Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне ўлады адмаўляюцца рэгістраваць мясцовыя суполкі палітычных партыяў


Алег Супрунюк, Берасьце Гэта можа прывесьці да таго, што падчас сёлетняй выбарчай кампаніі апазыцыйным партыям ня будзе дазволена вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты.

Зьвесткі пра тое, што суполкі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яданьняў ня могуць зарэгістравацца альбо стаць на ўлік у мясцовых структурах улады, прыходзяць з розных раёнаў Берасьцейскай вобласьці. Вось што паведаміў кіраўнік абласной арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Анатоль Ляўковіч:

(Ляўковіч: ) “Рэжым, ці як я яго называю “карпарацыя” вэртыкалі ўлады, рыхтуецца да правядзеньня выбарчай кампаніі нават не паводле выбарчага кодэксу, а менавіта паводле свайго пляну. Робіцца ўсё, каб удзелу ў выбарах ня здолелі прыняць прадстаўнікі апазыцыйных партыяў. Напрыклад, у Жабінкоўскім, Івацэвіцкім ды іншых раёнах нам адмаўляюць у рэгістрацыі першасных арганізацыяў на тых акругах, дзе плянуецца вылучэньне нашых кандыдатаў. Але згодна з выбарчым кодэксам, калі ў акрузе не зарэгістраваная арганізацыя, дык партыя ня мае права вылучаць свайго кандыдата. Адна з прычын, паводле якой адмаўляюць у рэгістрацыі — гэта адсутнасьць юрыдычнага адрасу. Калі раней дазвалялі рэгістраваць арганізацыі на кватэрах, дык цяпер і ў гэтым адмаўляюць”.

Паводле новых патрабаваньняў, рэгістраваць партыйную суполку ў жылым памяшканьні дазволена толькі ў будынках, дзе ёсьць ня больш за адну кватэру. Але і ў гэтым выпадку пытаньне пра юрыдычны адрас мусіць быць узгодненае зь мясцовымі ўладамі.

Начальнік упраўленьня юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму Сяргей Кулак цьвердзіць, што правілы рэгістрацыі суполак палітычных партыяў уведзеныя яшчэ ў 2000 годзе і апошнім часам не зьмяніліся. Спадар Кулак ня бачыць ніякай сувязі паміж цяжкасьцямі з рэгістрацыяй партыйных суполак і маючымі адбыцца выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, а таксама заяўляе пра адсутнасьць праблемаў у дачыненьнях абласнога ўпраўленьня юстыцыі з прадстаўнікамі палітычных партыяў.

(Кулак: ) “Праблемаў ніякіх у нас няма. Усіх хто зьвяртаецца, мы рэгіструем, хто хоча, каб выключылі — выключаем. Увогуле скаргаў у суд на працу нашага ўпраўленьня юстыцыі ў выпадку адмовы і вяртаньня дакумэнтаў, у нас няма ніводнай”.

Між тым, пра цяжкасьці з рэгістрацыяй мясцовых суполак паведамляюць ня толькі берасьцейскія сацыял-дэмакраты, але і прадстаўнікі Партыі БНФ і некаторых грамадзкіх аб’яднаньняў.
XS
SM
MD
LG