтая зьвесткі пацьвердзіў Радыё Свабода пракурор Менскай вобласьці Анатоль Лясок. “Усім, хто накіраваў свае паручыцельствы, адказана ў вызначаныя законам тэрміны”, — паведаміў Анатоль Лясок, але не ўдакладніў, якімі былі гэтыя адказы. Між тым, дэпутаты з групы “Рэспубліка” пацьвердзілі, што ўжо атрымалі адмовы на свае просьбы вызваліць Міхаіла Марыніча пад іх асабістыя паручыцельствы.

Нагадаю, раней падобныя адмовы атрымалі былы кандыдат у прэзыдэнты Уладзімер Ганчарык, рэдактар “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна, былыя судзьдзі Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў і Міхаіл Пастухоў, а таксама іншыя вядомыя ў Беларусі асобы.

(Ігар Марыніч: ) “Атрымліваецца, дзяржава расьпісалася ў тым, што не паважае людзей, якія далі гэтыя паручыцельствы. Паказала, што вы ўсе нейкія мурашы, а мы жывем дзеля сябе”, — мяркуе сын Міхаіла Марыніча Ігар.

Між тым, пракуратура задаволіла адно з хадайніцтваў, раней пададзеных адвакатамі былога міністра. Дадзеная згода на паўторны мэдычны агляд Міхаіла Марыніча з мэтай высьветліць, ці дазваляе яму здароўе далейшае ўтрыманьне ў сьледчым ізалятары КГБ. Нагадаю, Міхаіл Марыніч мае праблемы з сэрцам і ныркамі. Таксама адвакат Марыніча Вера Страмкоўская дамагалася праверкі, ці выкарыстоўваліся супраць яго псыхатропныя сродкі. Адвакат спадзяецца, што ў выніку мэдычнага агляду будзе дадзены адказ і на гэтае пытаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG