Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 2 чэрвеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 2 чэрвеня.

“Камунар Магілеўшчыны”, 1934 год:

“Першы ўсебеларускі з’езд совецкіх пісьменнікаў адкрыецца ў Менску 8 чэрвеня. У парадку дня даклад старшыні оргкамітэта ССПБ тав.Клімковіча “Совецкая літаратура БССР за 15 год” і судаклады аб драматургіі, прозе, паэзіі, дзіцячай літаратуры, абарончай літаратуры, яўрэйскай, польскай, літоўскай совецкай літаратуры, даклад тав.К.Чорнага аб творчасці маладых пісьменнікаў, выбары кіруючых органаў саюза і выбары дэлегатаў на ўсесаюзны з’езд совецкіх пісьменнікаў. У рабоце з’езда, які працягнецца 6–7 дзён, прыме ўдзел каля 150 дэлегатаў”.

“ЛіМ”, 1964 год:

“Пісьменнік С.Смірноў перадаў музею Брэсцкай крэпасці архіў, які ён сабраў у час пошукаў герояў абароны цытадэлі. Гэта 73 папкі з пісьмамі, 60 сшыткаў і блакнотаў. “Патрыятычная ініцыятыва працоўных Беларусі пабудаваць помнік героям Брэста на народныя сродкі, — заявіў пісьменнік, — безумоўна знойдзе гарачы водгук не толькі ў вашай рэспубліцы, але і ва ўсёй краіне”. Пісьменніку была ўручана Ганаровая грамата Прэзыдыума Вярхоўнага Савета БССР”.

“Могилевские ведомости”, 1994 год:

“Як сьведчаць дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, поруч з інтарэсам да палітычных поглядаў, фактаў працоўнай біяграфіі, трэцяе месца ў герархіі інтарэсу жыхароў Магілёўшчыны да кандыдатаў на прэзыдэнцкае крэсла заняло імкненьне ведаць іх крыніцы даходаў. Зыходзячы з гэтага, “Могилевские ведомости” зьвяртаюцца да Лукашэнкі, Кебіча, Пазьняка, Дубка, Новікава і Шушкевіча з просьбай прадаставіць рэдакцыі поўную, праўдзівую і шчырую інфармацыю аб крыніцах даходаў”.
XS
SM
MD
LG