Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі бізнэс сыходзіць зь Беларусі, а польскія тавары ў Беларусь прыходзяць


Юлія Шарова, Менск Польска-беларускія гандлёва-эканамічныя стасункі за апошні год значна актывізаваліся. Летась таваразварот паміж дзьвюма краінамі вырас на 60%. Але пры гэтым польскія інвэстары ня надта імкнуцца ў Беларусь. Гэта канстатуюць удзельнікі выставы “Бізнэс-Польшча-2004”, якая гэтымі днямі праходзіць у Менску.

Беластоцкая фірма “Язон” прывезла на выставу ў Менск рознага кшталту абсталяваньне для дарожнага будаўніцтва. Прадстаўнік фірмы Валенты Стрэльчук гаворыць, што апошнім часам польскі бізнэс вельмі зацікаўлены ў наладжваньні сувязяў зь Беларусьсю і лічыць мясцовы рынак вельмі пэрспэктыўным.

(Стрэльчук: ) “Думаю, што нічога не замінае, каб з году ў год было лепей. І думаю, што недзе атрымаецца знайсьці такую фірму ў Менску, якая занялася бы продажам нашай прадукцыі. Я ўжо ўчора размаўляў зь дзьвюма гандлёвымі фірмамі, яшчэ з адной сустрэнуся. То, можа, нешта атрымаецца”.

Літаральна ўсе польскія бізнэсмэны, зь якімі я пагутарыла на выставе, прыехалі сюды менавіта шукаць спосабу для збыту сваёй прадукцыі. Рэгістраваць тут гандлёвае прадстаўніцтва ці разгортваць у Беларусі вытворчасьць ня хоча ніхто. Гандаль, а не інвэставаньне — гэта стандартны шлях для польскіх прадпрымальнікаў тут, лічыць прадстаўніца фірмы “Гарсэня” Аляксандра Рогат.

(Рогат: ) “Польшча мае вялікі шанец першай заняць сваё месца на беларускім рынку. Заходнія фірмы быццам бы баяцца, ня ведаюць яшчэ беларускага рынку. У Заходняй Эўропе кошты вытворчасьці нашмат вышэйшыя за польскія. Магчыма, яны мяркуюць, што ня варта займацца беларускім рынкам, ён ім занадта бедным падаецца. А ў Польшчы кошты вытворчасьці не такія вялікія”.

Такі наплыў польскіх тавараў на беларускі рынак невыпадковы: сёлета з пашырэньнем Эўразьвязу рынак заходняй суседкі стаў адкрытым для эўрапейскіх вытворцаў. Таму тамтэйшы бізнэс вырашыў пайсьці на Ўсход са сваёй прадукцыяй. Летась таваразварот паміж Беларусьсю і Польшчай перавысіў 780 мільёнаў даляраў.

У той жа час, паводле афіцыйнай статыстыкі, за мінулы год Беларусь пакінула 191 польскае прадпрыемства. Інвэставаць сюды нявыгадна, лічыць дырэктар фірмы “Вэфа Плястык” Багуслаў Навакоўскі.

(Навакоўскі: ) “Цяжкі рынак. Няма гандлёвай сеткі, празь якую можна прасоўваць тавар. Занадта шмат фармальнасьцяў: сэртыфікатаў, ліцэнзіяў, дазволаў. Такое нідзе болей не сустракаецца. Сапраўды цяжкі рынак”.

Спадар Навакоўскі таксама сказаў, што польскі рынак для беларусаў адкрыты. Дарэчы, праз год у Варшаве плянуецца зладзіць падобную выставу для беларускіх фірмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG