Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітальная прэсавая канфэрэнцыя нямецкага амбасадара была прысьвечаная 60-годзьдзю вызваленьня.


Ул. інф. Разьвітальная прэсавая канфэрэнцыя нямецкага амбасадара была прысьвечаная 60-годзьдзю вызваленьня.

Паводле нямецкага амбасадара ў Беларусі доктара Гельмута Фрыка, пісьменьнік Васіль Быкаў быў першы, хто ўбачыў у ворагу не злачынца, а чалавека з усімі ягонымі праблемамі й дасягненьнямі. У Нацыянальным прэс-цэнтры ў Менску адбылася апошняя прэсавая канфэрэнцыя амбасадара перад ягоным ад’ездам на радзіму.

Прэсавая канфэрэнцыя амбасадара ФРН у Менску доктара Гельмута Фрыка была прысьвечаная 60-годзьдзю вызваленьня Беларусі ад фашызму і тым мерапрыемствам, якія нямецкая амбасада ладзіць з гэтае нагоды.

Адна з цэнтральных імпрэзаў гэтага шэрагу называецца “Васіль Быкаў і Нямеччына”. Яна адбудзецца 25 чэрвеня ў гістарычнай майстэрні на вуліцы Сухой у Менску. Паводле прадстаўнікоў нямецкай амбасады, беларускай грамадзкасьці будуць прадстаўленыя невядомыя старонкі жыцьця вялікага пісьменьніка. Як удзельніку вайны, Васілю Быкаву давялося многае перажыць, аднак гэта не зрабіла яго жорсткім у дачыненьні да немцаў. Праўдзівыя і глыбокія творы Быкава, збольшага перакладзеныя на нямецкую мову, у многім садзейнічалі пачатку таго складанага працэсу прымірэньня і паразуменьня, які цяпер назіраецца паміж немцамі і беларусамі.

Паводле амбасадара Гельмута Фрыка, Быкаў як ніхто іншы, у тым ліку ў беларускім грамадзтве, выступае адначасна як за крытычнае адлюстраваньне мінулага, так і за накіраваную ў будучыню гатовасьць да прымірэньня.

(Фрык: ) “Я згадваю сказ з адной зь леташніх газэтных публікацыяў, надрукаваных з нагоды сьмерці Васіля Быкава. Гэтыя радкі вельмі выразна перадаюць сутнасьць пісьменьніка, падкрэсьліваючы дыфэрэнцыяванасьць ягоных падыходаў. Я цытую не даслоўна, але сэнс. Быкаў быў першы, хто бачыў у ворагу не злачынца, але і чалавека. І дзеяньні гэтага чалавека, незалежна ад таго, на якім баку ён быў, ён дасьледаваў, аналізаваў, ухваляў ці асуджаў. Гэта не было калектыўным асуджэньнем”.

Пры канцы кароткай прэсавай канфэрэнцыі доктар Гельмут Фрык пацьвердзіў Свабодзе, што гэта, хутчэй за ўсё, ёсьць ягонай разьвітальнай сустрэчай зь беларускімі журналістамі. Дарэчы, нямецкая амбасада напярэдадні не акцэнтавала журналістам інфармацыі пра тое, што спадар Фрык праз чатыры тыдні скончыць сваю дыпляматычную працу ў Беларусі й ад’едзе на Радзіму.

Сёньняшняя размова амбасадара з прадстаўнікамі беларускіх СМІ падкрэсьлена абмяжоўвалася рамкамі тэмы вызваленьня. Выказваліся меркаваньні, што плён прымірэньня пазытыўна адаб’ецца на будучыні двухбаковых стасункаў і нічога не гаварылася пра праблемныя моманты ў стасунках. Пра тое, што ў часе папярэдніх прэсавых канфэрэнцыяў доктар Фрык агучваў у дастаткова рэзкай і нязвыклай для нямецкага амбасадара форме.

На думку шэрагу нямецкіх журналістаў, спадар Фрык адрозна ад сваіх папярэднікаў у Менску, дэманстраваў ужо ня стыль “славянафіла-нямецкай дыпляматыі”, але стыль дыплямата з досьведам працы ва Ўсходняй Эўропе — Польшчы і Румыніі.

Паводле некаторых нямецкіх крыніцаў, пераемнікам доктара Фрыка стане 61-гадовы доктар Гэкер, які дагэтуль працаваў амбасадарам Нямеччыны ва Ўзбэкістане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG