Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня толькі псыхіка чалавека, але і ягонае цела зьнітаваныя ў адно цэлае з усім навакольлем”. Сурокі ў беларусаў.


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”.

Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Ці ня з кожным з нас здаралася такое, што раптам, бяз бачных прычынаў, пачынаецца нейкая млосьць, рэзка пагаршаецца самаадчуваньне, нічога ня хочацца. І да лекара, здаецца, няма з чым ісьці. Мы ставім сабе розныя дыягназы: ад “ператаміўся” да якогась грыпу ці нават атыповай пнэўманіі. А вясковыя лекары ды шаптухі дыягназавалі бы адразу і катэгарычна: цябе сапсавалі. Сурочылі. Ды і ў сёньняшнім горадзе расьце цяпер цікавасьць да гэтак званай нетрадыцыйнай мэдыцыны, якая таксама прызнае рэальнасьць сурокаў, зламыснага ўзьдзеяньня чалавека на чалавека”.

(Тацяна Валодзіна: ) “Ня толькі псыхіка чалавека, але і ягонае цела зьнітаваныя ў адно цэлае з усім навакольлем, у тым ліку і зь іншымі ягонымі насельнікамі. Найперш праз слова, пагляд з кожным з нас можа быць усталяваны надзейны аднабаковы канал сувязі, шлях, які вядзе да кожнага чалавека. Па гэтым канале можа быць перададзеная любая інфармацыя. У тым ліку адмоўная”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. У мінулай перадачы мы гаварылі пра самыя розныя ўзбуджальнікі чалавечых немачаў — ад жабаў ды чорта да месяца і сонца. Але гэта прырода, сьвет іншы. Як жа сталася, што і сам чалавек усё адно як прылучыўся да чорта ды пачаў шкодзіць сабе падобным? Яшчэ можна зразумець — нешта скраў, але проста каб наслаць на суседа псоту… Навошта? І як гэта рабілася?”

(Валодзіна: ) “Праблему чалавечае варожасьці ў дачыненьнях да іншага імкнецца вырашыць ужо не адно пакаленьне ня толькі культуролягаў, але і псыхолягаў, філёзафаў ды сацыёлягаў. Ці лепш сказаць, што бяздоньне чалавечае псыхікі ды падсьвядомасьці сягае так глыбока, што няма як сказаць штосьці ўцямнае. Але на пытаньне — як шкодзілі беларусы (і ня толькі) у сфэры здароўя народная культура дае разгорнутыя, падрабязныя ды шматлікія адказы. Прыкладам, тыя ж сурокі:

“Урокі — гэта такая хвароба, якая прыкідаецца, як на дзіця зірне той, у каго зроду ліхія вочы. Е такія паганы вочы, што яны як толькі глянуць не то што на дзіця, але нават і на сталага чалавек, то зашкодяць, хоць бы яны глянулі так сабе, без жоднага ліхога замерку. Такія ліхія вочы шкодзяць вельмі ганебне дзецям да малому жывёлу. Урок ці падзіў прыстае і к жанкам, як у іх е на бялізне, як яны ў стане або кормяць цыцкаю дзяцей. Апрыч таго, падзіў прыстае к вельмі гожым хлопцам і дзеўкам, к маладым на вяселлі і к нядошлым старым. Тыя паганыя людзі, што маюць такія вочы і самі не ведаюць, што яны так шкодлівы; адны з іх шкодзяць толькі людзям, другія — жывёлу, а е і такія погані, што шкодзяць усяму, на што ні зірнуць. Ад урокаў ці падзіву не памагаюць жодныя лекі дахтуроў, а трэба іх лячыць толькі дома рознымі прымхамі да прасіць тых баб, каторыя добра ўмеюць як адхадзіць ад гэтае напасці”.

Такім чынам, сурокі падзяляюцца на наўмысныя і ненаўмысныя. Апошнія, ці як іх яшчэ звалі — падзіўныя, пасьмешныя, маглі быць учыненыя нават у межах аднае сям’і (бацькамі, сваякамі). Яны і не ўспрымаліся як асабліва небясьпечныя. Асноўнай прычынай падобных сурокаў бачылася так званая “благая мінута”, у якую агучаная пахвала ці зьдзіўленьне мелі надалей супрацьлеглыя, нэгатыўныя наступствы. Раілі таму, калі каго ці нават сябе хваліш, пастукаць па дрэве, папляваць ці сказаць: “Ня ўрокам кажучы”; “У добры час сказаць, у благі памаўчаць”.

(Ракіцкі: ) “Значыць, немач можа быць выкліканая і несьвядомым учынкам суразмоўцы. Гэта яшчэ можна прабачыць. Але калі хто знарок імкнецца да шкоды, тады як? Гэта што за людзі?”

(Валодзіна: ) “Найперш, безумоўна, чараўнікі і ведзьмакі. Але сурочыць могуць таксама людзі, якія чымсьці вылучаюцца ў традыцыйным асяродку, прыкладам, сваім іншаэтнічным паходжаньнем. Як у замовах: “Урокі думаны, пагаданы, пацешны, пасьмешны, умоўны, прыгаворны, хлапоцкі, жаноцкі, панскі, жыдоўскі, цыганскі, каціны, мышыны, сабачы…”

(Ракіцкі: ) “Тое, што сурочыць могуць чараўнікі, зразумела. Але пры чым тут цыганы ды жыды? Сярод іх, як і сярод нас, — розныя людзі”.

(Валодзіна: ) “Безумоўна. Але ж, як кажацца ў замовах, сурокі наклікаць маглі і поп, і пан, дзяк — прадстаўнікі іншых сацыяльных групаў; таксама людзі, якія мелі пэўныя адхіленьні ў здароўі, прыкладам — кульгавыя, празьмерна валасатыя, “крывое вока” і нават “сьляпое вока”. Усіх іх аб’ядноўвае непадобнасьць на іншых, чужасьць — і таму патэнцыйная варожасьць. Цікава, да гэтае групы залічваліся нават людзі, што два ці больш разоў жаніліся:

“Гавару, выгаварываю суроцы падзіўныя, падуманыя, паганага вока, паганага языка, музькага полу, бабськага полу, і таго выгаварываю, каторы два разы жаніўся, і таго выгаварываю, каторы два разы матку ссаў, і таго выгаварываю, каторы ў полі спор адбіраў…”

(Ракіцкі: ) “Беларусы называюць чалавечую псоту па-рознаму: і сурокі, і падзіў, і прыстрэк, і подумкі. І ўсё ж, гэта розныя хваробы ці толькі адмены аднае?”

(Валодзіна: ) “Як відаць з самых словаў, назва залежыць ад спосабу, каналу ўзьдзеяньня на чалавека. “Сурокі” — гэта праз слова, тут стары славянскі корань рэкці — гаварыць, а “падзіў” — то хвароба з пагляду, з вачэй, калі хтось нядобразычліва на цябе будзе дзівіцца, глядзець. А для подумак дастаткова аднае думкі. Адрозьніваюць нават зазеху — калі цябе сурочаць у час пазяханьня. Але прырода гэтых хваробаў адна — нядобразычлівае ўмяшаньне іншага чалавека”.

(Ракіцкі: ) “А адносна цяжкасьці працяканьня хваробы — наколькі яны падобныя?”

(Валодзіна: ) “Менавіта сурокі, урокі — больш цяжкая немач, бо гэтае — дзеяньне заўсёды сьвядомае, канцэнтраванае выражэньне адмоўнай энэргіі, думкі, подзіў жа лекаваўся прасьцей, бо “дрэннае вока не абавязкова чарадзейскае”. Нядобрае ўзьдзеяньне выпадковага позірку кампэнсавалася нават ціхенькім скручваньнем дулі ці словамі тыпу: “Соль у вочы, качарэжку ў зубы, рог паміж ног”. А вось для значэньня “сурочыць” выкарыстоўваюцца нават дзеясловы з асновай рабіць: прырабіць, нарабіць, зрабіць, падрабіць, што яшчэ раз сьцьвярджае матэрыяльнасьць маўленьня, раўнаважкасьць слова і дзеяньня”.

(Ракіцкі: ) “Гэта ўсё ж псота праз слова, думку, погляд. Але ж кажуць і пра зланамысныя дзеяньні, што існуюць адмысловыя чарадзейскія захады, у выніку якіх чалавек ня толькі можа занядужаць, але і памерці”.

(Валодзіна: ) “Сапраўды, існуе, я бы сказала, цэлы арсэнал скіраваных дзеяньняў дзеля насыланьня немачы. Гэта і падкідваньне на сялібу самых розных нагавораных прадметаў, расказваюць, што пад вуглом хаты знаходзілі найперш яйкі, жмуткі зблытаных валасоў, косткі.Тут і дзеяньні з рэчамі, што мелі дачыненьне да нябожчыка: “Адшукалі раз гаршчок зь якімісь памыямі, то ўсе пачалі казаць, што няйначай як гэта людзі з аднае вёскі, абліўшы мярца, прынеслі і пастанавілі тую воду, каб да іншае перайшла ўся хвароба”. А ў юрыдычных дакумэнтах зь Віленшчыны з 18 стагодзьдзя знаходзім:

“Жонка аднаго чарадзея Убы цэлы тыдзень засушвала ў дыме трупік пазашлюбнага дзіцяці. Затым пахавала, праз нейкі час выкапала, для таго, каб даказаць, што не ёй яно было забітае. Але калі ёй загадалі аднесці яго назад, то рассыпала гэтыя косці ў гародзе суседа свайго Рудзя, пасля чаго ўся сям’я суседа не мела здароўя і жывёла стала штогод прападаць”.

(Ракіцкі: ) “Дзякаваць Богу, цяпер такое наўрад ці магчымае. Але ці азначае гэта, што шкодзіць адзін аднаму сталі меней? Ці зьмяніліся, можа, толькі спосабы?”

(Валодзіна: ) “Калі цытаваць адмыслоўцаў, прычынай узьнікненьня ўстойлівага поля дэфармацыяў, якое вызначае наша здароўе, можа быць пачуцьцё нянавісьці, зайздрасьці, крыўды, агрэсіі. Гэтыя пачуцьці кадуюцца полевай структурай, а затым “дэфармаваны дух” апускаецца да нізкіх энэргетычных роўняў і рэалізуецца ў целе — становіцца хваробай. А продкі нашыя тлумачылі гэта проста: абгаворваньне кагосьці наклікае ў абранай ахвяры болькі на канцы языка. І нават зайздрасьць становіцца прычынаю немачы — “печая, жога бывае, як хто пазайздросьціць, як убачыць, калі той есьць што-небудзь смачнае”. Такім чынам, сёньня, можа, і ня трэба закопваць костак пад асфальт, дабівае часам простая чалавечая нядобразычлівасьць”.

(Ракіцкі: ) “Былі часы, калі ў сурокі верыла абсалютная бальшыня, перажылі мы і пэрыяд, калі сурокі, як і ўсё іншае, зьвязанае з магіяй, заўзята крытыкавалася. Якая сытуацыя з гэтым пытаньнем цяпер? Мы верым альбо крытыкуем?”

(Валодзіна: ) “І верым, і крытыкуем. Іншая справа, цяпер да вырашэньня гэтае праблемы зьвярнуліся прадстаўнікі дакладных навук: фізыкі, біёлягі, хімікі. З пазыцыяў псыхафізыкі, эніялёгіі і іншых навук, што дасьледуюць парапсыхалягічныя зьявы, чалавек суіснуе ў шматмерным прасторава-часавым кантынуўме нароўні з гэтак званымі тонкімі сьветамі, зь якімі ён і зьвязаны асаблівымі энэргаінфармацыйнымі сувязямі. Дый сам чалавечы арганізм разумеецца як складанае шматкампанэнтавае адзінства, што ўлучае ў тым ліку і пэўныя тонкія структуры. Рэальнасьць існаваньня такіх “тонкіх” (псыхічных) сьветаў і наяўных працэсаў узаемадзеяньня, узаемаўплываў “грубай” і “тонкай” матэрыі й вытлумачвае многае ў магічнай практыцы”.

(Ракіцкі: ) “На рэальнае, фізычнае, што выяўляецца ў варыянце “грубай матэрыі”, узьдзейнічае “ірэальнае”, псыхічнае, з “тонкаматэрыяльных” сьветаў. Што ж тады выступае ў якасьці правадніка між гэтымі сьветамі, сфэрамі?”

(Валодзіна: ) “Найперш слова. Успрыманьне сьвету як усяго і цалкам жывога і адзінага дазволіла чалавеку асаблівым чынам ставіцца да слова. Слова ўжо самое раўнавалася да дзеяньня, паколькі слова — гэта вэрбальны дублікат думкі, псыхаэнэргіі, энэргаінфармацыі. “Я кажу” і “я раблю” — практычна адно і тое ж, бо вымаўляючы, я ў думках адлюстроўваю выказанае. Яно ж дзейсна ажыцьцяўляецца ў тонкаматэрыяльным сьвеце, а тонкаматэрыяльнае (псыхаэнэргетыка) мадэлюе выказанае і створанае ўжо ў сьвеце фізычных рэчаў”.

(Ракіцкі: ) “Зыходзячы з усяго сказанага, як і нашыя продкі, зьвернемся да магутнага слова замовы ды адвядзем ад сябе ўсе сурокі, прыстрэты, зазехі і падзівы:

“Дзе ж вы, урокі, дзе ж вы, падзівы, дзе ж вы, нагаворы? Дзе свет не світае, дзе сонейка не сходзіць, дзе збожжайка не родзіць і пеўнеў голас не даходзіць, дзе пан сякерай не рубне, а дзеўка касы не спляце. Там вам піценне і ядзенне, і гулянне, і спачыванне. Там вам лаўкі засціланыя і кубачкі налітыя, наймічка з парубкам перакачваюцца, перабенчваюцца, будуць вас паважаці, з хаты дымам, з двара ветрам напраўляці. За вецер ухапіліся, на асіне заснуліся, ад нас адкаснуліся…”
XS
SM
MD
LG