Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, мы канчаткова страцім шанец на далучэньне да Эўропы”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Беларусь і Расея, Беларусь і Эўропа — гэта тэмы многіх лістоў апошняга часу, аўтары якіх разважаюць пра тое, якім стаў эўрапейскі кантынэнт пасьля чарговага пашырэньня Эўразьвязу. Вось што піша на гэты конт Алесь Марціновіч з Баранавічаў:

“Лініі падзелу сфэраў уплыву паміж Расеяй і Эўразьвязам пралеглі непасрэдна па беларускіх межах. Усё замацавалася. І яшчэ сем год (а можа, і болей) панаваньня Лукашэнкі ўжо канчаткова замацуюць геаглябальны падзел на расейцаў і эўрапейцаў, на Янаў і Іванаў. Коласы, Купалы, Быкавы тут — не панацэя. Тут народ патрэбен, як рэч сама ў сабе. Слабыя, але ўсё ж здавальняючыя дасягненьні Ўкраіны былі дасягнутыя ў патрэбны час — да сыходу 90-х гадоў.

Ды і беларускасьць ніяк ня можа быць у грубай паўднёвай форме ўкраінства. Беларускасьць ці будзе ў заходняй прынёманска-віленскай, каталіцка-шляхецкай форме, ці яе ўвогуле ня будзе. Абсурдна думаць, што гэта форма прыжывецца аж да Лёзна, Воршы, Мсціслава і Добрушу”.

Адносна лініяў падзелу на эўрапейскім кантынэнце, якія вы, спадар Марціновіч, называеце канчаткова замацаванымі. У 1945 годзе, пасьля Ялцінскай і Патсдамскай канфэрэнцыяў, лічылі, што канчатковая лінія падзелу паміж Усходам і Захадам пралягла па Эльбе. На пачатку 1990-х гадоў выявілася, што Заходняя Эўропа пачынаецца ўсё ж недзе на Одэры. Яшчэ праз 10 год аказалася, што межы Эўропы пралягаюць па Заходняй Дзьвіне і Карпатах. Мяжа гэтая надзвычай рухомая, і, на маю думку, наіўна думаць, што падзел 2004 году — канчатковы і вечны. Зусім магчыма, ня міне і дзесяці год, як мяжой аб’яднанай Эўропы будуць лічыцца Дняпро і Дон.

Былы вязень сталінскіх лагераў Сьцяпан Зух са Смаргоні ў сваім лісьце на Свабоду дзеліцца ўспамінамі пра тыя гады, што правёў на расейскай Поўначы. Пакараны дваццацю гадамі няволі ён быў за тое, што пашкодзіў партрэт Сталіна. Слухач піша:

“І вось спыніўся доўгі эшалён-таварняк на станцыі Інта. Пачалі выводзіць людзей, і пагналі групамі ў тундру — за 30–40 кілямэтраў. А там, як вокам кінуць — пустэча, ніводнай пабудовы. Але куды дзенесься. Холад, голад. Восень са сьнегам, і вось-вось настане зіма. У хуткім часе апанавала нас крываўка. Людзі мёрлі як мухі. І ніхто, вядома, за гэта не турбаваўся... Усіх нас, маладых і зь вялікімі тэрмінамі, пагналі ў шахту. І тут мне пашанцавала. Брыгадзір Адам Андрэевіч Кашуба, сьветлая яму памяць, быў вельмі чулым чалавекам. Часам падбадзёрваў: “Не сумуй, хлопчык, дасьць Бог, мы яго перажывем”. Я то перажыў, а вось яго няма. Неўзабаве там выкрылі падпольле, і больш за пяцьдзясят чалавек расстралялі. Недзе там быў і ён”.

Праз сталінскія лягеры прайшлі сотні тысячаў беларусаў. Многія, як і Сьцяпан Зух, дагэтуль не рэабілітаваныя. Але і тыя, каго суды прызналі невінаватымі, за свае шматгадовыя пакуты атрымалі толькі мізэрныя кампэнсацыі. І ўпотай зайздросьцяць тым сваім аднагодкам, якія ў свой час былі вывезеныя на працу ў Нямеччыну. Нямецкі ўрад прызнаў сваю адказнасьць за злачынствы фашысцкага рэжыму, і нават за некалькі месяцаў, праведзеных у няволі, былыя вязьні атрымліваюць вялізныя паводле беларускіх мерак кампэнсацыі. Ад каго чакаць кампэнсацыі вязьням сталінскіх лягероў, калі ні беларускія, ні расейскія ўлады нават прабачэньня не папрасілі за тыя злачынствы, што ўчынілі іхныя папярэднікі?

Электронны ліст ад Аксаны Новікавай зь Менску. Яна піша:

“Паважаны Валянцін! Вядома, я пагаджаюся з вамі, што без сур’ёзнага фінансаваньня вельмі цяжка ажыцьцявіць любыя ідэі. Гэта і на маім прыкладзе бачна. Захад — скупаваты, але не патрабуе імгненнага выніку і дапускае свабоду думак. Я неяк на яго болей разьлічваю, чым на Расею, якая вельмі непрадказальная і патрабуе неадкладнага выніку. Я сама адношу сябе хутчэй да “эўраскептыкаў” і не лічу ўступленьне ў Эўразьвяз адзіным шляхам да дэмакратыі і росквіту. Але ў пошуках магчымай падтрымкі вымушаная адстойваць гэтую пазыцыю. І гэта не падман. Я проста вучуся мастацтву магчымага. У гэтым, дарэчы, дапамагаюць і вашы камэнтары да розных лістоў. Мушу прызнаць, што навука гэта даецца мне ўсё ж цяжкавата. Дзяцей нараджаць лягчэй”.

У нашай пошце даволі шмат лістоў, аўтары якіх катэгарычна не пагаджаюцца ўлічваць відавочныя беларускія абставіны. Многія, напрыклад, патрабуюць байкоту выбараў (пры тым, што большасьць людзей гатовая ўдзельнічаць у выбарах); альбо заклікаюць выйсьці на вуліцу і наладзіць “аксамітную рэвалюцыю”, альбо дамагаюцца, каб апазыцыя спыніла любыя кантакты з расейскімі дэмакратамі... Тым больш прыемна, Аксана, чытаць лісты ад людзей разважлівых, якія цьвяроза ацэньваюць тое, што адбываецца наўкол, і робяць на гэтай падставе лягічныя, абгрунтаваныя высновы.

Ліст ад Сяржука Мікуліча зь вёскі Куправічы Іўеўскага раёну. Слухач піша:

“Многія жадаюць, каб патрэба ў вяшчаньні Свабоды на наш край як мага хутчэй зьнікла — у зьвязку з хуткім вызваленьнем ад рэжыму. Але, на мой погляд, у Беларускай Свабоды ёсьць такія моцныя перадачы, што яны будуць патрэбныя і канкурэнтаздольныя і пасьля вызваленьня. Увогуле, першы назоў нашага з вамі радыё — “Вызваленьне” — пры сёньняшняй акупацыйнай уладзе мне бліжэйшы, чым цяперашні. Што да зьместу, то мне здаецца, што сярод слухачоў Свабоды толькі нязначная колькасьць тых, хто ня ведае, што творыцца ў краіне. З гэтай прычыны можна было бы і больш эфэктыўна выкарыстоўваць эфірны час: напрыклад, чытаць па радыё змагарныя вершы”.

Не пагаджуся з вамі, Сяржук. У Беларусі ня так шмат сродкаў масавай інфармацыі, якія не залежаць ад улады, а таму атрымаць аб’ектыўную і поўную інфармацыю ня вельмі проста. А людзі хочуць і маюць права ведаць пра тое, што адбываецца ў краіне і вакол яе. Бяз гэтага вельмі складана і плянаваць уласнае жыцьцё, і рабіць палітычны выбар.

Што да змагарных вершаў, то іх месца хутчэй на мітынгах, чым на радыё. Зноў жа, пры жаданьні заўсёды можна дастаць з кніжнай паліцы вершаваны зборнік з творамі, якія вам даспадобы.

Мікалай Слуцкі зь Менску напісаў свой ліст пасьля таго, як некалькі тыдняў таму я адказаў на ягонае пытаньне пра тое, ці павінна Радыё Свабода паведамляць пра дакладны час і месца збору ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў. Слухач піша:

“Шаноўны Валянцін! Памылкі дапускаюць усе людзі. А спроба апраўдаць памылку толькі абцяжарвае яе, бо робіць наўмыснай. Вось цяпер апазыцыйныя дэпутаты хочуць сабраць 20 тысяч людзей з усёй Беларусі для абмеркаваньня вынікаў 10-гадовага кіраваньня Лукашэнкі. Спадзяюся, Радыё Свабода неаднаразова паведаміць народу Беларусі дакладныя дадзеныя пра час і месца гэтай акцыі”.

Тое, што вы, спадар Слуцкі, лічыце маёй памылкай, ёсьць палітычнай і прафэсійнай пазыцыяй Радыё Свабода. Мушу паўтарыць, што паведамленьне тэхнічных дэталяў масавых акцыяў — гэта арганізацыйная партыйная дзейнасьць, палітычная рэкляма. І займацца ёй павінны тыя партыі і рухі, якія заклікаюць людзей да вулічных акцыяў і нясуць адказнасьць за гэтыя акцыі. Радыё Свабода падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека, але не вядзе прапагандысцкай дзейнасьці, не абслугоўвае палітычных партыяў і рухаў і ўстрымліваецца ад падтрымкі ці выступаў у абарону тых ці іншых палітычных поглядаў.

На заканчэньне — фрагмэнт зь ліста Галіны Сутулы з Глыбокага. Слухачка піша:

“Памятаю, калі 5 сакавіка 2003 году мы пачалі выдаваць незалежную газэту “Паўночна-Заходні край” у Глыбокім, Радыё Свабода данесла гэтую падзею да многіх беларусаў і нашых землякоў. Дзякую, што вы бачыце ў чалавеку і ягонай справе — надзею. Гэта так важна!”

Дзякуй, спадарыня Сутула, і вам за добрыя словы.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Аляксандар Місьцюкевіч і Алесь Станкевіч з Горадні, Нупрэй Канапелька са Жлобіна, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгараду, Сяргей Нягацін з Магілёва, Раман Зіноўеў зь Лёзна, Ларыса Анішчанка зь Нясьвіжу, Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну і Міхаіл Леках з Рыгі. Удзячныя ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG