Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальны хуткі пераход на альтэрнатыўныя віды энэргіі?


Ганна Соусь, Прага З нагоды найвялікшага за 20 гадоў скачка цэнаў на нафтавых рынках у сьвеце павялічваецца цікаўнасьць да выкарыстаньня альтэрнатыўных відаў паліва – энэргіі ветру, сонца ды іншых. Гэта стала тэмай міжнароднай канфэрэнцыі ў Нямеччыне, прысьвечанай прасоўваньню аднаўляльных энэргетычных рэсурсаў.

Час для правядзеньня канфэрэнцыі ў Нямеччыне на тэму альтэрнатыўных відаў энэргіі быў абраны як мага лепш. Чатырохдзённая канфэрэнцыя была заплянавана яшчэ ў 2002 годзе па выніках Усясьветнага саміту на тэму ўстойлівага разьвіцьця ў Яганэсбургу. І арганізатары нават і не прадбачылі, што канфэрэнцыя прыпадзе на цяперашні пярэпалах на сусьветных нафтавых рынках, калі цана на нафту дасягнула рэкордна высокага ўзроўню за 20 гадоў – больш за 40 даляраў за барэль. І каб паменшыць нафтавую залежнасьць, патрэбна больш выкарыстоўваць энэргію сонца, ветру і мора.

Нямецкі міністар навакольнага асяродзьдзя Джуэрджэн Трайцін, адкрываючы сёньня канфэрэнцыю, казаў пра тое, што надышоў час зрабіць адпаведныя крокі ў гэтым кірунку.

(Трайцін: ) "Тут, у Боне, задача палягае ня ў тым, каб рабіць агульныя дэклярацыі. Галоўная мэта канфэрэнцыі – у практычных дзеяньнях. Мы павінны паскорыць выкарыстаньне аднаўляльных энэргетычных рэсурсаў. Тут, на гэтай канфэрэнцыі, мы павінны сапраўды сур’ёзна да гэтага паставіцца. Мы павінны пашырыць выкарыстаньне ў сьвеце аднаўляльных энэргетычных рэсурсаў з тым, каб супрацьстаяць глябальнаму зьбядненьню, глябальнаму пацяпленьню. Зробім гэта рэальнасьцю.”

У канфэрэнцыі бяруць удзел каля 2 900 дэлегатаў, у тым ліку міністры і кіраўнікі ўрадаў са 118 краінаў сьвету.

Большая частка нафты ў сьвеце здабываецца ў краінах Пэрсыдзкай затокі і Блізкага Ўсходу, дзе існуе рэальная пагроза тэрарыстычных нападаў. Прыхільнікі альтэрнатыўных відаў паліва адзначаюць, што іх выкарыстаньне можа паменшыць залежнасьць энэргетыкі многіх краінаў сьвету ад сытуацыі ў такіх зьменлівых рэгіёнах, як Блізкі Усход. Напрыклад, пасьля захопу закладнікаў у Савудаўскай Арабіі ў мінулыя выхадныя цана за нафту павялічылася яшчэ на 1 даляр – амаль да 41 даляру за барэль сёньня.

Другі моцны аргумэнт на карысьць альтэрнатыўных відаў паліва палягае ў тым, што іх выкарыстаньне нязначна ўплывае на зьмену клімату. Скарыстаньне ж нафты і вугалю прыводзіць да глябальнага пацяпленьня клімату. Аднак скептыкі згадваюць, што ў сьвеце была гэткая ж рэакцыя на рост цэнаў на нафту ў палове 70 гадоў, калі пачалі казаць пра выкарыстаньне альтэрнатыўных відаў энэргіі. Сёньня аднаўляльныя энэргетычныя рэсурсы складаюць толькі 5,5 адсоткі ад ўсёй выкарыстанай энэргіі – практычна, столькі ж, колькі і ў 70-я гады. Міжнароднае Агенцтва энэргіі, якое базуецца ў Парыжы, адзначае, што аднаўляльныя энэргетычныя рэсурсы могуць адыграць істотную ролю ў скарачэньні нафтавай залежнасьці, а таксама ў ахове навакольнага асяродзьдзя, аднак для гэтага ўрады павінны укладаць больш сродкаў ў навуковыя дасьледаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG