Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касачоў: “Расея неаднаразова заяўляла пра непрыймальнасьць зьменаў у Канстытуцыю ў пытаньні трэцяга тэрміну прэзыдэнта”


Натальля Судлянкова, Прага Расейска-беларускія стасункі на цяперашнім этапе цяжка назваць вельмі прыязнымі. Аляксандр Лукашэнка наўрад ці можа разьлічваць на падтрымку кіраўнікоў суседняй дзяржавы ў рэалізацыі ідэі трэцяга тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Пра гэта сказаў кіраўнік камітэту міжнародных справаў расейскай Дзярждумы Канстанцін Касачоў.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін неаднаразова заяўляў пра сваё нежаданьне балятавацца на трэці тэрмін. Мы запыталіся Канстанціна Касачова, якім будзе стаўленьне Масквы да меркаваных спробаў беларускага кіраўніцтва арганізаваць рэфэрэндум або нейкім іншым чынам дамагчыся трэцяга тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

(Касачоў: ) “Расея неаднаразова заяўляла пра непрыймальнасьць зьменаў у Канстытуцыю ў пытаньні трэцяга тэрміну дзейнага прэзыдэнта. Гэта і ёсьць нашая пазыцыя. Тыя патрабаваньні, якія мы вылучаем самі да сябе, мы можам вылучаць і да нашых партнэраў. Вядомая пазыцыя нашага прэзыдэнта аб недапушчальнасьці трэцяга тэрміну. Маё меркаваньне, як палітыка, палягае ў тым, што мы можам ад нашых партнэраў чакаць выкананьня дакладна такіх ж стандартаў, якія мы ўжываем у дачыненьні да сябе. І мы чакаем таго ж і ад Беларусі, і ад Украіны”.

Канстанцін Касачоў адзначае, што расейская зьнешняя палітыка на гэтым этапе значна адрозьніваецца ад той, што была літаральна некалькі гадоў таму. Нас зацікавіла, як цяпер ставіцца Расея да разьвіцьця сытуацыі ў суседніх краінах.

(Касачоў: ) “Нашым уласным інтарэсам адпавядае пабудова ў Беларусі й ўва Ўкраіне празрыстых дэмакратычных і прадказальных супольнасьцяў, якія ня будуць нейкім раздражняльнікам у нашых уласных дачыненьнях зь дзяржавамі Эўропы й Злучанымі Штатамі, а наадварот – будуць зьяўляцца тым мостам, якога нам час ад часу так не хапае”.

У сваёй прамове аб стане дзяржавы Ўладзімер Пуцін назваў асноўным прыярытэтам зьнешняй палітыкі стасункі з краінамі СНД. Аднак, гэтыя ж краіны патрапілі ў гэтак званае кола сяброў Эўразьвязу, у дачыненьні да іх будуць рэалізоўвацца спэцыяльныя праграмы аб’яднай Эўропы. Як ставіцца Расея да гэтых дзеяньняў Эўразьвязу?

(Касачоў: ) “Мне ўсё ж такі інтарэсы Расеі на гэтак званай постсавецкай прасторы, пры ўсёй маёй павазе да інтарэсаў нашых партнэраў, падаюцца больш лягічнымі, заканамернымі й натуральнымі з улікам нашай супольнай гісторыі, сур’ёзнага перасячэньня нашых эканомік, культурнай й нацыянальнай блізасьці. І калі нам нашыя партнэры часам жартам, часам сур’ёзна кажуць, што “мы праявім добрую волю і будзем улічваць інтарэсы Расеі на постсавецкай прасторы”, мне гэта заўсёды рэжа слых. Думаю, што мусіць быць наадварот. Расея гатовая ўлічваць інтарэсы нашых партнэраў на гэтай прасторы, пры гэтым ні ў якім выпадку мы не імкнёмся аднавіць нейкую старую імпэрскую палітыку. Мы будзем з поўнай павагай ставіцца да сувэрэнітэту і нацыянальнай тоеснасьці гэтых дзяржаваў”.

Гэта быў кіраўнік камітэту міжнародных справаў расейскай Дзярждумы Канстанцін Касачоў.
XS
SM
MD
LG