Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаілу Марынічу не вяртаюць 90 тысяч даляраў


Алег Грузьдзіловіч, Менск КГБ адмовіўся вярнуць Міхаілу Марынічу 90 тысяч даляраў, якія былі забраныя ў яго напярэдадні арышту. Між тым, абарона Марыніча зьвяртае ўвагу на адсутнасьць якіх-небудзь сьледчых дзеяньняў з гэтымі грашыма і ўжо праз суд спрабуе дамагчыся вызваленьня вядомага апазыцыянэра.

Вязень сьледчага ізалятару КГБ Міхаіл Марыніч атрымаў адказ на сваю просьбу аб вяртаньні яму 90 тысяч даляраў, якія былі адабраныя ў яго 24 красавіка, за два дні да затрыманьня. Сьледчы напісаў Міхаілу Марынічу, што ягоная просьба ня можа быць задаволеная. Прычынаў ён не паведаміў. Адметна, што Міхаіл Марыніч названы ў гэтым лісьце “сьведкам”.

У справе аб фальшывых далярах ён сапраўды лічыцца сьведкам, але ніякіх сьледчых дзеяньняў зь ім у гэтай справе не вядзецца, кажа адвакат Міхаіла Марыніча Вера Страмкоўская. Паводле яе, можа ўзьнікнуць сумнеў у тым, ці сапраўды ў Марыніча былі знойдзеныя нейкія фальшывыя даляры.

(Страмкоўская: ) “Справа ў тым, што яны нават не паказвалі ні Марынічу, ні абароне ніякіх дакумэнтаў, якія бы сьведчылі, што там ёсьць нейкія фальшывыя грошы. Гэта ўсё толькі вядома са словаў, але насамрэч ніхто не паказваў нам, колькі там гэтых грошай, што гэта была за экспэртыза, хто яе прызначаў. Ня ведаем”.

2 чэрвеня Міхаіл Марыніч і ягоныя абаронцы склалі чарговую скаргу на незаконнае затрыманьне. Раней падобная скарга накіроўвалася ў пракуратуру, але не была задаволеная. Гэтая разам скарга накіраваная ў Цэнтральны суд Менску. Былы міністар просіць суд адмяніць пастанову аб ягоным утрыманьні пад вартай на той падставе, што прад’яўленае яму абвінавачаньне прадугледжвае, што на час сьледзтва зь яго могуць узяць падпіску аб нявыезьдзе.

Міхаіл Марыніч быў абвінавачаны ў незаконных дзеяньнях са зброяй. Паводле сьледзтва, у яго на лецішчы знайшлі баявы пісталет. Былы міністар ад пісталета адмаўляецца і заяўляе, што яму гэтую зброю падкінулі наўмысна, каб знайсьці падставу для затрыманьня.

Пад вартай Міхаіл Марыніч з 26 красавіка. Яшчэ перад затрыманьнем у яго былі адабраныя 90 тысяч даляраў. Тады Міхаіл Марыніч патлумачыў сьледчым, што атрымаў грошы ад знаёмага з Расеі і мае намер патраціць іх на будучыя парлямэнцкія выбары. Шэраг вядомых у Беларусі людзей давалі паручальніцтвы за Міхаіла Марыніча, але гэта пакуль не прывяло да вызваленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG