Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць на Гомельшчыне купляць збанкрутаваныя калгасы?


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Аляксандар Лукашэнка выдаў чарговы ўказ пра рэфармаваньне сельскай гаспадаркі. Гэтым разам збанкрутаваныя калгасы і саўгасы прапаноўваюць камэрцыйным структурам ды прамысловым прадпрыемствам купляць за 20% кошту. Што думаюць бізнэсоўцы ды гаспадарнікі пра чарговую ініцыятыву ўладаў падтрымаць занядбаную сельскую гаспадарку?

Нягледзячы на ранейшыя шматлікія рэформы сельскай гаспадаркі, у рэгіёне і цяпер больш як 70 калгасаў і саўгасаў ня могуць існаваць самастойна. Выканкамы, ведаючы пра падрыхтоўку адмысловага ўказу Аляксандра Лукашэнкі, сталі прымусова замацоўваць камэрцыйныя фірмы і дзяржаўныя прадпрыемствы за збанкрутаванымі калгасамі. Аднак ўжо каля дзясятку прадпрымальнікаў адмовіліся ад дапамогі сельгаспрадпрыемствам. У ліку іх і Валер Буткоўскі зь Лельчыцаў:

(Буткоўскі: ) “У нас клопатаў хапае і без калгасаў”.

Шэраг іншых бізнэсоўцаў адкрыта заяўляюць, што на пакупку дабітых калгасаў нават за 20-адсоткавы кошт у іх няма грошай. Акцыянэрнае таварыства “Сервер” забавязалі дапамагаць саўгасу “Міжрэчча”. Выканаўчы дырэктар таварыства Максім Скораў кажа:

(Скораў: ) “Мы бы купілі яго, але ў нас няма грошай. Няхай забавязваюць ці не — усё роўна. У мяне няма столькі грошай, каб далучыць сельгаспрадпрыемства”.

Пра пакупку збанкрутаваных калгасаў ня кажуць нават у такім буйным аб’яднаньні, як “Беларуснафта”. Паводле рашэньня аблвыканкаму, аб’яднаньне павінна выцягваць нядаўна рэфармаванае сельгаспрадпрыемства “Асобіна”, што ў Буда-Кашалёўскім раёне.

Распавядае намесьнік генэральнага дырэктара “Беларуснафты” ў пытаньнях эканомікі Леанід Вайціхін:

(Вайціхін: ) “Хутчэй за ўсё, ні пра якую пакупку гаворкі ня будзе. У нас дзяржаўная форма ўласнасьці і ў “Асобіне” — дзяржаўная. Гэта будзе перадача з балянсу на балянс. Любое сельгаспрадпрыемства ня надта прыбытковае. Займацца імі добраахвотна не выпадае. Я наогул мяркую, што кожны мусіць рабіць сваю справу. Калі мы здабываем нафту, мы павінны яе здабываць”.

Я апытаў і некаторых фэрмэраў, ці згодныя яны купляць збанкрутаваныя калгасы.

(Кісьлянкоў: ) “Калі пачынаеш зьвяртацца, прапануюць неверагодныя сумы. У нас няма такіх грошай. Мы беларускія фэрмэры, а беларускія фэрмэры — гэта людзі бяз грошай”, — кажа фэрмэр Кісьлянкоў зь вёскі Ўлукаўе Гомельскага раёну.
XS
SM
MD
LG