Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калегі Леаніда Парфёнава камэнтнуюць ягонае звальненьне і параўноўваюць сытуацыю са СМІ ў Беларусі


Юры Дракахруст, Прага Кіраўніцтва расейскай тэлекампаніі НТВ звольніла кіраўніка і вядучага штотыднёвай праграмы “Намедни” Леаніда Парфёнава. Самая праграма закрытая. У мінулую нядзелю паводле загаду кіраўніцтва НТВ з эфіру “Намедни” было зьнятае інтэрвію з удавой аднаго з лідэраў чачэнскіх паўстанцаў Зелімхана Яндарбіева, забітага ў Катары.

Учора пра дэталі спрэчак кіраўніцтва НТВ з Парфёнавым распавяла газэта “Коммерсант”. Мы папрасілі пракамэнтаваць звальненьне Леаніда Парфёнава і закрыцьцё праграмы “Намедни” двух яе супрацоўнікаў Паўла Селіна – былога карэспандэнта НТВ у Беларусі і Елену Самойлаву – аўтарку інтэрвію з Малікай Яндарбіевай.

У загадзе аб звальненьні Леаніда Парфёнава адзначана, што прычынаю зьяўляецца парушэньне працоўнай дамовы, якая абавязвала журналіста падтрымліваць палітыку кіраўніцтва тэлекампаніі. Генэральны дырэктар НТВ Мікалай Сянкевіч заявіў, што Парфёнаў – адзін з самых таленавітых журналістаў на тэлебачаньні, але апошні інцыдэнт ня быў першым.

У мінулую нядзелю толькі жыхары Сыбіру і Далёкага Ўсходу ўбачылі ў “Намедни” інтэрвію з удавой Зелімхана Яндарбіева. Сюжэт быў зьняты на загад кіраўніцтва НТВ. Як патлумачыў намесьнік гендырэктара кампаніі Аляксандар Герасімаў, гэта было зроблена на просьбу расейскіх спэцслужбаў. Герасімаў заявіў, што Парфёнаў “вынес сьмецьце з хаты”, бо загад пра зьняцьцё гэтага сюжэту быў унутранай справай тэлекампаніі.

Павал Селін быў карэспандэнтам НТВ у Беларусі да чэрвеня 2003 году, калі беларускія ўлады дэпартавалі яго з краіны за “тэндэнцыйнае і непраўдзівае”, на іх думку, асьвятленьне пахаваньня Васіля Быкава. Пасьля дэпартацыі зь Беларусі Павал Селін працаваў як раз для праграмы “Намедни”. Для яго звальненьне Леаніда Парфёнава ня сталася нечаканасьцю.

(Селін: ) “Заканамерная падзея, якую ўсе даўно чакалі. Усім было відавочна, што рана ці позна "Намедни" павіна было спыніць сваё існаваньне. Гэта фактычна была адзіная тэлепраграма ў Расеі, якая дазваляла сабе дастаткова жорсткую крытыку ўлады”.

Фармальнай падставай звальненьня кіраўніка “Намедни” стала тое, што быў абнародаваны загад кіраўніцтва НТВ пра зьняцьцё з эфіру інтэрвію з удавой Яндарбіева. Ці не было гэтае абнародваньне парушэньнем карпаратыўнай этыкі? Гаворыць Павал Селін.

(Селін: ) “Я магу зразумець крыўду нашага кіраўніцтва на тое, што было, так бы мовіць, “вынясенае сьмецьце з хаты”. Тут мае рацыю кожны. Безумоўна, існуе карпаратыўная этыка, але калі справа даходзіць да моманту ісьціны, кожны павінны выбіраць свой шлях. Леанід выбраў такі шлях”.

Расейскія спэцслужбы перасьцерагаліся, што трансьляцыя інтэрвію з Малікай Яндарбіевай можа пагоршыць лёс двух расейскіх разьведчыкаў, якіх зараз судзяць у Катары. Іх абвінавачваюць у забойстве Зелімхана Яндарбіева.

У сёньняшнім нумары “Известий” Леанід Парфёнаў пракамэнтаваў гэтыя перасьцярогі наступным чынам: “Ня трэба нас вучыць радзіму любіць. Я 25 гадоў працую журналістам і чую – “ня час, братка, ня час”. Трэба нарэшце зразумець – інфармацыя самакаштоўная”.

А вось меркаваньне Елены Самойлавай, карэспандэнткі “Намедни”, якая як раз і рабіла інтэрвію з жонкай Яндарбіев.

(Самойлава: ) “Я нават не адмаўляю такой магчымасьці, што ёсьць перавагі, калі журналіст нейкім чынам каардынуе сваю дзейнасьць і застаецца ў межах заканадаўства ці нейкіх іншых. Але што тычыцца гэтай канкрэтнай сытуацыі – гэта поўны абсурд. Той сюжэт, які мы падрыхтавалі для эфіру, ня ўтрымліваў нічога, што магло б неяк паўплываць на вынік гэтага судовага працэсу. Гэта была абсалютна нэўтральная інфармацыя, мы выбралі самыя “мяккія” кавалкі інтэрвію, якія аніяк не маглі адбіцца на лёсе нашых выведнікаў.

Больш за тое, той скандал, які разгарэўся зараз з адстаўкай Леаніда Генадзевіча, вось менавіта гэта як раз і можа паўплываць на вынік гэтага судовага працэсу. Мне зараз тэлефануюць шмат з арабскіх тэлеканалаў, у тым ліку і з тых, якія вяшчаюць на Катар, і ў людзей вялізарны інтарэс да гэтай сытуацыі. І менавіта гэты ажыятаж можа адыграць нейкую ролю і паўплываць на лёс абвінавачаных”.

Гэта была карэспандэнтка праграмы “Намедни” Елена Самойлава.

І нарэшце – ізноў пытаньне да Паўла Селіна. Мы папрасілі яго параўнаць зараз, пасьля закрыцьця “Намедни”, інфармацыйную сытуацыю ў Расеі і ў Беларусі, адкуль яго выслалі летась.

(Селін: ) “Я адкажу аптымістычна. Нягледзячы ні на што, зь Беларусьсю не параўнаць. У параўнаньні з той зачысткай, якая там, тут – разгул дэмакратыі. Тут можна ўключыць РенТВ, тое ж НТВ, некаторыя радыёстанцыі і пачуць вельмі крытычныя навіны і ацэнкі наконт цяперашняй улады.

У Менску ж, на жаль, засталася толькі пара незалежных апазыцыйных газэтаў і адзіны сайт – Хартыя. Усё ж у колькасным сэнсе тут больш крыніцаў незалежнай інфармацыі. Лукашэнка ж, здаецца, зачысьціў ужо ўсё, крышачку засталося. Яму яшчэ толькі вас прыкрыць, нейкія глушылкі паставіць – і ўсё”.
XS
SM
MD
LG