Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Фралоў: “Шмат дэпутатаў так і не зразумелі, хто яны такія”


Аляксей Знаткевіч, Прага Позна ўвечары 3 чэрвеня мы зьвязаліся з генэралам Валер''ем Фраловым, адным з трох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія галадаюць, патрабуючы разгледзець зьмены ў выбарчы кодэкс. Мы запыталіся ў спадара Фралова, як адрэагавалі на іх дзеяньні іншыя дэпутаты.

(Фралоў: ) “Мне здаецца, яны яшчэ не зусім зразумелі, што адбылося. Калі яны заўтра прачытаюць газэты, мне здаецца, многія па-іншаму зірнуць на гэтую сытуацыю. Тым больш, сёньня ля парлямэнту было шмат людзей – мне здаецца іх і заўтра будзе шмат – і яны неяк па-іншаму паставяцца. На жаль, за гэтыя тры з паловай гады вельмі шмат дэпутатаў так і не зразумелі, хто яны такія, што яны – дэпутаты”.

(Знаткевіч: ) “Кіраўнік грамадзкай групы назіраньня за галадоўшчыкамі Ўладзімер Колас паведаміў Радыё Свабода, што вы можаце перанесьці галадоўку на кватэру. Ці можа, на Вашу думку, такі варыянт галадоўкі трымаць увагу грамадзкасьці?”

(Фралоў: ) “Што такое, на мой погляд, галадоўка. Гэта тое, што чалавек, ня есьць. Нам яшчэ трэба ў гэтыя дні працягваць сваю работу, якая ня толькі ў галадоўцы заключаецца. Яшчэ шмат работы, якой трэба займацца на пэрспэктыву. Мы будзем ёй займацца, некуды выяжджаць, а не сядзець, накрыўшыся нейкай коўдрай. Калі ўжо стомімся, калі ўжо будзе зусім цяжка, тады мы ляжам ужо, будзем ляжаць. Але пакуль у нас ёсьць сілы, мы будзем працаваць”.

(Знаткевіч: ) “Тады паўстае пытаньне кантролю за гэтай галадоўкай”.

(Фралоў: ) “Кантроль – гэта наша сумленьне, наш абавязак. мы ня хлопчыкі малыя. Я маю афіцэрскі гонар. Калі я сказаў, дык я буду гэта рабіць. Калі нейкім палітыкам трэба, каб мы валяліся пад коўдрай для нейкай карцінкі – я маю іншы погляд на галадоўку”.
XS
SM
MD
LG