Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У агульнаадукацыйных школах пачаліся выпускныя экзамэны


Галіна Абакунчык, Менск Ад 1 чэрвеня ў выпускнікоў агульнаадукацыйных і базавых школаў, а таксама гімназіяў і ліцэяў краіны распачаліся выпускныя экзамэны. Сёлета па-беларуску іх будуць здаваць толькі 22% ад агульнай колькасьці школьнікаў. Але і выпускнікі расейскамоўных школаў таксама дэманструюць добрае веданьне роднай мовы. Тым ня менш, далейшае навучаньне ўсе яны будуць вымушаныя працягваць толькі на расейскай мове, паколькі ў Беларусі няма ніводнай нацыянальнай ВНУ.

Менская гімназія-ліцэй №23 — цалкам расейкамоўная навучальная ўстанова з паглыбленым вывучэньнем ангельскай і нямецкай моваў. Але выпускнікі 9-х клясаў, якія сёньня здавалі першы іспыт-дыктоўку па расейскай мове, з карэспандэнткай Свабоды ахвотна размаўлялі па-беларуску.

(Карэспандэнтка: ) “Баіцеся іспытаў?”

(Выпускніца: ) “Так, баюся. Больш за ўсё гісторыі Беларусі, бо вельмі шмат матэрыялу трэба вывучыць, а кніжка яшчэ не адкрывалася нават”.

(Карэспандэнтка: ) “А беларускай мовы баіцеся ці не?”

(Выпускніца: ) “Не, не баюся, бо яна для мяне вельмі лёгкая”.

(Карэспандэнтка: ) “Як ваш настрой?”

(Выпускнік: ) “Усё добра, і настрой добры”.

(Карэспандэнтка: ) “На якія адзнакі разьлічваеце?”

(Выпускнік: ) “На 7–9”.

(Карэспандэнтка: ) “Якога іспыту баіцеся вы?”

(Выпускнік: ) “Па нямецкай мове”.

(Карэспандэнтка: ) “А па беларускай?”

(Выпускнік: ) “Не. Беларускую мову ведаю добра: за чвэрць дзявятку меў. Таму лічу, што напішу добра”.

Паводле намесьніцы дырэктара Натальлі Дзераклеевай, школьнікі выдатна засвойваюць усе мовы, якія вывучаюцца ў гімназіі, а ў гарадзкіх конкурсах па беларускай нават выходзяць пераможцамі. Чаму ў ліцэі не паўстае пытаньня пра беларускую мову навучаньня, спадарыня Дзераклеева патлумачыла наступным чынам:

(Дзераклеева: ) “Быў жа такі пэрыяд, калі ўводзілі беларускую мову, і гэта было вельмі добра. Але што адбылося потым? Дзеці прыйшлі ў ВНУ, і зь іх пачалі сьмяяцца. Некаторыя настаўнікі гэтаксама патрабавалі, каб зь імі размаўлялі па-расейску, што яны не жадаюць, каб зь імі размаўлялі па-беларуску. Вы разумееце, што для дзіцяці гэта стрэс, і гэта безумоўна паўплывае на іхныя адзнакі”.

З гэтым меркаваньнем, аднак, ня згодныя ў беларускай гімназіі № 24. Мова навучаньня ня можа быць перашкодай для добра падрыхтаваных выпускнікоў — заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода дырэктарка гімназіі Ніна Нікіціна.

(Нікіціна: ) “Мяне больш за ўсё закранае, калі пачынаюцца размовы пра тое, што гэтая мова непэрспэктыўная. Мова ня можа быць пэрспэктыўнай альбо непэрспэктыўнай, гэта чалавек можа быць пэрспэктыўным альбо не. І сёньня мы не павінныя палохаць выпускнікоў, што вы не паступіце ў ВНУ, альбо там ня будзе выкладчыкаў. Мы пачыналі з таго, што з нашай гімназіі ў ВНУ паступалі крыху больш за 30% выпускнікоў, а цяпер больш за 70%. І пачыналі мы з таго, што набіралі ў школу па 100 чалавек, а цяпер па 300. Сёньня 1 чэрвеня, а ў нас адна падрыхтоўчая кляса ўжо ёсьць”.

І тым ня менш, грамадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ўжо ня першы год змагаецца за адкрыцьцё ў Беларусі нацыянальнай ВНУ. Пакуль безвынікова, — кажа намесьнік старшыні таварыства Сяржук Кручкоў:

(Кручкоў: ) “З Нацыянальным унівэрсытэтам ніяк справа зь месца ня зрушылася. Сабралі мы больш за 55 тысяч подпісаў, але, як казаў нам адзін зь дзяржаўных чыноўнікаў, гэта справа палітычная, і цяпер яна ніяк ня вырашыцца. Чаго можна дамагацца — гэта стварэньня адмысловых плыняў, патокаў і групаў у ВНУ. Але і гэтага пакуль ня робіцца. Натуральна, што зьменіцца час, і некалі гэта атрымаецца”.

Паводле кіраўніцтва ТБМ, моўнае становішча сытэмы адукацыі будзе зьмененае тады, калі да кіраўніцтва прыйдуць нацыянальна сьвядомыя, беларускамоўныя чыноўнікі. Сёньня міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў вітаў выпускнікоў школаў з пачаткам экзамэнаў па-расейску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG