Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў абвесьцілі бестэрміновую галадоўку ў сьценах палаты прадстаўнікоў


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта яны заявілі 3 чэрвеня падчас сустрэчы з журналістамі каля Чырвонага касьцёлу ў Менску. Прычына акцыі – немагчымасьць унесьці ў парадак дня апошняй сэсіі Палаты пытаньня аб зьмяненьнях і дапаўненьнях выбарчага заканадаўства.

Галадоўка пачалася адразу пасьля сустрэчы з журналістамі. Колькі яна будзе працягвацца – невядома. Генэрал Фралоў на пытаньне журналістаў адказаў, што галадоўшчыкі будуць стаяць да апошняга, і ў гэтым іхная грамадзянская пазыцыя:

(Фралоў: ) "Думаем трымацца да апошняга: пакуль нас ня вынесуць у рэанімацыю ці яшчэ куды. Я лічу, што нармальны чалавек вымушаны паказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. Вельмі ж наша краіна не туды ідзе".

Галадоўцы папярэднічала тое, што раніцай 3 чэрвеня рада палаты не рэкамэндавала для разгляду на сэсіі законапраект, які прадугледжвае зьмены Выбарчага кодэксу. Гэты дакумэнт яшчэ год таму падрыхтавала дэпутацкая група "Рэспубліка".

Падчас плянарнага паседжаньня Валеры Фралоў двойчы спрабаваў зьвярнуцца да калегаў-дэпутатаў, каб яны, нягледзячы на пазыцыю кіраўніцтва палаты, прагаласавалі за ўключэньне пытаньня ў парадак дня сэсіі.

Абодва разы сьпікер Вадзім Папоў адключаў мікрафон.

Дэпутат Сяргей Касьцян уголас крычаў: "Гэта вам не 1991-ы год". На што кіраўнік "Рэспублікі" Сяргей Скрабец адрэагаваў так: "А вам не 1937-ы". У палеміку ўключыліся іншыя дэпутаты.

У Авальнай зале стала спакойна толькі пасьля таго, як спадар Папоў паабяцаў, што дасьць слова Фралову напрыканцы паседжаньня. Але сьпікер закрыў паседжаньне, чамусьці не абвясьціўшы пра выступ Фралова.

Многія журналісты, якія стала акрэдытаваныя ў Палаце прадстаўнікоў, ня змаглі назіраць за паседжаньнем. Людзі ў цывільным папярэджвалі: сёньня доступ у будынак абмежаваны і таму трапіць у Дом ураду немагчыма. Мяне асабіста спачатку прапусьцілі ў прэсавы цэнтар. Але літаральна праз 5 хвілінаў прыйшоў супрацоўнік службы бясьпекі і вымусіў мяне выйсьці з Дому ўраду.

На прэсавай канфэрэнцыі Валеры Фралоў агучыў зварот дэпутатаў, у якім сьцвярджаецца, што Аляксандр Лукашэнка рыхтуе чарговы канстытуцыйны пераварот:

(Фралоў: ) "Спадар прэзыдэнт і спадары з Вашага атачэньня, мы добра ведаем пра пляны вашага чарговага канстытуцыйнага перавароту. Але цяпер не 1996 год і ніякі рэфэрэндум у вас не атрымаецца. Аляксандр Лукашэнка зьяўляецца дзейным прэзыдэнтам толькі да моманту, пакуль выконвае свае функцыі ў рамках дзейнай Канстытуцыі. Калі ж ён думае яе зламаць, нават праз рэфэрэндум, ён імгненна пазбавіцца легітымнасьці і ператворыцца ў звычайнага грамадзяніна, якога можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Мы не дапусьцім прыватызацыі дзяржаўнай улады ў Беларусі Лукашэнкам. Ні ў кога ня павінна быць ілюзіяў – група чыноўнікаў рыхтуе злачынства супраць беларускага народу – канстытуцыйны пераварот".

Я спытаўся ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі, ці гатовыя яны да перамоваў, калі афіцыйныя ўлады зьвернуцца да іх зь нейкімі прапановамі. Уладзімер Парфяновіч адказаў:

(Парфяновіч: ) "Мы заўсёды гатовыя да перамоваў. Вось гэта і адрозьнівае нас ад Лукашэнкі. Мы гатовыя прыняць неабходныя захады, каб Беларусь не была самаізаляванай ад міжнароднай супольнасьці".

Валеры Фралоў паведаміў таксама, што створаная грамадзкая камісія, якая будзе назіраць за тым, як праходзіць галадоўка. Яе ўзначальвае вядомы грамадзкі дзеяч Уладзімер Колас.
XS
SM
MD
LG