Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дэпутаты зацьвердзілі рэфэрэндум і пайшлі на арганізаваны Лукашэнкам банкет”.


Ул інф. Цяперашняя дэпутацкая галадоўка – другая ў гісторыі незалежнай Беларусі. 11 красавіка 1995 году 19 дэпутатаў апазыцыі БНФ ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня абвясьцілі галадоўку, пратэстуючы супраць плянаў Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум – аб скасаваньні “Пагоні” і бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, аб скасаваньні беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

Са мной у студыі – ўдзельнік тых падзеяў, дэпутат апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Сяргей Навумчык.

(Карэспандэнт: ) “Сяргей, як ты цяпер ацэньваеш вынікі той акцыі, ці мела яна сэнс?”

(Навумчык: ) “Мела. Канкрэтны вынік быў ужо празь некалькі гадзінаў – калі Пазьняк зачытаў нашы патрабаваньні, і мы селі вакол трыбуны, гэта шакавала большасьць астатніх дэпутатаў, і яны не прынялі прапаваных Лукашэнкам варыянтаў. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка прысутнічаў у залі і, я б сказаў, даволі гістэрычна наступаў на Вярхоўны Савет. Магчыма такі посьпех акцыі і стаўся прычынай начных падзеяў”.

(Карэспандэнт: ) “А ці пускалі да вас журналістаў?"

(Навумчык: ) “Справа ў тым, што галадоўку мы абвесьцілі не ў кабінэце, а непасрэдна ў Авальнай залі, таму калі ішло паседжаньне Вярхоўнага савету - гэта недзе 8 гадзінаў - журналісты, канечне, да нас падыходзілі. Потым некалькі чалавек засталіся з намі. Недзе гадзінаў да 23-х была карэспандэнтка Свабоды Алена Радкевіч, але потым служба аховы выдаліла яе з залі. Праз тры гадзіны пачалася "апэрацыя"".

(Карэспандэнт: ) “Так, уначы галадоўка была гвалтоўна спыненая, хаця да гэтага часу дакладна не выяўлена, кім канкрэтна”.

(Навумчык: ) “Сьледзтва, якое вёў сьледчы па асабліва важных справах Бролішс, высьветліла, што ў будынак Дому ўраду было ўведзена некалькі сотняў байцоў спэцпадразьдзяленьняў сыстэмы МУС і КГБ. Неафіцыйна тагачасны генэральны пракурор Капітан і міністар ўнутраных справаў Захаранка мне потым казалі, што непасрэдна нас зьбівала спэцпадразьдзяленьне КГБ “Альфа”. Білі даволі жорстка, хаця, канечне, у іх была каманда пакінуць нас жывымі”.

(Карэспандэнт: ) “Як доўга гэта цягнулася?”

(Навумчык: ) “Само зьбіцьцё? Рэканструкцыя падзеяў пракуратурай паказала, што хвілінаў дзесяць, але ў мяне ў памяці засталіся некалькі сэкундаў. Калі нас выносілі, дык цэнтральныя дзьверы Авальнай залі зачыніліся, і якраз мной, як таранам (галавой) іх выбілі”.

(Карэспандэнт: ) “Як паводзілі сябе на наступны дзень Лукашэнка, Вярхоўны Савет?”

(Навумчык: ) “Сьпікер парлямэнту Мечыслаў Грыб спачатку заявіў, што Беларусь апынулася на мяжы грамадзянскай вайны, але потым адмовіўся ад сваіх словаў. Большасьць дэпутатаў успрыняла нашае зьбіцьцё, я сказаў, з радасьцю, некаторыя крычалі :”Мала вам далі”! Потым яны зацьвердзілі пытаньні рэфэрэндуму і пайшлі на арганізаваны Лукашэнкам банкет. У іх было нават сумеснае фатаграфаваньне. Гэта факт, пра які мала хто ведае.

Лукашэнка на наступны дзень прызнаў, што галадоўка была спыненая, што усё трымаў на кантролі тагачасны кіраўнік адміністрацыі Леанід Сініцын, але адмаўляў факт зьбіцьця. Лукашэнка заяўляў, што мы нібыта і елі, і гарэлку пілі, і потым нажы дасталі – каб парэзаць саміх сябе. Усе гэтыя ягоныя словы ёсьць у стэнаграме сэсіі.

Ён таксама паабяцаў паказаць па тэлебачаньні відэастужку – запіс сапраўды вёўся з балкону Авальнай залі, прычым дзьвюма тэлекамэрамі. Але стужка так і не была паказаная. Паводле словаў сьледчага Бролішса, Леанід Сініцын адмовіўся прадставіць яе сьледзтву. Ён папросту праігнараваў запыты пракуратуры”.

(Карэспандэнт: ) “Як ты думаеш, чаму стужка не была паказаная?”

(Навумчык: ) “Бо гэта б магло выклікаць зусім не пажаданую для Лукашэнкі рэакцыю грамадзтва. Я перакананы, што калі б паказалі – іншым быў бы і вынік рэфэрэндуму, і Народны Фронт правёў бы ў ВС 13 скліканьня сваіх дэпутатаў. У інтарэсах улады было замаўчаць гэтую падзею. Наагул, гісторыя дысыдэнцкага руху сьведчыць, што галадоўка сама па сабе даволі эфэктыўны сродак дамагчыся сваіх мэтаў, але галоўная ўмова, ці адна з галоўных умоваў – пра яе павінна ведаць як мага большая колькасьць людзей. Між іншым, адно з нашых патрабаваньняў, пад час галадоўкі, акрамя скасаваньня неканстытуцыйнага рэфэрэндуму – былі і дэманапалізацыя СМІ і аднаўленьне Іосіфа Сярэдзіча на пасадзе рэдактара “Народнай газэты”. У Беларусі ўжо тады інфармацыя па дзяржаўных СМІ была блякаваная, у замежнай жа прэсе пра галадоўку пісалі – бо ўпершыню ў найноўшай гісторыі Эўропы дэпутаты парлямэнту былі зьбітыя ў залі парлямэнту”.
XS
SM
MD
LG