Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць вучні і бацькі пра выкладаньне асноваў праваслаўя ў Гомелі?


Казімер Яноўскі, Гомель Дамова ўладаў і праваслаўнай царквы Беларусі пра супрацоўніцтва набывае канкрэтныя абрысы ў рэгіёнах. У прыватнасьці, Гомельскі гарадзкі аддзел адукацыі з новага навучальнага году ўводзіць у школах у якасьці факультатыўных заняткаў выкладаньне асноваў праваслаўя. Наш карэспандэнт высьвятляў стаўленьне гомельскіх школьнікаў ды іхніх бацькоў да гэтага новаўвядзеньня.

Спачатку я наведаў гомельскую СШ №10 і пацікавіўся ў вучняў іхным меркаваньнем наконт новага прадмету “Асновы праваслаўя”.

(Дзяўчына: ) “У кожнага чалавека свая вера. Нягледзячы на тое, што ў нашай Беларусі перавагае праваслаўе, існуюць і іншыя веры. Калі мы ўводзім заняткі па праваслаўю, трэба ўводзіць заняткі яшчэ і па іншых веравызнаньнях”.

(Хлопец: ) “Адабраю. Моладзь будзе болей адукавана ў напрамку духоўным”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што насельніцтва ў нас ня вельмі адукавана ў рэлігійных пытаньнях. Узяць сьвяты. Нават Вялікдзень, на жаль, ператвараецца ў нас у нейкую п`янку. Калі людзі будуць пазнаваць і рэлігію, гэта дастаткова добра. Аднак пры ўмове, што гэта ня будзе нейкай сэктай, а настаўнік – ня будзе фанатыкам. Настаўнік павінен заставацца выкладчыкам. Вера павінна быць ў душы кожнага чалавека”.

(Хлопец: ) “Я сам – пратэстант, і траціць свой час на тое, што мне не цікава і не спатрэбіцца, я не хацеў бы”.

(Хлапец: ) “Па-першае, павінен быць выбар, я так лічу. Хтосьці хоча, а хтосьці – не. Рэлігійнае, канфэсійнае пытаньне кожны павінен вырашыць сам”.

(Дзяўчына: ) “А чаму менавіта праваслаўе? Чаму, напрыклад, не каталіцтва? У Беларусі ж нямала каталікоў. Няхай бы былі нейкія хрысьціянскія асновы вывучэньня Бібліі, каб гэта было нешта нэўтральнае, а не адмысловы курс з ухілам у праваслаўе”.

(Хлапец:) “Я думаю, што гэтага ня трэба рабіць, бо веравызнаньне – асабістая справа кожнага. Есьць людзі і атэісты, ёсьць каталікі, іўдзеі. І мусульмане ў нас ёсьць. Як яны да гэтага паставяцца, нават ня ведаю. Праваслаўе ў школах – гэта сумнеўная рэч”.

Ня выклікае асаблівага захапленьня новаўвядзеньне аддзелу адукацыі і мясцовай праваслаўнай эпархіі і ў старэйшых гамельчукоў. Вось найбольш характэрныя меркаваньні бацькоў пра вывучэньне ў школах асноваў праваслаўя.

(Маці: ) “У нашай краіне ўвесь час кідаюцца ў нейкія крайнасьці: то рэлігію забараняюць, бо яна – опіюм для народа, то ўводзяць. З гісторыі вядома, што шмат якія войны маюць рэлігійную аснову. На жаль, рэлігія ня вучыць паважлівым адносінам да чалавека іншага веравызнаньня. Я проста ня ўяўляю сабе – праваслаўны поп прыйдзе ў школу, а там дзеці з сем`яў іудзеяў, пратэстантаў, каталікоў. Няправільна аддаваць перавагу праваслаўю ў нашай шматканфэсійнай краіне”.

(Бацька: ) “Я думаю, што ўводзіць трэба не асновы праваслаўя, ці каталіцызму, ці мусульманства. У прынцыпе трэба выкладаць нармалёвы курс рэлігіязнаўства, і гэтага дастаткова”.

Гэта былі меркаваньні гомельскіх навучэнцаў ды іхніх бацькоў наконт увядзеньня з новага навучальнага году ў школах Гомеля факультатыўных заняткаў у пытаньнях асноваў праваслаўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG