Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся рэпрэсіі супраць сяброў моладзевага руху “Зубр”


Любоў Лунёва, Менск Сябры незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” лічаць, што ўлады намагаюцца зьнішчыць іх арганізацыю. Пасьля таго, як супраць менскіх студэнтаў Кацярыны Клімко і Максіма Громава распачалі крымінальныя справы, міліцыянты пачалі затрымлімваць і выклікаць у міліцыю іншых актывістаў.

18-гадовага Аляксея Ляўковіча ў сераду затрымалі на працоўным месцы, на Менскім аўтазаводзе. За ім прыехалі міліцыянты з Заводзкага РУУС Менску. Празь некалькі гадзінаў я зьвязалася з Аляксеем па мабільным тэлефоне:

(Ляўковіч: ) “Сёньня прыехалі на працу зь міліцыі й сказалі, што я павінен паехаць разам зь імі. Адвезьлі ў Заводзкі РУУС. Там патэлефанавалі ў Савецкі, што я ў іх. Потым з Савецкага РУУС прыехала машына, і мяне прывезьлі сюды ў Савецкі…”

(Голас міліцыянта: ) “Ты з кім зараз размаўляеш?!”

(Ляўковіч: ) “З журналістам…”

(Міліцыянт: “А, ну, дай сюды! Дай сюды я сказаў!”

(Ляўковіч: ) “Прабачце, мне не даюць гаварыць…”

Пасьля гэтага міліцыянты забралі тэлефон. Хлопца дагэтуль трымаюць у Савецкім РУУСе. Прычыны затрыманьня невядомыя. У дзяжурнай частцы Савецкага РУУСу паведамілі толькі, што справай Аляксея Ляўковіча з 14 гадзінаў займаецца кіраўнік аддзелу грамадзкай бясьпекі спадар Сіневіч. Наконт самога Сіневіча паведамілі, што ён зьехаў у гарадзкое ўпраўленьне міліцыі.

Тым часам міліцыянты Маскоўскага раённага ўпраўленьня Менску два дні запар спрабуюць дапытаць актывістку моладзевага руху “Зубр” Любоў Кучынскую. Раней яе двойчы арыштоўвалі за ўдзел у вулічных апазыцыйных акцыях. Першы раз 19 красавіка 2001 году на трое сутак за акцыю “Так жыць нельга!”, другі — на 10 сутак 3 сакавіка мінулага году за пікет насупраць амэрыканскай амбасады ў падтрымку вайсковай апэрацыі ў Іраку пад лёзунгам: “Сьмерць тыранам!” У аўторак на кватэру да Любы прыйшоў участковы міліцыянт. Дзяўчына разам з братам трымалі дзьверы, каб не пусьціць яго ў кватэру. Міліцыянт выклікаў на дапамогу дваіх калегаў з аховы. Але і тыя не здолелі адчыніць дзьвярэй. Люба параіла ім наступным разам мець пры сабе санкцыю пракурора, каб без дазволу гаспадароў не ўрывацца ў прыватнае жытло. А наступны дзень міліцыянт патэлефанаваў Любові і папрасіў прыйсьці ў аддзел міліцыі на размову. Што стане тэмай размовы, ён паведаміць адмовіўся. Любоў Кучынская распавяла Радыё Свабода:

(Кучынская: ) “Я ня ведаю, чаму да мяне прыйшлі міліцыянты, бо прычыны свайго наведваньня яны мне не патлумачылі. Я мяркую, што гэта зьвязана з рэпрэсіямі, якія цяпер праводзяцца супраць руху “Зубр”. Тым больш, што і распачатыя некаторыя крымінальныя справы супраць некаторых нашых сяброў… Сёньня раніцай, калі мне патэлефанавалі й прапанавалі прыйсьці ў міліцыю, я папрасіла, каб мне даслалі позву поштай”.

Тым часам студэнтку пэдагагічнага каледжу Кацярыну Клімко і студэнта каледжа лёгкай прамысловасьці Максіма Громава, супраць якіх распачалі крымінальныя справы за графіці, выклікалі ў дэканаты навучальных установаў і пагражалі адлічыць з курсаў. Прэсавы сакратар руху “Зубр” Аляксандар Атрошчанкаў лічыць, што ўлады спрабуюць запалохаць моладзь, каб зьнішчыць няўгодную арганізацыю.

(Атрошчанкаў: ) “Кацю Клімко і Максіма Громава выклікалі ў дэканат і паведамілі, што фактычна прынятае рашэньне аб іх выключэньні. Ім прапанавалі самім напісаць заявы і забраць дакумэнты. Канечне, яны не зьбіраюцца забіраць дакумэнтаў і мірна сыходзіць са сваіх навучальных установаў. Яны будуць падаваць скаргі на тое, што іх выключаюць без усялякіх падставаў. Я лічу, што сілавыя акцыі міліцыі — гэта запалохваньне моладзі. Яны скіраваныя на тое, каб прадэманстраваць моладзі, што зь імі будзе, калі яны будуць удзельнічаць у руху “Зубр”, ці папросту выказваць сваё незадавальненьне”.

***

Нагадаем, што крымінальная справа супраць актывістаў “Зубра”, непаўнагадовых Кацярыны Клімко і Максіма Громава, была распачатая на мінулым тыдніі. Яны напісалі заклік “Свабоду Марынічу!” на прыпынках грамадзкага транспарту ў Менску. Іх абвінавачваюць у пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці. На мінулым тыдні Клімко і Громаў правялі пад вартай больш за суткі й былі вызваленыя пад падпіску аб нявыезьдзе.
XS
SM
MD
LG