Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады прыпынілі выданьне газэты “Рабочая салідарнасць”


Алесь Дашчынскі, Менск Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч падпісаў загад аб прыпыненьні выхаду газэты “Рабочая салідарнасць” на тры месяцы. Падставай зрабілася папярэджаньне за тое, што рэдакцыя быццам бы парушыла закон аб друку.

Папярэджаньне і загад міністра падпісаныя ў адзін дзень, трэцяга чэрвеня. Пра іх існаваньне галоўны рэдактар газэты Мікалай Галко даведаўся ў друкарні “Чырвоная зорка”, калі прыйшоў забіраць наклад чарговага нумару.

(Галко: ) “Дырэктар друкарні сказаў, што ён шкадуе, што ня можа нас друкаваць, для яго таксама гэта матэрыяльны ўрон, і наш нумар ня сталі друкаваць”.

Выданьне мела двух заснавальнікаў — Беларускі прафсаюз работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня і Беларускую партыю працы. Як гаворыцца ў папярэджаньні, яшчэ 12 сакавіка 2004 году ў Міністэрства інфармацыі паступіла адмова прафсаюзу ад правоў заснавальніка. У такім выпадку Беларуская партыя працы павінна была ўнесьці зьмены ў пасьведчаньне аб рэгістрацыі газэты. Як сьцьвярджаюць чыноўнікі, газэта гэтага не зрабіла, чым і правінілася.

Выдаўцы газэты лічаць беспадстаўнымі прэтэнзіі міністэрства, бо пытаньне аб зьмене юрыдычнага адрасу якраз разглядаецца ў Менскім гарвыканкаме, куды адпаведныя дакумэнты пададзеныя яшчэ ў сакавіку. Справа зацягвалася наўмысна, чыноўнікі патрабавалі нават падаць ім канцэпцыю газэты, а нядаўна даслалі паперу, што ў сувязі з новымі абставінамі працягваюць разгляд просьбы.

Шукаць прычынаў патрэбна хутчэй за ўсё ў зьмесьце газэты, лічыць прадстаўнік незалежнага прафсаюзу Аляксандар Бухвостаў.

(Бухвостаў: ) “Газэта папулярная ў працоўных калектывах, па яе стаяць у чэргах. Яна адлюстроўвае сытуацыю ў краіне, дае інфармацыю аб незалежным прафсаюзным руху, рэзка крытыкуе Фэдэрацыю прафсаюзаў беларускую і прафсаюз АСМ, якім я раней кіраваў. Газэта перашкаджае многім”.

Паводле галоўнага рэдактара Мікалая Галка, кіраўніцтва афіцыйнага прафсаюзу якраз дабівалася закрыцьця “Рабочай салідарнасці”.

(Галко: ) “Гэты прафсаюз, які адмовіўся ад правоў заснавальніка, у асобе старшыні Кузьміча і некаторых старшынь прафсаюзных камітэтаў, пачалі друкаваць даносы на сайце Фэдэрацыі прафсаюзу і ў газэце фэдэрацыі “Беларускі час”, што, маўляў, куды глядзіць Міністэрства юстыцыі і Міністэрства інфармацыі, бо газэта “Рабочая салідарнасць” крытыкуе буйнейшыя прафсаюзныя арганізацыі й гэтак далей. Я думаю, акрамя гэтых зваротаў у друку і Інтэрнэце, маглі быць звароты па тэлефоне і ў Міністэрства інфармацыі”.

Паводле Мікалая Галка, чарговага нумару газэты (а яна выходзіла накладам восем з паловай тысяч асобнікаў) людзі чакаюць на заводах.
XS
SM
MD
LG