Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмена клімату на плянэце: ці далёка “Пасьлязаўтра”?


Ганна Соўсь, Прага У многіх краінах сьвету адбылася прэм’ера амэрыканскага блёкбастэру “Пасьлязаўтра”, у якім дэманструюцца катастрафічныя кліматычныя зьмены на Зямлі ў выніку глябальнага пацяпленьня. Навукоўцы ва ўсім сьвеце ўздымаюць пытаньні, што можна зрабіць, каб спыніць альбо запаволіць гэты працэс?

Гэта фрагмэнт з чарговага амэрыканскага фільму катастрофаў “Пасьлязаўтра”. Гледачы фільму могуць пабачыць, як кліматычныя зьмены прыводзяць да таго, што 30-мэтровыя хвалі разбураюць хмарачосы Мангэтану, а сымбаль ЗША – Статуя Свабоды – аказваецца па падпахі ў лёдзе. Ідэя фільму палягае ў тым, што ў выніку пацяпленьня клімату растаюць арктычная ледавікі, і гэтыя воды ўваходзяць у Гальфстрым, замаруджваюць патокі вады, і цячэньне спыняецца.

Гальфстрым, які рухаецца ўздоўж паўночнаатлянтычнага ўзбярэжжа Эўропы, мае ацяпляльны эфэкт для Эўропы і у некаторай ступені Паўночнай Амэрыкі. Як дэманструецца ў “Пасьлязаўтра”, спыненьне цячэньня Гальфстрыму прыводзіць да зьніжэньня тэмпэратуры ў Паўночным паўшар’і, у выніку пачынаецца новы ледавіковы пэрыяд. У той жа час навукоўцы сьцьвярджаюць, што такі сцэнар у рэальнасьці малаверагодны хаця б таму, што ў выніку глябальнага пацяпленьня нагрэліся бы паветра і вада ў акіяне, што супрацьстаяла бы любому спыненьню ў Гальфстрыму. Аднак нават крытыкі прызнаюць, што фільм Раланда Эмэрыха ўздымае пытаньні магчымых наступстваў зьмены клімату.

Гаворыць Саманта Сьміт, дырэктарка Арктычнай праграмы Фонду Ўсясьветнай жывой прыроды.

(Сьміт: ) "Са зьменай клімату мы гуляем зь вялікай і складанай сыстэмай, і ўзьдзеяньне клімату можа мець вельмі сур’ёзныя наступствы для жыцьця людзей ва ўсім сьвеце. Мы ўже бачым некаторыя зь іх ня толькі ў Арктыцы, але і ў другіх частках сьвету ў выглядзе надзвычайных праяваў надвор’я, большай колькасьці штормаў, летніх паводкаў. Мы таксама бачым глябальнае падвышэньне ўзроўню мора, мы адзначаем інвазію насякомых, якія пераносяць новыя хваробы ў новыя рэгіёны з той прычыны, што больш высокія тэмпэратуры дазваляюць ім распаўсюджвацца ў новых месцах і гэтак далей. І я думаю, што ў бліжэйшай пэрспэктыве нас чакае яшчэ больш праблемаў".

Навуковец Робэрт Корэл, які займаецца ацэнкай ўзьдзеяньня кліматычных зьменаў на Арктыку, адзначае, што гэтыя зьмены тут ужо добра заўважныя. Паводле яго, за мінулыя прыкладна 30 гадоў у Арктыцы адбываліся зьмены клімату ў некаторых месцах у 5-10 разоў хутчэй, чым прагназавалі навукоўцы. Корэл адзначае, што дарогі на Алясцы застаюцца зьледзянелымі цяпер прыкладна 100 дзён на год, тады як раней гэты пэрыяд працягваўся каля 200 дзён.

Абаронцы навакольнага асяродзьдзя маюць сумнеў, што ўрады разьвітых краінаў прыслухаюцца да гэткага кшталту аргумэнтаў навукоўцаў. Паколькі ЗША выйшлі з Кіёцкага пратаколу, рамачнай канвэнцыі ААН, мэта якой абмежаваць выкіды ў атмасфэру парніковых газаў.

Крытыка амэрыканскай пазыцыі ёсьць і ў фільме “Пасьлязаўтра”, дзе ўсе катаклізмы адбываюцца пасьля таго, як палітыкі не прыслухаліся да папярэджаньняў навукоўцаў.

Дадамо, што ў Беларусі прэм’ера фільма “Пасьлязаўтра” адбудзецца 5 ліпеня, прыкладна празь месяц пасьля сусьветнай прэм’еры.
XS
SM
MD
LG