Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урбаністычная скульптура ў Беларусі: ад “хлопчыка зь лебедзем” да Ленінаў і Марксаў


Галіна Жарко, Менск Скульптурныя ўвасабленьні багоў, герояў, правадыроў жывуць уласным жыцьцём. Каменнае маўчаньне й нерухомасьць не гарантуюць ім спакою. Лёс якога-небудзь быццам пастаўленага на вякі бронзавага правадыра аказваецца часта дужа кароткім. А нейкі “хлопчык зь лебедзем” можа цешыць вока не адно стагодзьдзе. Зрэшты, і ён не абаронены ад небясьпекі вулічнага жыцьця.

Помнікі, да якіх мінакі так прызвычайваюцца, што перастаюць зьвяртаць увагу, – няпростая зьява. Менавіта зьява, бо на думку псыхоляга, яна характарызуе ні больш ні менш, а цэлае чалавецтва.

(Псыхоляг:) “Баюся, што чалавецтва яшчэ доўга ня выйдзе зь дзіцячага ўзросту. Доказаў шмат... ну, адзін зь іх – якраз помнікі. Гэта ж лялькі. Вялікія каменныя ці там бронзавыя, драўляныя, ня ведаю... Зь імі ж гуляюць, як зь лялькамі. То кветкі носяць, то возьмуць паскідаюць з пастамэнтаў. І ломяць іх гэтаксама, як дзеці ломяць цацкі”.

Найбольш дастаецца правадырам. Ці ня год таму па тэлевізіі на ўвесь сьвет паказвалі, як сьцягвалі Садама Хусэйна. Крыху раней цяжкай артылерыяй ва ўпор расстралялі амаль стомэтровых Будаў, высечаных са скалаў… А чаго толькі ня робяць з правадыром усясьветнага пралетарыяту Леніным: паліваюць фарбаю, адбіваюць часткі... Адзін са зрынутых і закапаных помнікаў Ільлічу ў Нямеччыне спэцыяльна засыпалі слоем сьмецьця, каб не расьцягвалі на сувэніры. Часьцяком на помніках крэмзаюць непатрэбшчыну. Дастаецца й правадырам, і клясыкам літаратуры. Надпісы даводзіцца саскрэбваць, а самі помнікі, аказваецца, рэгулярна купаюць.

(Малады чалавек: ) “Мы аднойчы гулялі па горадзе, і раніцаю, так сьмешна было, пад’ехала машына й пачалі мыць Калініна. Ён стаіць, дык нешта накшталт шампуню вылілі на яго, пырскі кругом... Быццам і людзкае нешта -- душ чалавек прымае.

(Карэспандэнтка: ) “А што, раней нэгатыўнае стаўленьне да помніка было?”

(Малады чалавек: ) “А ніякае. Занадта ён высока стаіць...”

(Карэспандэнтка: )“Як і належыць правадыру...”

(Малады чалавек: ) “А мне лянота галаву задзіраць. Небажыхары! Я б зусім не падпісваў прозьвішчаў. Адно слова “герой” – на пастамэнце. (рогат) І няхай хто хоча, той сваім героем і лічыць”.

Вось так дасьціпна вырашыў малады чалавек праблему: раз кожная эпоха нараджае сваіх герояў, дык што рабіць са старымі? Калі гэтую ідэю скарыстаць, ня будзе праблемы й з паэтамі. Бо, на жаль, іх часта проста не пазнаюць: дзе які? Беларускія экскурсаводы стараюцца зьмяніць сытуацыю.

(Экскурсавод: ) “Пасьля невялікае экскурсіі па купалаўскім парку мы праяжджаем далей і паказваем скульптуру Максіма Багдановіча. І ў экскурсантаў гэтыя два імёны разводзяцца. Яны “разумеюць”, што гэта не адна асоба...” (сьмех)

А пра армянскіх экскурсаводаў ёсьць показка. Каля помніка Пушкіну адзін зь іх сказаў: “А вось вялікі армянскі паэт Газон Засеян!”. Зухавата прачытаная шыльдачка аб пасеянай навокал траве азначала, відаць, непераможнасьць нацыянальнае ідэі…

Увогуле, надпісы варта чытаць менавіта на пастамэнтах. І гэтаксама варта памятаць: калі помнікі выкарыстоўваюцца вамі як арыенцір, не спазьняйцеся на сустрэчы! Бо можна разьмінуцца: не засьпееце на месцы якой-небудзь пастаўленай “на вякі” скульптуры… Напрыклад, у Круглым сёлета, 25-га траўня, дэмантавалі помнік Леніну... Або такі факт: на цяперашняй плошчы Свабоды ў Менску ў 1900 годзе зьявіўся бюст Аляксандру ІІ, а ў 1917-м яго зьнішчылі й замянілі на помнік салдату рэвалюцыі. Толькі й гэты прастаяў нядоўга. А грандыёзны помнік Сталіну на цяперашнім Кастрычніцкім пляцы ў Менску перажыў яго самога ўсяго на 8 гадоў. Зрэшты, прычына тут не ў асобах, а – паводле культуроляга й псыхоляга Эдуарда Дубянецкага – у архетыпах.

(Дубянецкі: ) “Архетыпы зьяўляюцца ўнівэрсальнымі вобразамі, якія перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Маці-зямля, бог, мудры стары чалавек, ваяр... Калі браць пад увагу шматлікія помнікі, пастаўленыя ў савецкі час правадырам ад Леніна да Брэжнева, дык можна сказаць, што ў гэтых помніках увасабляецца архетып мудрага старога чалавека. Лічылася, што кіраўнікі камуністычнае партыі – вельмі мудрыя, нясуць толькі сонца, шчасьце...”

Ідэя пра архетыпы належыць вядомаму швайцарскаму псыхолягу й філёзафу Карлу Густаву Юнгу. А Вацлаў Ластоўскі некалі прыдумваў новыя словы. Відаць, прадставіць Крывальцэвіча... і ўвогуле прадстаўляць людзей перад тым, як яны гавораць?

(Крывальцэвіч: ) “Слова “балван”... Таго, хто моліцца на ідалаў, Ластоўскі называў "балванхвальцам". Нейкая абразьлівасьць да тых, хто моліцца не на тых багоў. Прыходзіў час, і ідалаў скідалі з абрываў рэк, тапілі”.

У 988 годзе, калі кіеўскі князь Уладзімер прыняў хрысьціянства, па Дняпры паплыў зрынуты драўляны пантэон – Пярун, Дажбог, Стрыбог. Нэафіты беглі тады сьледам і папіхалі старых багоў кіямі, каб тыя не прысталі да берагу… У 1964-м, таксама ў рацэ, знайшлі й каменнага шклоўскага ідала.

(Крывальцэвіч: ) “Шклоўскі ідал мае індывідуальныя асаблівасьці, вылучаецца зь іншых рысамі. Рысы твару... Настаўнікам нават забаранялі гаварыць “шклоўскі ідал”. І тым, хто ствараў падручнікі, загадвалі не пісаць “шклоўскі ідал”, бо такія відавочныя асацыяцыі ўзьнікалі. Прымушалі людзей пісаць “славянскае божышча, якое знойдзена каля Шклова”.

Скульптуры колішніх багоў называліся таксама балванамі, каменнымі бабамі, кумірамі, ёлупамі... Ну, і ідаламі. Паводле энцыкляпэдыі, гэта статуя, якой пакланяліся. Ідалы й помнікі, такім чынам, адносяцца да манумэнтальнай скульптуры. Толькі ідалаў чамусьці тапілі, а помнікі не ленаваліся часам цягнуць на гарышча.

(Запрудзкі: ) “Дзядок-камуніст жыве ў маёй вёсцы. І неяк ён кажа: “У мяне на гарышчы – сколак гісторыі”. Даў мне ліхтарык, я па драбіне ўзьняўся... Сколкам гісторыі быў гіпсавы бюст Сталіна. Яго павінны былі разьбіць і ўтылізаваць. Ну, а паколькі яго бацька быў камуніст, ён сам камуніст, ён завалок яго на гарышча”.

(Спадарыня:) “Раней у кожным парку стаяла “Дзяўчына зь вяслом”. Сымбаль цэлае эпохі. “Выдатніца, спартсмэнка й проста прыгажуня!” А цяпер вось нейкая “Незнаёмка” ці, яшчэ лепей, “Баба зь семкамі”. Нейкі валацуга просіць прыкурыць... Гэта што, сымбалі цяперашняе эпохі?”

Дзівака з цыгарэтаю ды іншыя пэрсанажы проста з жыцьця ўвасобіў у Менску скульптар Жбанаў. Фігуркі гэтыя, як кажуць, кантактныя, бо стаяць зусім побач. Зь імі можна павітацца, але й паламаць іх прасьцей. Парасон у дзяўчынкі ў Міхайлаўскім сквэры ламалі ўжо чатыры разы. Зрэшты, і знакамітую Русалачку, якая стала сымбалем Даніі, разбуралі ня раз. А скульптар Жбанаў лічыць, што прыгажосьць выратуе сьвет, і мае намер перавыхаваць вандалаў.

(Жбанаў: ) “Я працягваю працу над скульптурай дзяўчыны, што чакае з фронту на пэроне вакзалу. Вы прыяжджаеце – вас сустракае зь цягніка такая бронзавая дзяўчына. Ёсьць задума зрабіць пірата Джона Сыльвэра, з выцягнутай рукой, на мыліцах. Пірацтва – цікавая рэч, тым больш у нас цяпер паўсюль... Трэба ім сымбаль паставіць – сапраўднага пірата. У мяне былі думкі зрабіць і канатаходца над горадам. Я б наагул ажуры рабіў, калі б не вандалізм. Калі б мастакам на адзін дзень далі горад, мы заўтра прачнуліся б у казачным горадзе”.

Скульптуры Жбанава найбольш падобныя да лялек. Тых, як вядома, часьцей робяць для малых. Але дзеці – людзі жорсткія, таму лялькі бедныя нават у казачным горадзе. Да таго ж дзіцячы ўзрост чалавецтва, цьвердзяць навукоўцы, зацягваецца…
XS
SM
MD
LG