Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты зьнішчылі ўлёткі кааліцыі “5+” яшчэ да суду


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні разглядалася адміністрацыйная справа Ўладзімера Чырвоненкі — кіраўніка абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Міліцыя затрымала ягоны мікрааўтобус з улёткамі Кааліцыі “5+”. Улёткі зьнішчылі яшчэ да суду, а У. Чырвоненку абвінавачваюць у непадпарадкаваньні міліцыі, паколькі ён не даваў адчыніць машыну без панятых і складаньня пратаколу.

Пратакол усё ж міліцыянты склалі — пасьля таго, як адчынілі машыну і пералічылі колькасьць улётак — амаль 7 тысяч. Пратакол быў складзены якраз наконт затрыманьня ўлётак. Я сам прысутнічаў тады на месцы здарэньня, калі зачытвалі пратакол. Гэта было яшчэ 7 красавіка ў 21.40 — побач з польскім консульствам.

На першым паседжаньні суду 26 траўня прадстаўнік міліцыі сьцьвердзіў, што ўлёткі яны зьнішчылі. У міліцыі склалі заднім чыслом іншы пратакол — наконт непадпарадкаваньня міліцыянтам. Прадстаўнік Уладзімера Чырвоненкі Андрэй Кусяльчук хадайнічаў у судзе, каб справу спынілі, а канфіскаваныя ўлёткі вярнулі. Толькі 31 траўня зьявілася экспэртнае заключэньне наконт зьнішчаных улётак.

(Кусяльчук: ) “Супрацоўнікі міліцыі занепакоіліся тым, што яны павінны будуць надрукаваць зьнішчаныя ўлёткі, таму ў справе зьявіліся, па-першае, незаконны пратакол догляду аўтамабіля Чырвоненкі, а таксама заключэньне галоўнага гарадзенскага ідэоляга спадара Амелькі. Ён мяркуе, што ў дадзенай улётцы “высоўваюцца неабгрунтаваныя эканамічныя папулісцкія патрабаваньні да органаў улады. Распаўсюджваньне такога роду патрабаваньняў можа прывесьці да палітычнай нестабільнасьці і нанесьці шкоду дзяржаўнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь”.

Наступнае паседжаньне па справе Ўладзімера Чырвоненкі адбудзецца пасьлязаўтра.
XS
SM
MD
LG