Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У краіне Ігната Дамейкі


Ганна Сурмач, Прага

Тацяна Дамінікоўская зь Менску мусіла ехаць у Маскву, каб ажыцьцявіць сваю задуму паехаць у Чылі. Консульства гэтай краіны ў Беларусі няма, бо мала хто зь беларускіх грамадзянаў адважваецца падарожнічаць у гэтую далёкую краіну, якая вузкай паласою расьцягнулася на паўднёва-заходнім ўзбярэжжы Паўднёвай Амэрыкі.

(Дамінікоўская: ) “Калі мы прыйшлі рэгістравацца, кажуць: "Тацяна, будзеш у нашым рэгістры пад нумарам сем".

Тацяну Дамінікоўскую зарэгістравалі ў Чылі як сёмага грамадзяніна Беларусі, які перасёк межы краіны.

(Сурмач: ) “Сп. Тацяна, а хто тыя першыя шэсьць?”

(Дамінікоўская: ) “Мусіць, нейкая група ёсьць на поўначы, там, дзе прадаюць нашыя БЕЛАЗы і трактары "Беларусь”. Беларусаў няма, на жаль, таму і сумую я тут. Няма з кім паразмаўляць па-беларуску”.

У сучасных чылійскіх рэгістрах, пэўна, няма імя беларуса Ігната Дамейкі, якога варта было б навечна зарэгістраваць пад нумарам 1. Удзельнік паўстаньня 1831 году, ён вымушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну і ў 1838 годзе прыехаў у Чылі. Арганізаваў там шырокае вывучэньне мінэралёгіі і геалёгіі краіны. Ягоным імем названы мінэрал, а таксама хрыбет у Андах, порт. Ігнат Дамейка быў абвешчаны нацыянальным героем Чылі.

(Сурмач: ) “Сп. Тацяна, як сёньня чылійцы ўспамінаюць Ігната Дамейку?”

(Дамінікоўская: ) “Канечне, чылійцы ведаюць, застаўся ён на мапе Чылі ў многіх месцах. Тут ён ўжо не Ігнат, а Ігнасіо. У музэі гісторыі ёсьць помнік яму. Шануюць вельмі яго памяць. Яны тут лічаць, што гэта – паляк. Нам, беларусам, трэба болей распавядаць усяму сьвету пра нашых герояў, што яны беларусы, а не палякі і не расейцы”.

Так што ў беларусаў ёсьць свае асаблівыя сувязі з Чылі. Але пра гэта, падобна, ведаем толькі мы самі, бо і муж Тацяны, чыліец Хуан Карлас таксама толькі ад яе даведаўся, што Ігнат Дамейка родам зь Беларусі.

Тацяна апынулася ў Чылі на запрашэньне свайго будучага мужа Хуана Карласа, кампутарнага праграміста па прафэсіі. Хуан Карлас звык быць з кампутарам ня толькі на працы, але і ў вольны час, падарожнічаў па Інтэрнэтце, наведваў розныя чаты. Тацяна скончыла ў Менску інстытут замежных моваў, добра валодае ангельскай і гішпанскай мовамі. Яна таксама часта наведвала інтэрнэтныя старонкі.

(Дамінікоўская: ) “Многія зараз знаёмяцца, знаходзяць свой лёс праз Інтэрнэт. Так мы і пазнаёміліся праз чат, завязалася нейкая размова, пачалі ліставацца, быў нейкі кантакт вельмі душэўны. Я ведала гішпанскую мову, і гэта нас адразу неяк зблізіла. Яго заўсёды сапраўды цікавіла маё жыцьцё, жыцьцё маёй краіны, маёй сям''і”.

Урэшце маладыя людзі вырашылі сустрэцца.

(Дамінікоўская: ) “Прайшоў год, і ён прыехаў, ён прыехаў у Польшчу. Мы сустрэліся зь ім у Варшаве і зразумелі, што гэта і ёсьць лёс. Паехалі тады паглядзець Кракаў, а потым я ўжо прывезла яго ў Беларусь. У Варшаве яму рабілі візу. Ён калі прыехаў, была зіма, у Беларусі той сьнежань быў на дзіва сьнежны, усё было белае, маразы стаялі такія, што і для нас было непрывычна. Апраналі яго цёпла, так і хадзіў. Вельмі яму спадабалася, асабліва людзі, замкі. Мы вазілі яго ў Мір, у Нясьвіж. Уражаньні аб Беларусі ў яго былі вельмі добрыя. Спадабаўся ён маёй маці, вельмі спадабаўся маім сёстрам таксама”.

Далей Тацяна і Хуан Карлас ужо вырашылі сустрэцца на ягонай радзіме, у Чылі.

(Дамінікоўская: ) “Прайшло 8 месяцаў, і я прыляцела ў Сант’яга, тут мяне ўжо чакаў Хуан Карлас, і так пачалося маё чылійскае жыцьцё”.

Цяпер маладая сям’я жыве ў Сант’яга, сталіцы краіны, там жыве больш за 4,5 мільёны жыхароў. Нядаўна ён прызнаны самым бясьпечным горадам Паўднёвай Амэрыкі.

(Дамінікоўская: ) “Сант’яга – гэта мегаполіс, вельмі вялікі горад. Гэта горад, у якога шмат абліччаў – ёсьць частка, дзе працуюць бізнэсоўцы, частка, там дзе жыве сярэдні кляс, раёны, дзе жывуць бедныя людзі, розьніца паміж гэтымі раёнамі вельмі вялікая, вельмі вялікая сацыяльная розьніца паміж рознымі клясамі. Самае цікавае, напэўна (куды ходзяць усе турысты), гэта ёсьць такая гара ў цэнтры гораду, на якой стаіць высачэзная скульптура Маці Божай Марыі. Як над Рыа-дэ-Жанэйра стаіць Ісус Хрыстос з рукамі раскінутымі, як бы абдымаючы горад, так і над Сант’яга стаіць Дзева Марыя”.

(Сурмач: ) “Што вам падабаецца ў гэтай краіне?”

(Дамінікоўская: ) “Самае сьмешнае (калі толькі прыехала), дык гэта тое, што па вуліцы нельга было хадзіць... Ды і зараз так. Спачатку было нязвыкла, як гэта незнаёмыя мужчыны робяць камэнтары табе, камплімэнты. А потым ужо так прывыкла, што часам ідзеш па вуліцы, і калі ніхто нічога ня кажа, думаеш – што сталася, можа сёньня прычоска ня тая. Чылійцы – яны такія, яны вельмі шануюць жаночую прыгажосьць. Нам, беларусам, у Чылі вельмі падабаецца клімат. Вельмі шмат сонца, шмат блакітнага неба, шмат уражаньняў, таму што краявіды тут цудоўныя, акіян, пляжы. Краіна ўнікальная ў тым сэнсе, што ў Чылі ёсьць амаль усе кліматычныя ўмовы, якія толькі існуюць на нашай плянэце. Калі ёсьць магчымасьць вандраваць па краіне, тут можна ўбачыць усё, што толькі можна пабачыць па цэлым сьвеце. Зараз у нас тут восень, ужо холадна, у нас, як у Аўстраліі, паўднёвае паўшар''е”.

(Сурмач: ) “У паўночных і цэнтральных раёнах краіны, дзе шмат сонца, добра высьпявае вінаград, і тамтэйшыя віны набылі славу па цэлым сьвеце. Тацяна, якія віны лічацца лепшымі, і якія гатункі пераважна ўжываюць самі чылійцы?”

(Дамінікоўская: ) “Добрыя віны – усе. Больш за ўсё людзі купляюць "Гатто" , гэта па-гішпанску "Котка". Таксама "Сантарытта", "Ундуррага", віна маркі "Торры", "Тарапака”.

(Сурмач: ) “Вы ўжо маеце там працу?”

(Дамінікоўская: ) “Так , я працую. Спачатку я выкладала ангельскую мову, а потым пачала працаваць, як камэрцыйны агент кампаніі, якая займаецца тым, што шукае для буйных кампаніяў прафэсіяналаў на часовую працу, на выкананьне нейкіх праектаў”.

(Сурмач: ) “Хочацца распытаць у Вас, сп. Тацяна, і пра тыя палітычныя катаклізмы, што перажыла краіна. Які сьлед пакінула дыктатура Піначэта ў гісторыі Чылі? Вядома, што 88-гадовы генэрал жыве зараз на радзіме. Як увогуле сёлета ставяцца да яго асобы?”

(Дамінікоўская: ) “Як да хворага чалавека, які ўжо немалады. Чылійцы неяк прыйшлі да такой высновы, што трэба ўсё гэта пахаваць у сабе, увесь гэты нэгатыў, усё што перажылі, і трэба рухацца наперад. Урад Сальвадора Альендэ – гэта быў першы ўрад камуністычна-сацыялістычны, які прыйшоў да ўлады бяз гвалту, не было ніякай рэвалюцыі, нічога не было, яны перамаглі ў выніку выбараў. Тое, што адбылося цягам 1000 дзён праўленьня Альендэ, яны лічаць сабатажам. Сытуацыя была жудасная. Яны распавядаюць, што не было амаль што нічога. Настолькі было цяжкае жыцьцё, што калі зьмянілася ўлада, многія былі нават і радыя. Калі здарыўся гэты путч, калі хунта прыйшла да ўлады, пасьля гэтага, кажуць, літаральна на наступны дзень усё зьявілася – прадукты, рэчы, усё, чаго не хапала раней. І, канечне, да гэтага часу грамадзтва падзеленае на дзьве групы. Тыя, хто падтрымвае Піначэта і кажа, што ён захаваў эканоміку краіны – гэта людзі багатыя. А ў насельніцтва, якое мае значна менш, да гэтага часу вельмі папулярныя ідэі камунізму. Тут існуе кампартыя, і яна мае падтрымку, скажам, значнай групы насельніцтва”.

(Сурмач: ) “Генэрал Піначэт адыйшоў ад улады ў 1990 годзе, што сёньня ўяўляе сабою краіна, які цяпер урад?”

(Дамінікоўская: ) “Пры ўладзе сацыялісты. Шмат чаго было зроблена ў гэтыя гады. Чылійцы іх ацэньваюць пазытыўна. Многае было зроблена для сацыяльных гарантыяў, прынятыя новыя законы, эканоміка краіны становіцца ўсё лепей і лепей. Чылійцы жывуць усё лепей і лепей”.

(Сурмач: ) “Як можна параўнаць узровень жыцьця з беларускім?”

(Дамінікоўская: ) “Трошкі вышэйшы, цэны таньнейшыя, усё каштуе значна менш, а заробкі вышэйшыя. Усё вельмі стабільнае, тое, чаго няма ў Беларусі. Тут усё стабільнае, ёсьць гарантыі. Той, хто хоча займацца сваім бізнэсам, для гэтага ёсьць усе ўмовы. Чылі зараз ва ўсёй Лацінскай Амэрыцы як фарпост, яна займае першае месца па ўзроўні эканамічнага росту. Чылійская эканоміка лічыцца зараз самай стабільнай ва ўсёй Лацінскай Амэрыцы. У мінулым годзе быў падпісаны кантракт аб свабодным гандлі з ЗША, падпісалі з азіяцкімі краінамі. Многія буйныя міжнародныя кампаніі ў Чылі пераносяць свае прадпрыемствы. Пайшоў вельмі актыўны працэс, нават бум. Так што Чылі зараз на такім піку свайго эканамічнага раьвіцьця знаходзіцца. Чылі – гэта буйнейшы вытворца медзі ў сьвеце. Яны вельмі багатыя прыроднымі рэсурсамі. Многа экспартуюць аграпрадукцыі, тыя ж віны”.

(Сурмач: ) “Сп. Тацяна, а ў сэнсе палітычным, якою стала краіна за гэтыя 13 гадоў пасьля дыктатуры?”

(Дамінікоўская: ) “Краіна стала дэмакратычнай, вядома, заўсёды ёсьць партыі, якія сьцьвярджаюць, што не хапае дэмакратыі. Ёсьць свабода слова. Я, як гляджу сваімі беларускімі вачыма, дык, канечне, усё гэта нельга параўнаць з тым, што адбываецца ў Беларусі з дэмакратычнымі свабодамі. 17 гадоў доўжылася кіраваньне Піначэта, але муж кажа, што яны заўсёды змагаліся, а беларусы не змагаюцца...”

За час кіраваньня Піначэта было забіта і зьнікла каля 3 тыс чалавек, многія былі кінуты ў турмы. Днямі чылійскі суд пазбавіў генэрала судовай недатыкальнасьці, якой ён карыстаўся як былы прэзыдэнт. Гэта азначае, што можа быць пачаты судовы працэс над былым дыктатарам за злачынствы рэжыму. Дарэчы, сёньня ў Чылі дзейнічае закон, паводле якога прэзыдэнт краіны можа абірацца толькі на адзін тэрмін – на 4 гады.

(Сурмач: ) “Не зьбіраецеся, часам, перасяліцца разам у Беларусь?”

(Дамінікоўская: ) “Часам бывае, што думаем і пра гэта. Можа нейкі бізнэс сумесны зрабіць паміж Чылі і Беларусьсю, тады можна будзе жыць у Беларусі і ў Чылі. Калі ў Беларусі зіма, дык у Чылі лета. Канечне, я вельмі сумую па сваёй сям''і, па сваіх сябрах”.

Пад час нашай размовы дома быў і Хуан Карлас, ён таксама пажадаў узяць удзел у нашай перадачы.

(Хуан Карлас гаворыць па-гішпанску)

(Дамінікоўская: ) “Беларускія жанчыны цудоўныя, кажа. Таму я перасёк Атлянтычны акіян, шукаючы адну зь іх”.

(Зноў гаворыць Хуан Карлас)

(Дамінікоўская: ) “Ён сказаў, што запрашае ўсіх беларусаў наведаць Чылі, асабліва жанчынаў і дзяўчат. Таму што для чылійскіх мужчынаў гэта было б найлепшым падарункам лёсу. Перадаў прывітаньне ўсім знаёмым у Беларусі”.
XS
SM
MD
LG