Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каляндар Свабоды – 3 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 3 чэрвеня.

Сёньня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Алена. “Да сьвятой Алены гароды зялены”, – казалі некалі нашыя даўнія продкі. І яшчэ: “Сей лён на Алену – будзе кашуля да калена”. Дарэчы, сеялі абавязкова ў чыстай вопратцы, каб лён быў чысты. А яшчэ сейбіты бралі з сабой вараныя яйкі і падкідалі іх угару, каб лён быў высокі, з буйнымі галоўкамі.

3 чэрвеня Янка Купала паставіў апошнюю кропку ў сваёй славутай камэдыі “Паўлінка”. Адбылося гэта ў 1912 годзе на хутары Акопы на Лагойшчыне. Першая пастаноўка п’есы прайшла ўжо праз паўгода ў Вільні і мела незвычайны посьпех. З таго часу пачаўся трыюмф “Паўлінкі”. Цяпер ёю адкрывае кожны свой сэзон Купалаўскі тэатар у Менску.

3 чэрвеня 1875 году пакінуў гэты сьвет францускі кампазытар Жорж Бізэ. Здарылася гэта пасьля чарговага абсьвістаньня ягонай опэры “Кармэн”. Ва ўражанага уласным творчым правалам кампазытара разарвалася сэрца. А сёньня “Кармэн” – першая опэра, па якой ведаюць і пазнаюць Жоржа Бізэ.

Таксама 3 чэрвеня, у 1924 годзе, 80 гадоў таму, пакінуў гэты сьвет саракагадовы аўстрыйскі пісьменьнік Франц Кафка. На момант сьмерці яшчэ ніводзін твор гэтага славутага празаіка ня быў надрукаваны. Кажуць, што такая была воля самога аўтара. Калі гэта праўда, дык Кафка стаў клясыкам сусьветнай літаратуры насуперак уласнаму жаданьню. Пахаваны пісьменьнік у Празе, на габрэйскіх Страшніцкіх могілках.

3 чэрвеня 1944 году, гэта значыць, 60 гадоў таму, у суседняй Літве, зусім недалёка ад цяперашняй беларускай мяжы, фашысты спалілі вёску Пірчупіс. У агні загінулі 119 жыхароў. Пасьляваенным часам Пірчупіс стаў сымбалем фашыстоўскіх злачынстваў побач зь беларускай вёскай Хатыньню і чэскай Лідзіцэ.

Сярод знакамітых людзей, што нарадзіліся 3 чэрвеня, згадаем сёньня расейскага бальшавіцкага дзеяча Якава Сьвярдлова, імя якога дагэтуль носяць вуліцы беларускіх гарадоў; Адольфа Гугеля, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, які пісаў карціны на тэмы паўстаньня Каліноўскага і мінулай вайны. А нарадзіўся Адольф Гугель у 1915 годзе ў Вене. Таксама сёньня сьвяткуе дзень народзінаў беларускі паэт Васіль Зуёнак. Ён працяглы час узначальваў Саюз пісьменьнікаў, а сярод многіх ягоных паэтычных зборнікаў ёсьць і адзін чыста гумарыстычны са сьмешнаю назвай «Качан на п''едэстале».
XS
SM
MD
LG