Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяляне патрабуюць выплаты грашовых дапамогаў на дзяцей


Марыя Ўсьціновіч, Круглянскі раён У сельскай гаспадарцы “Рубеж” Круглянскага раёну грашовую дапамогу на дзяцей маламаёмасным сем’ям выплацілі апошнім разам за студзень. Шматдзетныя бацькі патрабуюць грошай.

У вёсцы Паўлавічы Круглянскага раёну ёсьць добрая крама з таварамі на любы густ. Аднак вясковыя жанчыны заходзяць сюды зрэдку і просяць дзяцей не глядзець на ласункі, яны бяруць у краме крэдыт толькі на самае неабходнае.

(Спадарыня: ) “Дзякуй, што прыйдзеш, дык на хлеб даюць увесь час ў доўг”.

(Спадар: ) “Хлеба няма за што набыць. Пяцёра дзяцей, і заробак 40 тысяч рублёў”.

(Іншая спадарыня: ) “Так і жывем. Хлеба набудзем, ды і ладна”.

Апошнім разам заробак у “Рубяжы” атрымлівалі за красавік, аднак толькі 60%. За мінулагодні кастрычнік прапанавалі расплаціцца цяпер сырам ды маслам. А вось дапамогу на дзяцей апошнім разам выплацілі толькі за сёлетні студзень. Жанчынам крыўдна, што ім не даюць дзіцячых грошай, яны невялікія — каля 30 тысяч на месяц на адно дзіця, аднак яны вельмі неабходныя.

(Спадарыня: ) “Мой прыйшоў сярэдні, 11 гадоў якому, гаворыць: “Маці, будзе летні лягер. Трэба 5800 занесьці”. Ну дзе я на сёньняшні дзень вазьму 5800, калі ў мяне капейкі няма ў кішэні?”

(Іншая спадарыня: ) “Цяпер сказалі, на рамонт школы трэба на кожнае дзіцё тры тысячы аддаць. Прыйдзе: “Маці, дай!” А дзе іх узяць, гэтыя тры тысячы, калі не атрымліваем дзіцячай дапамогі?”

Нядаўна саўгас “Рубеж” пераўтварыўся ў акцыянэрнае таварыства, аднак, гавораць у Паўлавічах, гэта не палепшыла сытуацыі з заробкамі й дзіцячымі дапамогамі.

(Спадар: ) “То заўтра, то пасьлязаўтра, месяц ідзе, потым другі, а дзіцячых няма”.

(Спадарыня: ) “Я пайшла сёньня грошы прасіць. А яны мне гавораць, што грошай няма, хоць да пракурора зьвяртайцеся. Яны тут абнаглелі ўвогуле ў корань”.

Дырэктар акцыянэрнага таварыства Сяргей Пракаповіч працуе на сваёй пасадзе ўсяго два месяцы. Ён паведаміў, што ўвогуле ў “Рубяжы” вінны бацькам 6 мільёнаў 200 тысяч рублёў.

(Пракаповіч: ) “Фінансавае становішча гаспадаркі ў мінусе. Шукаем сродкаў, каб аддаць”.

Бацькі з Паўлавічаў ня вельмі вераць абяцаньням сваіх кіраўнікоў.

(Спадарыня: ) “Ну што пра іх можна думаць? Да іх звяртаесься, а яны: “Вам што, грошы патрэбныя?”

(Іншая спадарыня: ) “Яны накормленыя, у іх усё ёсьць, яны апранутыя — што ім яшчэ трэба? А рабочы павінен галодны хадзіць…”

(Спадарыня: ) “Сыты галоднаму не таварыш!”

Паўлаўскія шматдзетныя бацькі гавораць, што яны не разумеюць абыякавага стаўленьня ўладаў да сваёй праблемы.

(Спадар: ) “Бардак, ён быў і будзе. Як гэтых дзяцей гадаваць?”

(Спадарыня: ) “І гавораць, што нараджальнасьць малая! Дык якая тут будзе нараджальнасьць? За што іх раджаць, за што гадаваць? У інтэрнат адразу здаваць? Жывем, як у казцы — чым далей, тым больш страшна!”

Між тым, сёньня намесьнік старшыні Круглянскага райвыканкаму Сяргей Феакцістаў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што найбліжэйшымі днямі ўлада гарантуе выплату запазычаных дапамогаў на дзяцей у акцыянэрным таварыстве “Рубеж”. А сяляне з гэтага зрабілі выснову, што трэба гучна патрабаваць выкананьня сваіх правоў, каб дамагчыся справядлівасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG