Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новая перадача: “Гаворыць Васіль Быкаў”


Аляксандар Лукашук, Прага Мы пачынаем новы цыкл перадачаў, прысьвечаны 80-годзьдзю з дня нараджэньня Васіля Быкава.

Васіль Быкаў быў даўнім сябрам, слухачом і аўтарам “Свабоды”. У нашым аўдыёархіве захаваліся многія гадзіны запісу яго непаўторнага голасу. Самае галоўнае, што пачуюць слухачы – жывы голас Быкава, крыху прыглушаны, са стрыманай энэргіяй і роўнай інтанацыяй, якая, відаць, найбольш выразна перадае драматычнае напружаньне ягонай прозы і публіцыстыкі. Таксама будуць гучаць больш размоўныя урыўкі – інтэрвію, гутаркі з карэспандэнтамі “Свабоды”. Мы выбралі з нашага архіву некалькі дзесяткаў запісаў розных часоў, ад 1988 да 2003 году.

Тыя са слухачоў, хто змог прыйсьці ў менскі Дом літаратара 20 траўня на 50-годзьдзе Беларускай службы Радыё Свабода, атрымалі кнігу “Быкаў на Свабодзе”. У ёй сабраныя ўсе выступы пісьменьніка ў нашым эфіры, а таксама перадачы, прысьвечаныя Быкаву. Кніга арганізаваная паводле храналягічнага прынцыпу. Але перадача “Гаворыць Васіль Быкаў”, прэм’ера якой адбудзецца сёньня, арганізаваная тэматычна.

У кожнай перадачы будзе гучаць некалькі розных запісаў, прысьвечаных адной тэме – праблеме вайны і перамогі, дыктатуры і свабоды, асобна сабраныя выказваньні Быкава пра пісьменьнікаў і літаратуру. Самая першая перадача будзе насіць біяграфічны характар – Быкаў успамінае дзяцінства, службу ў войску, у яго выкананьні прагучыць фрагмэнт з кнігі “Доўгая дарога дадому”. Дарэчы, гэта адметнасьць кожнага выпуску – побач з выступамі, інтэрвію, жывой гутаркай абавязкова будзе урывак прозы, які Васіль Уладзіміравіч сам выбраў і ласкава пагадзіўся начытаць для нашага радыё.

Перадача “Гаворыць Васіль Быкаў” будзе гучаць на хвалях “Свабоды” кожны панядзелак, сераду і пятніцу, а 19-й і 23 гадзіне. Прэм’ера сёньня, 2 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG